Top.Mail.Ru

Роля літаратуры і кіно ў захаванні гістарычнай праўды

17.11.2025 | 18:02
у кадры — Памяць

У межах ХХХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у Доме літаратара адбыўся круглы стол «Вобразы Вялікай Перамогі ў літаратуры і кіно», прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая знайшла адлюстраванне ў яркіх і запамінальных літаратурных і кінематаграфічных сюжэтах. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў, рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Яўген Арэндарэвіч, супрацоўнікі аддзела экранных мастацтваў цэнтра навуковых даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, супрацоўнікі Музея гісторыі беларускага кіно, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і іншыя Нагодай для правядзення мерапрыемства стаў выхад навукова-папулярнай кнігі «Глядзі і помні: Вялікая Айчынная вайна ў беларускім кіно» (выдавецтва «Беларусь») загадчыцы аддзела экранных мастацтваў цэнтра навуковых даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Антаніны Карпілавай. У выданне ўвайшлі дакументальныя звесткі пра вядомыя беларускія кінастужкі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, пра рэжысёраў, акцёраў і аператараў, якія зрабілі значны ўнёсак у захаванне памяці пра бессмяротны подзвіг савецкага народа. Як адзначыла ўкладальнік кнігі, беларускі кінематограф пра вайну важны не толькі для еўрапейскай, але і для сусветнай культуры.

— Беларусы пісалі і здымалі пра вайну па-свойму. Менавіта наш погляд на жудасныя падзеі ваенных гадоў прызнаны адным з самых трагічных і пранізлівых, таму што ў нас, як вядома, быў сур’ёзны партызанскі рух, актыўная дзейнасць падпольшчыкаў у тыле ворага і франтавая гісторыя. Усё гэта адлюстравана ў беларускім кіно. Тут можна ўбачыць і боль, і трагедыю, і радасць Вялікай Перамогі. Безумоўна, беларускі кінематограф заўсёды грунтаваўся на нашай літаратуры. Кнігі айчынных пісьменнікаў сталі асновай для лепшых беларускіх ваенных фільмаў. Асаблівая ўвага нададзена тэме дзяцей на вайне. Тут значны ўнёсак зрабіў наш кінарэжысёр Леў Голуб, які стварыў карціны «Дзяўчынка шукае бацьку» і «Паланэз Агінскага», — сказала Антаніна Карпілава.

Яна падкрэсліла, што навукова-папулярнае выданне «Глядзі і помні: Вялікая Айчынная вайна ў беларускім кіно» ў першую чаргу арыентавана на маладое пакаленне. 

— Ідэя кнігі — тэма памяці, імкненне наладзіць мастацкі і эмацыянальны дыялог з чытачамі розных пакаленняў, але ў прыярытэце, канешне, моладзь. Мы разумеем, што экранная культура дамініруе, сёння ідзе візуалізацыя культуры, аднак друкаваная прадукцыя застаецца бясцэнным носьбітам рарытэтных матэрыялаў, — заўважыла аўтар.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч адзначыў, што многія беларускія пісьменнікі працавалі ў кінематографе, удзельнічалі ў стварэнні мастацкіх і дакументальных фільмаў. 

— Мы ведаем, што на студыі «Беларусьфільм» заўсёды асаблівая ўвага надавалася фільмам пра Вялікую Айчынную вайну. І актыўнымі ўдзельнікамі распрацоўкі і стварэння гэтых вядомых у Беларусі і за яе межамі кінастужак былі беларускія літаратары. Пачатак быў пакладзены ўжо ў 1940-я гады, і тыя работы, якія стварылі не толькі Васіль Быкаў, Віктар Казько і Алесь Адамовіч, але і іх папярэднікі, знайшлі адлюстраванне ў кіно. Створаныя ў той час мастацкія работы былі вынікам плённага супрацоўніцтва людзей розных творчых кірункаў, якія працавалі і ў кіно, і ў літаратуры. Гэта вельмі важна сёння, — падкрэсліў Алесь Карлюкевіч. — Я вельмі рады таму, што з’яўляюцца новыя фільмы на гэтую тэму. І, напэўна, работы новых пакаленняў кінематаграфістаў і ўвогуле беларускае кіно стануць больш пераканаўчымі, калі будуць стварацца ў супрацоўніцтве з рознымі мастацкімі сферамі.

Кіраўнік Канфедэрацыі саюзаў кінематаграфістаў краін СНД, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў, рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Яўген Арэндарэвіч падкрэсліў, што дыялог паміж рознымі пакаленнямі застаецца вельмі важнай тэмай не толькі беларускага, але і сусветнага кінематографа.

— Цяпер нам вельмі важна прытрымлівацца сваіх традыцыйных каштоўнасцей. Сусветныя тэндэнцыі імкнуцца навязаць нам іншую мадэль паводзін і жыццёвыя прынцыпы, з-за якіх скажаецца рэальнасць. Таму сёння ўсе дзеячы культуры аб’ядноўваюцца, каб абараніць тыя каштоўнасці, той сэнс, які нам блізкі. Раней мы глядзелі адно кіно і таму лёгка знаходзілі агульную мову. Аднак цяпер, калі кожны чалавек мае доступ да кінамастацтва любой краіны свету, знайсці сапраўдныя сэнсы стала цяжэй. 

І сёння, як ніколі, важна ствараць фільмы, блізкія не толькім беларусам, але і гледачам ўсёй еўразійскай прасторы. Трэба здымаць фільмы для чалавека і пра чалавека. І вельмі добра, што беларускія пісьменнікі працягваюць працаваць над такой важнай тэмай як Вялікая Айчынная вайна, якая адгукаецца ў сэрцы кожнага чалавека, нягледзячы на нацыянальнасць, і адлюстроўвае гісторыі не сінтэтычных, а рэальных герояў, чые подзвігі становяцца арыенцірам у сучасным перанасычаным інфармацыяй свеце.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю