Top.Mail.Ru

Што хаваецца ў нашых мультфільмах?

Аўтар: Алена Драпко
19.03.2026 | 09:42
Юбілею анімацыі прысвячаецца

У Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, праходзіць выстаўка, прымеркаваная да 55-годдзя беларускай анімацыі «Святло намаляванага дзяцінства». Увазе гледачоў прадстаўлена сапраўдная палітра беларускай анімацыі, дзе можна прасачыць яе багатую гісторыю, развіццё і дасягненні.

Многія з беларускіх анімацыйных фільмаў, сярод якіх «Светлячок і расінка», «Зоркі сёмага неба», «Як Сінячок да сонца лётаў», «Лыжка для салдата», «Паданне пра гуслі», «Цімка і Дзімка», «Прыгоды Несцеркі», «Квака-Задавака» і шмат іншых — праклады таго, як спалучаюцца і знаходзяць адлюстраванне на экране важныя пасылы, сапраўдныя каштоўнасці. І майстэрства мультыплікатараў адлюстроўваць іх у цэласным аповедзе. 

— Наша часовая экспазіцыя «Святло намаляванага дзяцінства» прысвечана знакавай даце ў кантэксце беларускай культуры, у прыватнасці нашай анімацыі, якая сёлета адзначае 55-годдзе з даты свайго заснавання. Калі ў 1971 годзе пад эгідай творчага аб’яднання «Экран» выйшаў першы мультфільм Уладзіміра Голікава. Ён быў лялечным і распавядаў пра «Нязнайку-паэта», таму і атрымаў аднайменную назву, — дзеліцца загадчык Музея гісторыі беларускага кіно Вераніка Себруковіч. — У падрыхтоўцы гэтай выстаўкі ўдзельнічала некалькі ўстаноў. 

У аснове экспазіцыі — прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Нам дапамагала таксама Студыя анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», прадаставіўшы вялікую колькасць матэрыялаў. У першую чаргу гэта тое, што датычыцца сённяшніх дасягненняў і вынікаў творчасці нашых сучасных аніматараў. І гэта вельмі важна для таго, каб у музеі, які дакументуе не толькі мінулае, але і сучаснае, паказаць нашым наведвальнікам, як захоўваюцца традыцыі, як яны перадаюцца, і што як і раней, так і ў нашы дні беларускія аніматары вельмі актыўна працуюць, атрымліваюць узнагароды на розных міжнародных фестывалях сямейнага, дзіцячага кіно, і заваёўваюць шматлікую аўдыторыю гледачоў. І ў нас і па сёння выпускаюцца вельмі цікавыя, яркія і запамінальныя мультфільмы, таму варта прыйсці на выстаўку, каб убачыць усё гэта.

Афіцыйнай датай заснавання беларускай анімацыі лічыцца 1971 год. Але арганізатары выстаўкі пры дапамозе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь даведаліся, што першыя спробы стварэння анімацыйных фільмаў (яны былі накіраваныя, напрыклад, на прапаганду здаровага ладу жыцця) рабіліся яшчэ ў 1920-я гады. І гэтаму ёсць дакументальныя пацверджанні, якія можна знайсці сярод экспанатаў. 

Мультыплікацыйныя кінастужкі, якія з’явіліся за пяць з паловай дзясяткаў гадоў пасля «Нязнайкі-паэта» — гэта работы не проста для самых юных гледачоў, а безліч душэўных гісторый, на якіх выхоўваюцца пакаленні. Сярод экспанатаў якраз і можна адшукаць і вобразы любімых герояў, і афішы мультфільмаў, іх узнагароды. Акрамя гэтага выстаўка дазваляе паглыбіцца ў сам працэс узнікнення кінагісторый, даведацца пра разнастайнасць тэхнік, якія можна выкарыстоўваць для стварэння анімацыйных фільмаў, пачуць мелодыі, якія іх суправаджаюць, а таксама зазірнуць у закуліссе чароўнага свету і згадаць імёны тых, дзякуючы каму ўсё гэта ажывае на экране. 

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю