Top.Mail.Ru

Што хвалюе сучаснага публіцыста?

Аўтар: Ірына Прымак
28.04.2025 | 07:00

У Мемарыяльнай зале Дома літаратара адбыўся круглы стол на тэму «Публіцыстычны партрэт сучасніка: пошук новых форм і жанраў». Яго арганізатарамі выступілі Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, секцыя публіцыстыкі СПБ і газета «ЛіМ». Удзел у абмеркаванні прынялі журналісты і пісьменнікі, якія сёння актыўна выказваюцца ў СМІ і кнігах аб тым, што хвалюе. 


Міхась Пазнякоў:

— Сёння такі час, што варта больш адгукацца на міжнародныя, палітычныя падзеі, звязаныя з Беларуссю. Наш публіцыстычны голас павінен быць гучным. Я згадваю свайго земляка Барыса Васільевіча Стральцова, які выкладаў на журфаку БДУ асновы журналістыкі. Мы супрацоўнічалі, калі я працаваў галоўным рэдактарам выдавецтва «Юнацтва». 

Ён тлумачыў асаблівасці кожнага жанру, а пасля прызнаўся: усе рамкі парушаны і элементы жанраў могуць пераклікацца. Хачу адзначыць, што нават паэзія можа быць публіцыстычнай. Калі трэба адгукнуцца на тыя ці іншыя падзеі грамадзянскага характару, я часта выступаю з вершамі ў друку.

Аліна Грышкевіч:

— Я хацела б распавесці пра свой праект «Лёсы жанчын — лёс адзінай Беларусі». Кніга выйшла ў БелТА на чатырох мовах (рускай, беларускай, англійскай, кітайскай). Нягледзячы на санкцыі і на не вельмі добрае стаўленне да Беларусі некаторых дзяржаў, былі ўдалыя прэзентацыі за мяжой. У праекце — сем асноўных гераінь, іх лёсы ўнікальныя. Па іх можна «чытаць» гісторыю Беларусі. Самая вядомая — Наталля Іванаўна Качанава. Перад прэзентацыяй кнігі ў Вене я хвалявалася, але, як толькі скончыла расповед пра Наталлю Іванаўну, прагучалі апладысменты. Згадвала і пра Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, бо ў кнізе ідзе размова і пра дзяржаўную палітыку. Асаблівую цікавасць у Кітаі, Беларусі і нават Аўстрыі выклікалі партрэты жанчын, якія прайшлі праз Вялікую Айчынную вайну. Майму сэрцу дарагія гераіні родам са спаленай вёскі майго прадзеда Адама. На іх прыкладзе я распавядаю, якая трагедыя спасцігла Шкленікова. Дарэчы, у гэтай вёсцы першыя два гады вучыўся ў школе Максім Танк. Завяршаецца кніга пра сямейную дынастыю жанчын з роду Якуба Коласа — ад яго маці да праўнучак з прозвішчам Міцкевіч. 

Валерыя Сцяцко:

— У наш імклівы час важна не паведамляць навіны, звышзадача публіцыстыкі — паказаць людзей, якія сваёй працай робяць важкі ўнёсак у жыццё краіны. Напрыклад, у спорце самае цікавае — чалавечыя лёсы, а не метры і секунды. Так і ўзнікла ідэя кнігі «Па той бок медаля». Каб стварыць яе, давялося ўзяць 65 інтэрв’ю. Працу ўскладняла тое, што ў маіх герояў быў напружаны графік і людзі яны своеасаблівыя. Мяне радуе, што паспела зрабіць інтэрв’ю з нашым славутым трэнерам, чэмпіёнам Аляксандрам Мядзведзем. Вельмі сумна, што Аляксандр Васільевіч пайшоў ужо з жыцця, але ў той жа час я ўсцешана, што яго гісторыя захавалася. Добрым творчым выклікам стала інтэрв’ю з Максімам Уладзіміравічам Рыжанковым. Яго бацька Уладзімір Мікалаевіч ствараў Нацыянальны Алімпійскі камітэт як наш першы міністр спорту. НАК — важны складнік кожнай суверэннай дзяржавы, таму пра яго нельга было не распавесці.

Наталля Канстанцінава:

— Мая праца ў часопісе «Адукацыя Міншчыны» звязана з падрыхтоўкай матэрыялаў пра цікавых людзей. Сярод іх і чыноўнікі, і настаўнікі, у асноўным маладыя спецыялісты. Я многа сустракаюся з імі і разумею, наколькі яны творчыя людзі, як крэатыўна вырашаюць задачы адукацыі. І пра гэта таксама важна пісаць, каб павысіць прэстыж прафесіі педагога.

Сяргей Міховіч:

— Працытую тое, пра што важна сёння згадаць. «Фейк, дыпфейк... За кожнай з гэтых з’яў — звычайная няпраўда, скажэнне фактаў, хлусня, падлог. Нам усім трэба часцей называць рэчы сваімі імёнамі. Расказваць пра складанае проста і зразумела. Пасля 2020 года мы шмат гаварылі пра адказную журналістыку. Дамовіліся рабіць стаўку на праўду, нават калі яна не будзе гучаць ярка і сенсацыйна. У аснове павінна ляжаць праўда. Праўда і толькі праўда — гэта самае галоўнае». Ці трэба згадваць, хто гэта сказаў на Форуме медыйнай супольнасці? Вядома, наш Прэзідэнт. Гэтае выказванне павінна ляжаць у аснове нашай публіцыстыкі. Калі б мы сабраліся пяць гадоў таму, было б менш падстаў казаць пра публіцыстыку. Аднак 2020 год ускалыхнуў нас. 

Я часта пішу рэдактарскія калонкі. У маёй кнізе ёсць раздзел «Лісты з вёскі», дзе распавядаю пра сучаснікаў, якіх ніхто не ведае, бо яны робяць сваю справу — не такую заўважную, але вельмі значную. Пішу пра непрыкметных, але патрэбных людзей, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны, якім мы многім абавязаны. Мы, на жаль, не заўсёды даязджаем туды, дзе заканчваецца асфальт, каб напісаць пра гэтых сучаснікаў.

Віктар Шымолін:

— Хоць кажуць, жанры — не галоўнае, я гатовы спрачацца. Прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вікторыя Учонава лічыла: «Калі аб прыкметах жанраў забываюць, нараджаецца сурагат». Сярод публіцыстычных твораў, якіх цяпер шмат, сурагату хапае. Васіль Быкаў казаў, што законы жанраў парушаць нельга. Я таксама выступаю за гэта. Аляксандр Пушкін казаў, што публіцыстыка — авалоданне ўсеагульнай увагай. Публіцыст працуе на людзей. Я лічу яркім публіцыстам Міхася Пазнякова, з цікавасцю чытаю Сяргея Міховіча. І ўсё ж хочацца зрабіць нашу прысутнасць у масах больш шырокай. На факультэце журналістыкі можна было б правесці адкрытае абмеркаванне, куды запрасіць і студэнтаў.

Ліліяна Анцух:

— Арганізатарамі вельмі ўдала, а галоўнае — своечасова, выбрана тэматыка круглага стала. Сапраўды важна вызначыцца, якім павінен быць партрэт сучасніка, каб ён стаў узорам для новага пакалення. 

У XXI стагоддзі мы добра ўсведамляем: нас выбраў менавіта гэты час! Таму зрабіць усё магчымае на карысць сваёй Радзімы, народа — вось мэта кожнага сумленнага чалавека. Для мяне як выдаўца, які больш за трыццаць гадоў узначальвае выдавецтва, справа гонару — весці карабель у патрэбным напрамку. Адказнасць вялікая: у выбары аўтараў, твораў, у арганізацыі ўнутранай працы калектыву. А гэта патрабуе заўсёды трымаць руку на пульсе часу, пастаянна ўзбагачаць свае прафесійныя веды, клапаціцца пра ўзровень кампетэнтнасці супрацоўнікаў. 

Узорам сапраўднай публіцыстыкі ў СМІ шмат гадоў для мяне асабіста (без рэверансаў!) з’яўляецца газета «ЛіМ», паколькі сачу за гэтым выданнем. У кожным нумары знойдзеш паведамленні пра бягучыя справы нашага жыцця, навінкі кнігавыдання, крытычныя матэрыялы, інтэрв’ю, дыскусіі на актуальныя тэмы. А ўрыўкі з літаратурных твораў часта даюць падказкі аб здабытках пісьменнікаў, што спрыяе складанню выдавецкага плана.

Безумоўна, сёння мы не можам абмінуць галоўную тэму 2025 года — 80-годдзе Вялікай Перамогі. У цэнтры ўвагі нашага калектыву — актыўнае папаўненне серый «Дзеці вайны» (існуе з 2010 года), «Асоба і час», «Сучасная проза», а таксама асобныя творы пра падзеі тых гадоў. З аўтарамі і кнігамі мы выходзім на сустрэчы з чытачамі, асабліва часта з маладзёжнай аўдыторыяй. І лічым гэта вельмі дзейснай формай данясення сваёй пазіцыі да нашага грамадства. Упэўнена, што сваёй сціплай працай выдавецтва «Чатыры чвэрці» таксама робіць дастойны ўнёсак у будучыню.

Аляксандр Паўлюковіч:

— У публіцыстыцы важна, каб была зваротная сувязь. Добры прыклад — мой матэрыял пра партызанскі рух у лагойскай раённай газеце. Пасля выхаду артыкула мяне паклікалі ў Астрашыцкую школу, каб я распавёў дзецям пра тое, як усё пачыналася. Школьнікі зацікавіліся, мы разам працягвалі пошукі. І знайшлі зямлянку на месцы, дзе была першая стаянка партызанскага атрада. Цяпер кожны год напярэдадні 9 Мая там праходзіць урок мужнасці. 

Калі я займаўся тэмай спаленых вёсак у Лагойскім раёне, адна жанчына распавяла пра тое, як расстралялі 18 ваеннапалонных. Яна запомніла прозвішча аднаго з іх. Ён быў родам з вёскі Яманакі Чувашскай АССР. 

Я напісаў пра гэта ў раённай газеце і адправіў матэрыял у Чувашыю. Знайшліся яго сваякі, якія 77 гадоў не ведалі, што з ім адбылося. Высветлілася, што пляменнік расстралянага салдата — вядомы чувашскі мастак Віталь Пятроў. Ён прыехаў з унукамі, дачкой на магілу свайго дзядзькі, паставілі помнік. Гэта і ёсць добрая зваротная сувязь. 

Віктар Ермаловіч:

— З нагоды набліжэння 9 Мая варта згадаць унёсак тых, хто пачынаў пісаць пра Вялікую Айчынную вайну: Алесь Адамовіч, Алесь Бачыла, Янка Брыль, Уладзімір Карпаў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Іван Навуменка, Максім Танк, Іван Шамякін і іншыя. Яны былі выдатнымі пісьменнікамі, якія прапусцілі ўсё, што перажылі, праз сэрца. І чытач гэта адчуваў і адказваў удзячнасцю. 

Не будзе перабольшаннем сказаць: нашы публіцысты зрабілі значны ўнёсак у патрыятычнае выхаванне моладзі. Гераічныя ўчынкі суайчыннікаў, якія здзейснілі подзвігі ў 70–80-я гады сведчаць аб гэтым. Маю на ўвазе Міхаіла Мароза, які цаной жыцця выратаваў дзясяткі людзей, калі вынес снарад з поля. Згадваю і Мікалая Чэпіка, які падарваў сябе апошняй гранатай, калі скончыліся патроны, каб яго не захапілі жывым. Праз Афганістан прайшло звыш 20 тысяч беларусаў... Лічу, што афганская тэма ў нас не паднята на належную вышыню.

Аляксандр Плавінскі:

— І пра Вялікую Айчынную вайну, здавалася б, напісана многа. Аднак вывучэнне архіўных дакументаў адкрывае цэлы сегмент подзвігу беларускага народа.

У цені людзі, якія выратоўвалі ў ваенны час яўрэяў. Дагэтуль тэма вельмі абмежавана асвятляецца. Хацеў бы пазнаёміць вас са сваім праектам «Беларусы — народ праведнікаў». У 2024 годзе я выпусціў першую кнігу. 

Цяпер рыхтую новы зборнік. Калі ў кагосьці ёсць інфармацыя па выратаванні людзей у ваенны час, калектыўны подзвіг партызан, гатовы выдаць яе за свае сродкі. Гэта той пласт гісторыі, які дагэтуль дастаткова не вывучаны.

Юрый Шаўцоў:

— Я сутыкнуўся з праблемай новых жанраў у сувязі са штучным інтэлектам. Востра стаіць пытанне, якім чынам мы зможам абараніць нашу цывілізацыю ад уплыву на яе праз гэты інструмент? Наша свядомасць і ёсць прадмет даследавання публіцыста сёння. 

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю