Top.Mail.Ru

Шматграннасць таленту Міхаіла Пазнякова

26.01.2026 | 10:58
Адметная дата

Кіраўніку Мінскай гарадской пісьменніцкай арганізацыі, ураджэнцу Быхаўшчыны Міхаілу Паўлавічу Пазнякову споўнілася 75. Для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах, бадай, гэта ўжо нямала. Але з пункту гледжання творчасці ён якраз узышоў на вяршыню плённага ўзросту. Набыты багаты жыццёвы вопыт, адшліфавана літаратурнае майстэрства, здабыты прызнанне і аўтарытэт. Як кажуць, настаў час, калі ўжо імя працуе на чалавека, а не наадварот. Паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, літаратурны крытык, мовазнаўца — такі шырокі творчы дыяпазон Міхаіла Паўлавіча. Не менш унушальная і паліца выдадзеных кніг, якая змяшчае больш за сотню тамоў. 

Лічыцца, што пісьменнік, калі выказаў намер пісаць творы для дзяцей, павінен пісаць іх як для дарослых, толькі значна лепей. А юныя чытачы Міхаіла Пазнякова могуць знаёміцца з паўсотняй кніжак для іх. Больш за тое, не выпадкова некаторыя творы пісьменніка ўключаны ў школьныя праграмы па літаратуры. Гэта сведчанне не толькі іх высокай мастацкасці, але і актуальнасці, моцнага пасылу ў выхаванні густу і светапогляду маладых людзей, тэматычнай своечасовасці напісанага майстрам слова. І не проста слова, а слова ад жыцця. Бо так склаўся лёс пісьменніка, што гадаваўся ён у сям’і, дзе было адзінаццаць дзяцей. Таму добра ведае, як няпроста адбываецца станаўленне і фарміраванне характару падлеткаў. Вось і ў кнізе прозы «Голас» Міхаіл Пазнякоў закранае псіхалагічныя бакі станаўлення маладой асобы, апавядае пра багацце і трываласць яе пачуццяў. Аповесць жа «Выйсце заўсёды ёсць» — пра ваенны час, гераізм і патрыятызм народных мсціўцаў у барацьбе з фашызмам. Усе гэтыя аспекты ў наш час вельмі актуальныя для моладзі, якой давядзецца надалей мацаваць і аберагаць Беларусь.

Наогул, нават беглае знаёмства з біяграфіяй пісьменніка здзіўляе рознабаковасцю яго інтарэсаў і шматграннасцю дзейнасці. У школе — педагог; у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук рэспублікі — навуковец; на пасадзе дырэктара музея Максіма Багдановіча — літаратурны гісторык; у рэдакцыях часопісаў «Вожык» і «Нёман» — журналіст. Уражвае і тое, што ва ўсіх кірунках дзейнасці Міхаіл Паўлавіч дасягнуў унушальных вышынь. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўзнагароды і ганаровыя званні. Пазнякоў — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Як перакладчык (дарэчы, на роднай мове пазнаёміў беларускіх чытачоў са знакамітым раманам Мігеля дэ Сервантэса «Дон Кіхот») і як аўтар, творы якога перакладзены на дваццаць дзве замежныя мовы, неаднаразова ўзнагароджваўся міжнароднымі літаратурнымі прэміямі. 

Шырока прызнана і яго навуковая дзейнасць. Міхаіл Паўлавіч выбраны акадэмікам Міжнароднай акадэміі рускай славеснасці (Масква), членам-карэспандэнтам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Санкт-Пецярбург).

Аднак высокія тытулы і знакі пашаны не засланяюць у душы пісьменніка вялікай падзякі да малой радзімы, землякоў, якія сустракаліся на яго жыццёвым шляху. Міхаіл Пазнякоў — нярэдкі госць на Быхаўшчыне. Ды кожны такі прыезд толькі гасцяваннем не абыходзіцца: падчас іх абавязковыя сустрэчы з чытачамі, з людзьмі, сярод якіх, як правіла, будучыя героі яго твораў. Нездарма ж ён носіць званне ганаровага грамадзяніна Быхаўскага раёна.

У юбілейныя дні, мажліва, не выпадзе Міхаілу Паўлавічу пабываць на малой радзіме. Але з тутэйшымі чытачамі сустрэнуцца яго кнігі. Як паведаміла загадчыца сектара культуры Быхаўскага райвыканкама Людміла Кечык, у бібліятэчнай сістэме рэгіёна ладзіцца некалькі чытацкіх канферэнцый па творах Пазнякова. Для творцы ж няма нічога больш каштоўнага, як прызнанне людзей, асабліва землякоў.

Віктар КУБЕКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю