Top.Mail.Ru

Што для Міколы Маляўкі было самым важным у паэзіі?

10.04.2025 | 07:00

Мы сустрэліся з ім у апошні дзень мінулай зімы, 29 лютага 2024 года. Сумна й казаць такое: сустрэліся, каб назаўсёды развітацца. Даўно ўжо сталася звычкай ці нават традыцыяй: перад тым, як выправіцца веснаваць на родную Стаўбцоўшчыну, трэба абавязкова сустрэцца, пахадзіць каля Свіслачы ды пагаварыць пра жыццё-быццё, пра тое, што засталося за мяжой пражытага года. Гэтым разам сустрэліся ў яго, Міколы Маляўкі, дома. 

Мы, снежаньскія, сумуем з-за таго, што зімы нашы страцілі сваю спрадвечную суровасць. 


Вуліца Максіма Багдановіча, на якую выходзяць яго вокны, здзівіла сваімі пясчанымі выспамі, драўлянымі адмосцямі і пераходамі, яна падземна перабудоўваецца, даўно ўжо рыхтуецца ўліцца новай ручаінай у гарадское метро. Гаварылі цяпер і пра гэта. Ён — лежачы ў ложку, я — седзячы пры ім. Размова наша зацягнулася на добрыя дзве гадзіны, а яны прабеглі неяк хутка, як дзве хвіліны. Да гутаркі далучылася і яго жонка Вера Яўстаф’еўна. Мікола Маляўка чакаў сваёй новай кнігі, надта важнай для яго, якую ўжо яму не суджана будзе пабачыць. Ён сам клапатліва рыхтаваў яе да друку. Я прынёс яму свае дзве новыя кнігі. Не ведаю, ці паспеў ён іх прачытаць... 

За год яго адсутнасці мала што змянілася ў гэтым свеце. Мне асабіста нават не верыцца, што яго няма, пачынаю ўчытвацца ў радкі апошняй кнігі, якая па сумным супадзенні выйшла ў дзень яго смерці, 4 красавіка, і мне здаецца, што тая наша размова ўсё працягваецца. Нібыта тады былі прамоўлены і гэтыя радкі:

Жыццё напоўнена сэнсам
Найперш у тых,
Хто мёртвых не забывае,
Клапоціцца пра жывых.
І дбае, гледзячы ў неба,
Яшчэ і пра долю
Духоўнага хлеба.

Доля «духоўнага хлеба» — тая ж самая, можа, часам нават цяжэйшая, як у хлеба надзённага. Толькі не ўсе перажываюць аднолькава яго нястачу. Мікола Маляўка — паэт балюча-адчувальны, нерв яго радка заўсёды энергетычна напружаны. Часта ў судакрананні з усім адмоўным ён пагрозна іскрыць, а ўсяму добраму і шчыраму толькі дадае лёгкасці, лагоды ды пяшчоты. Слова для паэта — матэрыял жывы, рухомы, далікатны, знешні яго бляск, нават гучанне, у разуменні Маляўкі — гэта яшчэ не ўсё. Відаць, самае галоўнае ў ім — унутраная энергія. Паэт ахвотна хапаецца за яго там, дзе яно вуснамі людзей выкрышталізавалася ў звыклы фразеалагізм, прымаўку, назву. Дарэчы, паэт рэдка дзе ў сваёй творчасці абыходзіцца без назвы, замяняючы яе так званымі зорачкамі. Затое ўсе назвы яго — гэта амаль заўсёды вельмі дакладныя і кідкія вобразы. Перакананы, што кожная назва паэтычных кніг Міколы Маляўкі — ад самай першай «Едуць маразы» — невыпадковая. Ужо змянілася некалькі пакаленняў і паэтаў, і чытачоў, а «маразы» Маляўкі ўсё едуць ды едуць, смачна і лёгка паскрыпваючы палазамі, лагодзячы вочы і душы, улюбляючы нас у непаўторныя беларускія зімы.

Яшчэ адна назва яго кнігі «Дзічка ў полі» — гэта цэласны зрокавы, нават філасофскі вобраз. Здаецца, і не звярталіся да яго паэты. Ды ў кожнага вясковага хлапчука ад нараджэння ў вачах расце яна — непахісная, калючая, духмяная, гожая і нявесцістая ад квецені вясной і задумлівая, абцяжараная пладамі восенню дзічка. Вяртаючы нас у поле дзяцінства, паэт вяртаецца тым самым і да каранёў нашых, да гісторыі і да ўсяго, што паяднана ў вобразе роднай Беларусі:

О, Беларусь мая. Цябе ў няволі
Мячамі секлі, дзідамі калолі,
Бамбілі і расстрэльвалі цябе, —
А ты стаіш, як дзічка тая ў полі,
Апаленая ў жорсткай барацьбе,
Але — у квецені, але — на волі.

Здараліся і непаразуменні. Пазбаўленыя паэтычнага слыху людзі правілі яго «аднавякоўцаў» на «аднавяскоўцаў».


У выдавецкага начальніка, нават вядомага нашага празаіка, даводзілася даказваць і адстойваць назву паэтычнай кнігі «Жалеза». Аўтар яе адстаяў. 

У гэтым сэнсе быў ён упартым. Ды і сапраўдная паэзія часта ўмее абараняць сама сябе.

Магчыма, здзіўляе нас сваёй назвай апошняя кніга паэта «У райскім садзе і ў жыцці». Якім чынам аддзяліць у ёй райскае ад зямнога? Магчыма, і пакінуў тут нейкую сваю загадку. У аднайменным трыпціху М. Маляўка пакліча нас у свой вясковы сад, дзе пакажа ва ўсім выбуховым кветкавым харастве саму вясну праз юнацтва і сталасць, аж да сумнай зімы, намёкам нагадаўшы, што ўсё райскае ў чалавека — у мінулым, уяўным ці прыснёным, а само жыццё недзе побач з намі: у зіме, у дарозе, па якой ідзе чалавек. І зноў жа з таго намёку: і свой рай, і ўсё, што ўжо завуць па-іншаму, тым самым жыццём, чалавек творыць сам. Вясна ў жыцці — хутчэй за ўсё і ёсць той самы эдэмскі сад, добра намаляваны вясковымі садоўнікамі. Райскае — гэта краса самой зямлі, без якой нельга жыць паэту, з якой і пачынаюцца ўсе яго адкрыцці. Яно і ашаломіць аднойчы тым, што гэта ўсё ўжо нібыта ў мінулым:

У крутаверці будняў нецікавых
Аднойчы ашаломіць адкрыццё:
Цудоўны свет ва ўсіх яго праявах,
Ды ўжо, глядзіш, канчаецца жыццё.

Вось так і яго жыццё заўсёды рухалася толькі наперад. І распараджалася яно наступным чынам. Адразу пасля школы была нялёгкая праца на лесанарыхтоўках Карэліі. І потым толькі — шчаслівыя гады студэнцтва. Магчыма, па інерцыі прамовілася: «шчаслівыя». 

А колькі там было няпростага! У апошняй нашай размове мы казалі і пра гэта. Пасля ўніверсітэта — настаўніцтва ў глыбіннай школцы. А потым — служба ў арміі. А пасля яе — журналісцкія будні ў нясвіжскай раёнцы «Чырвоны сцяг». А потым — нялёгкае вяртанне ў Мінск, праца на Беларускім радыё, а далей — часопіс «Вясёлка». І на радыё, і ў часопісе мы працавалі з ім разам. Ах, як хораша тое ўсё згадваецца! Калі суха, па-анкетнаму, дык яно і надта проста, а ў жыцці ўсё куды складаней. Горад не спяшаўся прымаць у свае абдымкі. Знайшлася работа, не было прапіскі, жылля, прытулку. Былі тулянні і начаванне на вакзалах, тлумнае кватараванне ў сяброў. Мікола па натуры чалавек сціплы, але і мужны. Усё сваё ён мужна вытрымаў. А пасля... А пасля, калі абсямеіўся і атрымаў сваю двухпакаёўку, звыклы да цясноцця яшчэ з гадоў студэнцтва, ён і сам даваў неаднойчы прытулак іншым. У яго невялікай кватэры начавалі і паэты, і студэнты, і шмат які заезджы ды зямляцкі люд, дажывала свае гады мама паэта. У яго можна было вучыцца не толькі паэзіі, але і дабрыні, і сціпласці, і шмат яшчэ чаму, што ўзвялічвае чалавека.


Пісьменнікі-землякі ў музеі Якуба Коласа. Злева направа: Дзмітрый Дземідовіч, Алесь Камароўскі, Казімір Камейша, Яўген Хвалей, Мікола Маляўка, 2018 г.

Здзіўляе сам тэматычны і жыццёвы ахоп яго паэзіі. Здзіўляе і не прыдуманая, а выпакутаваная яе мудрасць і вобразнасць. Ён быў надта адкрыты ў сваіх вершах і, магчыма, здаваўся надта закрытым сам у сабе. Яго ціхасць ды маўклівая задуменнасць, унутраная засяроджанасць былі скіраваны ў глыбіню самой душы. А гэта ніколі не ляжыць на паверхні, бо тычыцца яе. Добрым пластом падтэксту часта адчуваецца яно і ў вершах.

Калі я кажу пра ціхасць і задуменнасць Міколы Маляўкі, я зусім не маю на ўвазе нейкую замкнутасць ці адасобленасць яго ў дачыненні да іншых. Зусім не, усёй істотай сваёй ён быў разнасцежаны для сапраўднага сяброўства. 

У яго, магчыма, і сяброў было больш, чым у іншых. І не прымаў, не цярпеў ён тых, хто мог лёгка здрадзіць сяброўству. 

Побач з самым дарагім для паэта словам «зямля» ў яго вершах часта паўтараецца слова «душа». Душа, як вядома, — паняцце загадкава-ўяўнае, без ніякіх прыкмет візуальнасці. Паэт М. Маляўка спрабуе ўбачыць сам і паказаць нам абрысы ўласнае душы. Калі не абрысы, дык нястомны рух паэтавай душы і сапраўды лёгка ўлавіць. І гэта, на маю думку, дасягаецца моцнай і адчувальнай энергіяй пачуцця, эмацыянальнай сілай самога слова. Сваю апошнюю кнігу паэт выбудоўваў з асаблівай стараннасцю. Пад адной вокладкай яму ўдалося кампазіцыйна паяднаць і вершы, і санеты, і балады, прытчы і міфы, байкі, гумарэскі і казкі. Усё яно, лагічна выбудаванае, арганічна ўзаемадзейнічае і самадапаўняецца, а таму і чытаецца як адзіная кніга.

Яго паэзія ў нас яшчэ як след не ацэнена, яна яшчэ патрабуе свайго ўдумлівага прачытання. Спяваў паэт не з «чужога голасу», ад чаго перасцерагаў і сваіх калег, а меў свой мілагучны і непаўторны, які пазнаеш з аднаго радка. І голас гэты гучаў у рытме самога Нёмана, які цячэ ледзь не каля самай яго вясковай хаты. Ці прадчуваў паэт сваё блізкае развітанне? У нашай апошняй размове гэтага не адчувалася. Яго душа рвалася ў родныя мясціны, да Нёманавага берага. Мы нават планавалі там сваю блізкую веснавую сустрэчу. Аднак жа выплылі са зместу кнігі і гэтыя сумныя радкі:

Можа, сустрэнемся ў будучым дзесьці.
Дзякуй, што з ціхай малітвай 
прыйшлі
Развітацца — і ў вечнасць правесці.
Ведайце, я вас любіў на зямлі.

На развітанне з ім раздажджылася. А калі я ўязджаў у Стоўбцы, усхадзіўся такі шумлівы лівень. Рэкі вады цяклі вуліцамі гарадка, і мне давялося спыніць машыну. Потым усё аціхла. Неба крыху праяснілася, але яшчэ плакала дажджом. Дождж, здалося мне, паўтараў радкі паэта:

Намольваю думкі і словы,
У Бога прашу,
Каб і новы мой дзень,
Сыходзячы ў цень вечаровы,
Нашчадкам пакінуў
Світальны прамень.

Казімір КАМЕЙША

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю