Top.Mail.Ru

Рыбакі зрабілі свой унёсак у яднанне краіны

Аўтар: Ірына Прымак
21.09.2026 | 17:31
На гістарычнай аснове

17 верасня на АНТ адбылася прэм’ера фільма «Нарачанскае паўстанне». Аб тым, што гэта якаснае дакументальнае кіно сведчыць той факт, што кансультантам з’яўляецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч. Менавіта яго каментарыі зрабілі гэтую карціну зразумелай сучаснай моладзі. Фільм пацвярджае: палітыка этнацыду не прынесла ніякага эфекту, бо беларусы здолелі захаваць сваю ідэнтычнасць. Гэта той самы ўрок мінулага, які мы помнім і сёння, бо адзначаем Дзень народнага адзінства ўсёй краінай. 

Нарачанскі край увайшоў у склад Польшчы ў 1921-м. Возера, якое з даўніх часоў карміла нашых продкаў, стала курортам для багатых палякаў... Сяляне хацелі вучыць дзяцей на роднай мове, але магчымасці аддаць у беларускую школу сваіх дачок і сыноў не было. Права гаварыць і вучыцца на сваёй мове было прапісана ў Рыжскім мірным дагаворы, Версальскіх пагадненнях, Канстытуцыі Польшчы, аднак дзейнічала толькі на паперы...

У чэрвені 1941 года на кінастудыі «Савецкая Беларусь» распачаліся здымкі фільма «Бура над Нараччу». У стварэнні сцэнарыя браў удзел Максім Танк. Сюжэт быў заснаваны на рэальных падзеях і сапраўды цікавы, хоць сёння тым, хто не захапляецца гісторыяй, здаецца: чым можа прыцягнуць жыццё прадстаўнікоў мірнай прафесіі? Канешне, рыбалка — у першую чаргу цішыня, яднанне з прыродай, цярплівае чаканне... Аднак у гісторыі нашай краіны быў час, калі простыя рыбакі кінулі выклік польскай дзяржаве, якая праводзіла палітыку паланізацыі і, па сваёй сутнасці, займалася этнацыдам.

Доўгі час лічылася, што той сцэнарый быў страчаны, аднак нядаўна яго адшукалі беларускія архівісты. Канешне, нельга сказаць, што новы фільм створаны па задуме Максіма Танка, бо яго пісалі сучасныя аўтары. 

І ўсё ж праз стужку чырвонай ніткай праходзіць асоба Яўгена Іванавіча Скурко.У паэме Максіма Танка «Нарач» ёсць такія словы: Не за ваду мы пачалі змагацца, Але за тое, хто гаспадаром з нас будзе тут.


На аснове гэтай паэмы і планавалася запусціць у вытворчасць фільм «Бура над Нараччу». Першыя здымкі адбыліся 19 чэрвеня 1941 года. А праз тры дні пачалася вайна... Масоўка пайшла на фронт, дэкарацыі згарэлі.

Стваральнікі фільма прафесійна выкарысталі кінахроніку і паказалі падзеі таго часу ў сучасным прачытанні. Гэта той выпадак, калі мы даведваемся пра важнае ў сваёй гісторыі пры дапамозе ШІ, бо, на жаль, архіўных кінаматэрыялаў самога паўстання рыбакоў не захавалася... Выкарыстанне магчымасцей нейрасеткі варта абмеркаваць асобна. Аднак сёння можна адзначыць: «сяброўства» з ШІ пры ўсім песімізме скептыкаў адбываецца паспяхова. 

У 1932-м польскі Сейм прыняў «рыбны закон», згодна з якім рэкі і азёры падлягалі нацыяналізацыі. Спачатку нарачанскія рыбакі выходзілі на промысел як звычайна... Аднак праз два гады сітуацыя змянілася: возера арэндаваў памешчык Станіслаў Яблонскі. Ён разумеў, што становішча рыбакоў безвыходнае, таму хацеў скарыстацца ім. Але пралічыўся, бо беларускія рыбакі аказаліся кемлівымі людзьмі. Яны сабраліся на сход, лідарам якога стаў Міхаіл Субач з вёскі Нікольцы. Разам, з’яднаўшыся, мясцовыя жыхары выпрацавалі механізм дзеянняў. 

У выніку пан дазволіў сялянам запусціць два невады, але вымушаў прадаваць рыбу толькі яму па цане, ніжэйшай за рыначную. Рыбакі не пагадзіліся, бо хацелі прадаць улоў на кірмашы ў Вільні. Усю рыбу канфіскавала паліцыя. Канфлікт разгарэўся з новай сілай. Гэтая гісторыя і легла ў аснову фільма «паўстанне рыбакоў».17 верасня — асаблівая дата ў жыцці Максіма Танка, бо ён нарадзіўся ў гэты дзень у 1912 годзе, а ў 1939-м мяжа, якая падзяляла краіну на дзве часткі, знікла. Такім чынам беларускі народ стаў адзіным. І роля нарачанскіх рыбакоў яшчэ раз даказвае: беларусы мірная нацыя, але калі трэба, здольны пастаяць за сваю радзіму.

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю