У Доме літаратара прайшоў чарговы пашыраны Пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прывітальным словам яго адкрыў ганаровы старшыня СПБ, народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец. Аўтарытэтны літаратар і вядомы палітык звярнуў увагу на сённяшнюю палітычную сітуацыю ў свеце, нагадаў, у якіх умовах супрацьстаяння творчых сіл знаходзіліся пісьменнікі яшчэ 20 гадоў назад.
Аб’яднаць намаганні
Перад пачаткам разгляду асноўных пытанняў было падпісана Пагадненне аб сумеснай дзейнасці паміж Саюзам пісьменнікаў і Рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім таварыствам «Веды». Каментуючы гэтую падзею, старшыня таварыства Аляксей Аўдонін нагадаў пра значэнне публіцыстычнага, мастацкага слова ў выхаванні грамадства.
Грунтоўным было і выступленне на пленуме намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніса Езерскага. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні дзяржаўнай падтрымкі ў галіне кнігавыдання, расказаў пра тыя задачы, якія ў гэтым кірунку вырашае орган дзяржаўнага кіравання, якой падтрымкі чакае ад пісьменніцкай грамадскасці.
Сур’ёзныя набыткі
Асноўныя тэматычныя абсягі размовы на пашыраным пленуме былі звязаны з разглядам беларуска-расійскіх літаратурных сувязей і тэмай прысутнасці беларускай літаратуры ў краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Пра пісьменнікаў Беларусі і Расіі гаварыў у сваім дакладзе старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, старшыня таварыства дружбы «Беларусь — Расія» заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў. Ён адзначыў, што за апошнія гады беларуска-расійскія літаратурныя і кнігавыдавецкія сувязі займелі сур’ёзныя набыткі. Яны актыўна пашыраюцца і развіваюцца пісьменніцкай супольнасцю Беларусі. У прыватнасці, сказаў М. Пазнякоў, у Мінскага гарадскога аддзялення СПБ склаліся добрыя адносіны з калегамі з рэгіянальных арганізацый
Саюза пісьменнікаў Расіі: Калінінграда, Пскова, Ленінградскай вобласці, Санкт-Пецярбурга, з паэтамі і празаікамі Дагестана, Чачэнскай Рэспублікі, Калмыкіі, Башкартастана, Чувашыі... Штогод беларусы і расіяне праводзяць паэтычны конкурс, прысвечаны паэту-франтавіку Ігару Грыгор’еву. Вялікую творчую, арганізацыйную актыўнасць у гэтым праекце праяўляюць Наталля Саветная, Анатоль Аўруцін. Супольна з расійскім бокам выдадзены двухтомны літаратурны альманах «Непобедимые». У Санкт-Пецярбургу і Мінску прайшлі прэзентацыі гэтага і іншых выданняў, дзе беларусы і расіяне разам выступаюць як аўтары. Паэты і празаікі з Мінска даволі часта друкуюцца ў расійскіх літаратурна-мастацкіх часопісах, удзельнічаюць у фестывалях (як прыклад — «Гумілёўскае поле», «Вялікі Гофман»). Уражальным праектам шчырай творчай дружбы падаецца сумесны фестываль беларускай і рускай літаратуры, які сёлета праводзіўся ў Нясвіжскім замку. Шмат сіл, намаганняў, каб фестываль спраўдзіўся і прыцягнуў як мага болей творцаў, прыклалі Тамара Кавальчук і Зоя Кулік. Сябрамі фестывалю з’яўляюцца пісьменнікі з Ліпецкай вобласці. Гэтыя і іншыя праекты немагчыма было б рэалізаваць, каб не самаахвярная, шчырая праца энтузіястаў беларуска-расійскай літаратурнай дружбы. Як у Беларусі, так і ў Расіі. Шмат што робіць у гэтым кірунку паэт, мастак Хізры Асадулаеў, які жыве і працуе ў Мінску. Яго шчыраванне на ніве літратурнай дыпламатыі дапамагае ўмацоўваць мост дружбы Беларусі з Дагестанам. Яркі прыклад руплівасці ў галіне мастацкага перакладу ― Анатоль Аўруцін. Ён пераўвасабляе на рускую мову творы аварскіх паэтаў Дагестана, у тым ліку і са спадчыны легендарнага Расула Гамзатава. А ў Калмыкіі беларусаў падтрымліваюць Рыма Ханінава, Эрдні Эльдышаў, у Чачэнскай Рэспубліцы — Адам Ахматукаеў, у Татарстане — Рэнат Харыс, у Башкартастане — Айгіз Баймухаметаў, Зульфія Хананава, Ларыса Абдуліна, у Чувашыі — Валеры Тургай, у Марый Эл — Юрый Салаўёў, Анатоль Ціміркаеў, Ігар Папоў, Генадзь Аяр, у Якуціі — Наталля Харламп’ева, ва Удмурціі — Вячаслаў Ар-Сяргі... Напрыканцы свайго выступлення Міхась Пазнякоў унёс і шэраг важных прапаноў. Ён зазначыў, што наспела неабходнасць правядзення пленума Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі па праблемах беларуска-расійскіх літаратурных стасункаў. Варта зрабіць сістэмным выпуск альманаха перакладной літаратуры «Далягляды». Прапанаваў старшыня сталічнага аддзялення і заснаваць Нацыянальную літаратурную прэмію па мастацкім перакладзе.
Сугуччасэрцаў і думак
З падрабязным дакладам, прысвечаным тэме прысутнасці беларускай літаратуры ў краінах СНД, выступіла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Яна звярнула асаблівую ўвагу на сумесныя з Расійскай Федэрацыяй праекты па папулярызацыі сучасных творчых здабыткаў пісьменнікаў краін СНД у перакладзе на рускую мову. Анталогіі, якія знаёмяць з лепшым у паэзіі і прозе нацыянальных літаратур, ужо займелі шырокі розгалас. Алена Анатольеўна нагадала і пра праект Выдавецкага дома «Звязда» «Созвучие сердец», у якім на старонках 11 кніг прагучала лепшае, што было створана ў лі-
таратурах краін СНД за апошнія дзесяцігоддзі. Невыпадкова гэтая работа была адзначана Міждзяржаўнай прэміяй «Зоркі Садружнасці». Першы намеснік старшыні СПБ адзначыла, што і беларусы шмат робяць на ніве мастацкага перакладу, расказваючы тым самым пра заўважныя з’явы ў іншых літаратурах.
І назвала імёны такіх рупліўцаў, як Віктар Шніп, Іна Фралова, Рагнед Малахоўскі, Міхась Пазнякоў, Алесь Бадак, згадала майстра перакладу Міколу Мятліцкага...
Патрэбен пастаянны дыялог
Даволі разнастайным было абмеркаванне закранутых у дакладах праблем. Грунтоўны агляд таго, як арганізоўваюцца беларуска-расійскія літаратурныя стасункі з удзелам Гомельскага абласнога адддзялення СПБ, зрабіў кіраўнік аддзялення, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры, празаік, публіцыст, драматург Уладзімір Гаўрыловіч.
Цікавы вопыт выкарыстання пляцоўкі аднаго выдання — часопіса «Новая Немига литературная» ― у справе беларуска-расійскага літаратурнага пабрацімства выклаў паэт, перакладчык, празаік Анатоль Аўруцін. Асобна ён падкрэсліў ролю літаратурна-мастацкай крытыкі, літаратуразнаўства ў справе развіцця міжнародных стасункаў, параўнальнага літаратуразнаўства. Як прыклад такой працы галоўны рэдактар часопіса адзначыў руплівасць доктара філалагічных навук Алены Крыклівец.
Па выніках абмеркавання дакладаў пашыраны Пленум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі прыняў рэзалюцыю. Адбылося і ўзнагароджванне пісьменнікаў Граматамі СПБ. Сярод тых, каго адзначылі, ― кіраўнікі рэгіянальных аддзяленняў творчай арганізацыі Леанід Крыванос, Тамара Краснова-Гусачэнка, Людміла Кебіч, Таццяна Дземідовіч, Уладзімір Гаўрыловіч, Алесь Казека, Міхась Пазнякоў.
Несумненна, пленум — гэта толькі частка размовы пра літаратурныя стасункі, пра папулярызацыю беларускай літаратуры ў свеце. І выступоўцы, і ўдзельнікі ў кулуарах па завяршэнні пленума дружна адзначалі, што патрэбен пастаянны дыялог на тэму беларуска-расійскіх літаратурных сувязей, на тэму нашага літаратурнага братэрства. Рухацца наперад можна толькі пры ўмове шырокага абмеркавання, разгляду зробленага і ініцыявання новага і яшчэ няздзейсненага.
Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ
Фота Лізаветы Кабецкай
ВД «Беларусь сегодня»