Спектакль «Дзівакі», што з’явіўся ў яго афішы, заснаваны на апавяданнях Васіля Шукшына. Гэта само па сабе ўжо вызначае тэму: простыя людзі, вясковыя, крыху наіўныя, без гарадской фанабэрыстасці, але з натуральным чалавечым разуменнем таго, што добра, а што — дрэнна, са сваім адчуваннем каштоўнага і душэўнага. Можа, і сапраўды іх нехта назаве дзівакамі? Нездарма ж спектакль мае такую назву, а гледачоў звычайна прыцяг-ваюць цікавыя героі. Ды яшчэ інтрыга: у чым жа іх дзівацтва?
Усё залежыць ад таго, з якога пункту гледжання да іх падыходзіць. Калі з беларускага, то, здаецца, што людзі як людзі. Жывуць, працуюць на зямлі, — ну так, гэта само па сабе можа выглядаць дзівацтвам у час урбанізацыі (што адзначана ў Шукшына, які сам пакарыў сталіцу, але быў вельмі прывязаны да сваёй малой радзімы і ў творах нібыта каяўся перад ёй). Але ў Беларусі людзі на зямлі — гэта частка ладу жыцця, натуральная, зразумелая, абгрунтаваная. А вёска — апірышча для кожнага (у тым ліку для тых, хто яе даўно пакінуў), таму што ўсе хочуць есці і разумеюць, дзякуючы чаму і каму маюць хлеб. У нас хутчэй гараджане ў вачах вяскоўцаў незразумелыя асобы, якія маюць свае дзівацтвы. Гэта да таго, што ўспрыманне Шукшына і яго вясковых герояў можа розніцца ў залежнасці ад сістэмы каардынат і традыцый народа. Калі тэатр бярэцца за такі матэрыял, то, напэўна, разумее, для каго і дзеля чаго.
Рэжысёр Юрый Папоў, які нядаўна стаў мастацкім кіраўніком мінскага Новага тэатра, для першай сваёй пастаноўкі ў ім выбраў менавіта прозу Васіля Шукшына, якую добра ведае і ўжо ўвасабляў на сцэне, але ў расійскіх тэатрах (там яна мела поспех). У беларускім спектаклі «Дзівакі» ён выкарыстоўвае фактычна тыя ж апавяданні, у якіх раскрываецца шукшынскае ўспрыманне вясковай рэчаіснасці і людзей. Але адзін і той жа матэрыял у розных тэатрах можа ўспрымацца па-рознаму. Іншая трупа, акцёры з іншым успрыманнем таго ж самага дзівацтва.
Імпэту па яго ўвасабленні ў беларускай трупы хапіла. Вобразы Шукшына каларытныя, ёсць што іграць, каб раскрыць свае акцёрскія магчымасці.
У гэтым, напэўна, галоўная каштоўнасць спектакля «Дзівакі». Акцёры імкнуцца пражываць лёсы сваіх герояў — людзей з адкрытай душой і пэўнымі маральнымі прынцыпамі, якія, магчыма, не вельмі запатрабаваны ў нашым прагматычным свеце.
Напрыклад, бацька з навелы «Ігнаха прыехаў» прыкмячае, як змяніўся сын у горадзе побач з расфуфыранай прыгажуняй, нават гасцінцы не радуюць.
А часам у чалавека бываюць такія «душы парывы», як у героя навелы «Боцікі»: вялізныя грошы патраціў на падарунак каханай жонцы — элегантныя белыя чаравічкі, якія па брудных вясковых дарогах не надта і паносіш. А гераіня ў выніку радуецца, што муж праявіў клопат! Гэта ўсё так зразумела, па-чалавечы, ці то ў вёсцы, ці то ў горадзе. А вось Кольку з навелы «Жонка мужа ў Парыж праводзіла» і хочацца пашкадаваць, ды... Вясёлы балбатун, які задыхаецца ў горадзе са скупой жонкай, кідаецца на яе з сякерай за папрокі ў «вясковасці», вядома, іх шлюб гэта не ратуе (не ведаю, наколькі такое дзіўна)... Усё адносна — падумае беларускі глядач, у тым ліку і той, хто сам з вёскі. Нават у навеле пра Сцёпку, які амаль адседзеў за дробнае хуліганства, але так засумаваў па радзіме, што вырашыў збегчы і «наматаў» сабе значна большы тэрмін. Але пакуль ён дома — ва ўсіх радасць, таму трэба гуляць, а разбірацца ўжо давядзецца заўтра. На сцэне ўсё дакладна паводле Шукшына. . Іншая справа, што цяпер яго героі для нас — сапраўды дзівакі, а ў спектакль яны яшчэ нібыта прыйшлі з той эпохі, з той зямлі (самога аўтара) — гучаць фальклорныя спевы, якія разам з танцамі дадаюць дынамікі, хоць сама па сабе дзея не зацягнутая, усяго адзін акт на паўтары гадзіны.
Дарэчы, спектакль створаны не ў камедыйным ключы (чаго некаторыя чакаюць). Аўтары пастаноўкі вызначылі жанр як «паэтычная драма». Значыць, нешта рамантызуецца і апяваецца. І гэта найперш сам чалавек, здольны рабіць імпульсіўныя ўчынкі па волі сэрца, насуперак логіцы, дзеля таго, што лічыць правільным. Таму акцэнт — менавіта на акцёрах. Дэкарацый амаль няма, а тое сцэнічнае афармленне, што ёсць, выканана ў функцыянальным стылі, але з вобразным напаўненнем (дзякуй тэхналогіям, якія дазваляюць кавалкі тканіны ператварыць то ў сцены кватэры ці хаты, то ў лес ці маляўнічы краявід). Светлавыя рашэнні дазваляюць засяродзіцца на эмоцыях і ўнутраным свеце герояў. Ад іх не стамляешся, але часам здзіўляешся. Здаецца, што мы, сучасныя людзі, зусім не такія. І справа не ў горадзе ці вёсцы, а ў характары жыцця, якое змяняецца. Героі Шукшына — з іншай эпохі (што праўда, бо ён пісаў ў савецкі час), калі было больш пафасу і максімалізму, можа, таму спектакль у многіх гледачоў выклікае настальгічныя пачуцці, падобна старым фільмам. Але адлюстраваныя ў ім сітуацыі падштурхоўваюць да думак пра чалавечую псіхалогію і матывацыю. Бо людзі заўсёды хочуць, каб іх разумелі і любілі...
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота аўтара