На працягу паўстагоддзя творы Івана Шамякіна карысталіся нязменнай папулярнасцю ў самага масавага чытача — не толькі беларускага, але і народаў СССР, Еўропы, Азіі, у перакладах на рускую і іншыя мовы.
Паказальна, што ў параўнанні з іншымі беларускімі аўтарамі кнігі Шамякіна найбольш перакладаліся і выдаваліся ў такой вялікай, культурнай краіне, як Кітай. Відаць, чытачам Паднябеснай імпанаваў аб’ектыўна паказаны Шамякіным пераход нацыі з аграрнай, вясковай, эканамічна і сацыяльна заняпалай пры капіталістычным ладзе ў высока-
інтэлектуальную, навуковую, прамысловую, перадавую таксама і ў сельскай гаспадарцы. Такая глабальная трансфармацыя адбывалася і ў Кітаі, зрабіўшы яго ўрэшце адной з найбольш развітых, магутных краін у свеце.
Не толькі сяляне...
Шамякін любіў вясковае жыццё, глыбока паважаў вясковых людзей, з задавальненнем з імі гутарыў, слухаў іх аповеды. У вёсцы ці часткова ў ёй адбываецца дзеянне яго раманаў «Глыбокая плынь»,
«У добры час», «Крыніцы», «Вазьму твой боль», чатырох аповесцей з пенталогіі «Трывожнае шчасце». Ды і ваяры, інтэлігенты, рознага роду спецыялісты ў яго творах — як правіла, ураджэнцы вёскі, якія захавалі кроўную сувязь з ёю.
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў сям’я празаіка праводзіла кожнае лета на радзіме яго жонкі — у вёсцы Церуха Гомельскага раёна, на мяжы з Украінай. Тут Шамякіну найлепш працавалася. І не праходзіла дня, каб да яго не заходзілі вясковыя людзі, літаральна з усёй акругі, — прапанаваць вылаўленую ў рацэ Сож рыбу, нешта папрасіць (а дапамог ён вельмі многім), пагутарыць, бо ішла пагалоска, што пісьменнік з вялікім задавальненнем, нязменнай увагай, спачуваннем выслухоўвае калгаснікаў, распытвае іх пра жыццё. Блізка да сэрца прымаў лёс кожнага чалавека.
Не толькі сяляне — у творах Шамякіна ўвогуле надзвычай шырокі сацыяльна-асабовы дыяпазон, дзейнічаюць людзі самых высокатэхналагічных, творчых, менавіта гарадскіх прафесій: урачы, архітэктары, журналісты, пісьменнікі, настаўнікі, дзяржаўныя дзеячы, мастакі, акцёры. Да нашага часу медыкі старога веку памятаюць раман «Сэрца на далоні» (1964), дзе выведзены ідэальны вобраз урача, а загаловак твора, што адлюстраваў рэальную сітуацыю, стаў шматсэнсавым сімвалам — увасабленнем дзейнасці дактароў, іх высокай місіі выратавання чалавечага жыцця, аховы здароўя людзей, увагі да кожнай асобы. Ці не адсюль вялікія поспехі сучаснай айчыннай медыцыны? А беларускія дойліды сцвярджаюць, што і пра іх прафесію ніхто лепш за Шамякіна (у рамане «Атланты і карыятыды», 1974) не напісаў, і ў 2004 годзе нават шэрагам мерапрыемстваў адзначалі 30-годдзе выхаду рамана. З’ява неардынарная — юбілей мастацкага твора.
Ёсць у Шамякіна ўспаміны і пра партыйных, дзяржаўных дзеячаў, у прыватнасці пра П. М. Машэрава, дзе звяртаюць на сябе ўвагу жывыя чалавечыя рысы выдатнага беларускага лідара, які ўвасабляў сабою асаблівую, унікальную сярод іншых рэспублік СССР форму пасляваеннай улады на Беларусі — з гераічных партызан, падпольшчыкаў. І Шамякін нават у творах пра сучаснасць часта звяртаўся да рэтраспекцыі — ва ўстаўных, нязменна вострадраматычных эпізодах паказваў дзейнасць сваіх герояў у іх маладосці падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Тэма памяці
Самая моцная рыса беларускай літаратуры на фоне іншых еўрапейскіх — ва ўсіх драматычных падрабязнасцях апісваць падзеі Другой сусветнай вайны. І тут у Шамякіна сюжэты арыгінальныя, пачынаючы ад першай аповесці «Помста» (1945), якая зрабіла яго вядомым. Твор актуальны да нашага часу, бо расказвае пра маральны выбар беларускага афіцэра не помсціць сям’і ворага за смерць сваіх блізкіх — прага помсты не ў нашым нацыянальным характары.
Чамусьці мала вядома аповесць Шамякіна «Першы генерал» (1985), што расказвае пра Першую сусветную вайну, а пра яе ж у айчыннай літаратуры няшмат твораў. За раман «Глыбокая плынь», дзе дзейнічаюць партызаны ў тыле ворага, Шамякін атрымаў СталІнскую прэмію (1951). Шырокі рэзананс мела аповесць «Гандлярка і паэт» (1976) — у ёй зноў-такі нязвыклы сюжэт, каларытная характарам і заняткамі гераіня, якая, пакахаўшы, робіцца сапраўднай патрыёткай. Аповесць «Агонь і снег» (1959) з аўтабіяграфічнай пенталогіі «Трывожнае шчасце» ўзнаўляе вайну на Поўначы, абарону нашымі зенітчыкамі порта Мурманск, куды прыходзілі караблі саюзнікаў па ленд-лізу. Своеасаблівым працягам гэтай выдатнай аповесці стаў раман «Зеніт» (1987), дзе аўтар аддаў сардэчную даніну жанчынам на вайне. «У вайны не жаночы твар» — шырока вядомы слоган, але для Шамякіна без высокай духоўнасці, душэўнасці, патрыятычнасці, прынесенымі на фронт дзяўчатамі-ваярамі, не было б Перамогі. Раман «Вазьму твой боль» (1979) — аб немагчымасці забыць ваенныя пакуты.
І ў іншых творах — пра сучаснасць — абавязкова ўзнікае тэма памяці. Гэтым вызначаецца творчасць Шамякіна.
Вернасць і любоў
Шамякін вельмі добра ведаў людзей і любіў іх. Чытачы адчувалі яго любоў, яго веданне,таму і захапляліся яго кнігамі —яны незаўважна выхоўвалі, унушалі найважнейшыя жыццёвыя каштоўнасці. Уласна, узятыя разам, сцвярджалі тое сэнсавае ядро, якое надае нацыі ідэнтычнасць. Творы Шамякіна, які часта паказваў добрых людзей і прыязныя адносіны паміж імі, як нішто іншае пастуліруюць думку, што народ можа захавацца і развівацца толькі на пазітыўных ментальных асновах. Сярод іх — вернасць і любоў. Адзначаючы 100-годдзе з дня нараджэння Шамякіна (2021 г.), даследчыкі нямала тэкстаў прысвяцілі жонцы пісьменніка — Марыі Філатаўне, якую ён паказаў у шматлікіх сваіх творах, і асабліва кранальна — у аповесці-рэквіеме «Слаўся, Марыя!» (1999). Сямейнае жыццё, каханне і вернасць Івана Пятровіча і Марыі Філатаўны — сапраўдная сага-ідылія: заўсёды былі прадметам добрай зайздрасці знаёмых, сяброў, і, безумоўна, сталі прыкладам. А ўся творчасць пісьменніка паэтычна і ўсебакова раскрывала нацыянальны жаночы характар. З прыкрасцю і горкім сарказмам назіраючы новую капіталістычную, буржуазна-пошлую рэальнасць пасля развалу СССР, Шамякін знаходзіў суцяшэнне толькі верай у беларускую жанчыну-маці. Адсюль і нязвыклы для яго загаловак аповесці — «Палеская мадонна» (1998).
Вернасці не чалавеку, а сваёй канфесіі — праваслаўю, прысвяціў Шамякін гістарычны раман «Вялікая княгіня» (1996), паказаўшы лёс дачкі рускага князя Івана III Алены, выдадзенай замуж за літоўскага князя Аляксандра: яна не перайшла ў каталіцтва, нягледзячы на вялікі псіхалагічны ціск на яе.
Вернасць абавязку — раман «Злая зорка» (1991) — пра чарнобыльскую трагедыю. А лепш жа за Шамякіна пра тэхнагенную катастрофу веку ніхто не напісаў...
Летапісец дзвюх эпох
Акадэмік У. Гніламедаў назваў Шамякіна «летапісцам дзвюх эпох». Менавіта эпох — савецкай і постсавецкай. Негалосна ў савецкі час, а ў ліхія 1990-я злосна агучваючы ў СМІ, Шамякіна называлі «залішне савецкім». Людзі, якія кляліся ў вернасці сацыялізму, жылі ў БССР, атрымоўваючы розныя даброты ад дзяржавы, нават служылі ў высокіх кабінетах, але пастаянна трымалі кукішы ў кішэнях, не верылі ў шчырасць свайго калегі, які быў адданы ідэалам справядлівасці, верыў у дзейснае дабро і ваяваў за гэтыя ідэалы падчас вайны. «Іван Шамякін быў аптымістам сацыялістычнага тыпу... На прыкладзе сваіх герояў празаік востра ставіў пытанне аб актыўнай жыццёвай пазіцыі сучасніка, змагаўся з праявамі эгаізму, хцівасці, бюрактарызму. Герой пісьменніка не толькі дзейнічае, творыць, ён умее думаць, мысліць, аналізаваць. Гэта чалавек разумнай актыўнасці» (У. Гніламедаў). Акрамя таго, зайздроснікі не жадалі памятаць, што менавіта Шамякін сярод іх аказаўся найбольш крытычны ў адносінах да дзяржаўнай, партыйнай вертыкалі, выкрываючы такіх бюракратаў і прыстасаванцаў, як Бародка, Гукан, Кляпнёў, Ігнатовіч, Будыка, Макаед і іншыя. Знішчаў ён зло ў розных яго выглядах рашуча, смела, не зважаючы на шаблоны мыслення абывацеляў, асабліва ў постсавецкі час. А ў савецкі ўскрываў тыя тэндэнцыі, якія прывялі ўрэшце да паражэння сацыялізму і знішчэння СССР.
І. Шамякін вылучаўся смеласцю і наватарскім падыходам у аналізе сацыяльных працэсаў, шырынёй поглядаў на жыццё. Усё пазнаецца ў параўнанні. Майстэрства Васіля Быкава — аднаго з яскравых прадстаўнікоў так званай «лейтэнанцкай прозы», бясспрэчнае, але сюжэтаскладанне, будзем шчырымі, не было яго моцным бокам. Памятаю, калі студэнты адказвалі мне на пытанні ў білетах па творчасці В. Быкава, яны пастаянна блыталі сюжэты аповесцей, пад адной назвай памяшчалі калізіі розных твораў. Нельга быць ідэалам ва ўсім... Уладзімір Караткевіч — яшчэ адна знакавая асоба ў беларускай літаратуры — якраз вялікі фантазёр, эрудыт, сцвердзіў новыя жанры і віды прозы, і сёння яго творы запальваюць чытачоў сваім рамантычным пафасам. Быкаў, Караткевіч, Мележ, Брыль — усе класікі, яркія індывідуальнасці — кожны з вопытам душы і глыбокім пранікненнем у пэўную сферу жыцця, але ўсё ж не асэнсавалі сваю эпоху на вялікім абсягу часу — другой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст. Шамякін побач з імі — больш маштабны гістарычна, яго творы сацыяльныя і надзвычай праўдзівыя ідэалагічна, псіхалагічна, дэталямі побыту, прытым іх сюжэты і персанажы ўражваюць разнастайнасцю, ствараючы яркую карціну эпохі, яе зрэз. Пры ўважлівым прачытанні раманаў і аповесцей Шамякіна робіцца зразумелым не толькі тое, якімі мы былі, але і тое, якія мы цяпер, у ХХІ ст., і чаму...
Сёння з’явілася новае пакаленне выдатных пісьменнікаў, добрых майстроў з багатай фантазіяй. Але наўрад ці можна назваць іх сацыяльнымі аналітыкамі. Праўда, моладзь, на жаль, чытае мала, нягледзячы на бясспрэчныя поспехі літаратуры. Але заўсёды застануцца людзі, якія не будуць спадзявацца літаральна ва ўсім на штучны інтэлект, а больш — на свой уласны розум. І тут дарадцамі ў вырашэнні жыццёвых праблем вернуцца мудрыя людзі — пісьменнікі — з апісанымі імі сотнямі розных калізій.
Таццяна ШАМЯКІНА