— Часовая экспазіцыя, прысвечаная Аляксею Дудараву, «упісана» ў нашу выстаўку да 100-годдзя беларускага кіно. Цэнтральным акцэнтам можна лічыць карціну Мікалая Апіёка «Дзеячы беларускага мастацтва». На палатне мы бачым Аляксея Ануфрыевіча ў кампаніі людзей, з якімі ён працаваў: гэта рэжысёр Валерый Раеўскі, мастак Барыс Герлаван, які ў тым ліку быў мастаком эскізаў да тэатральных пастановак «Ядвіга», «Чорная Панна Нясвіжа», — расказвае загадчык філіяла «Музей гісторыі беларускага кіно» Вераніка Сербуковіч. — Калі казаць пра наша кіно, то 16 фільмаў экранізавана па творах Дударава. У тым ліку і самая вядомая камедыя «Белыя росы».
Па сцэнарыях Аляксея Дударава зняты такія фільмы, як «Суседзі», «Восеньскія сны», «Брэсцкая крэпасць», «Дняпроўскі рубеж» і іншыя, афішы да якіх можна ўбачыць у экспазіцыі. Сярод экспанатаў (а іх каля 40) прадстаўлены не толькі яго п’есы, сцэнарыі, але і ўзнагарода часопіса «Савецкі экран» (прыз гледачоў за кінастужку «Белыя росы»). Унікальным з’яўляецца рукапіс адной з апошніх рыдыёп’ес аўтара. Яе ён, на жаль, не паспеў аддаць у работу, але родныя Аляксея Ануфрыевіча перадалі гэты экспанат для выстаўкі. Звяртае на сябе ўвагу і яшчэ адзін цікавы прадмет — макет узнагароды выдатным дзеячам тэатральнага мастацтва аўтарства скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, што таксама падкрэслівае вялікі ўклад Аляксея Дударава ў беларускае мастацтва.
Акрамя гэтага, у экспазіцыі прадстаўлены рэдкія рукапісы, афішы да тэатральных пастановак, якія знаёмяць з літаратурнай спадчынай Дударава, сцэнарыі і фатаграфіі са здымак фільмаў, што дэманструюць яго ўклад у беларускае кіно.

— Творчы чалавек усё бярэ з жыцця, таму калі ў працэсе падрыхтоўкі паглыбляешся ў яго біяграфію, адкрываеш для сябе нешта новае ў асобе творцы, то разумееш, якога маштабу гэта быў чалавек, наколькі тонка ён адчуваў усё, што адбывалася навокал, — дадае Вераніка Сербуковіч.
Выставачны праект «Спадчына Дударава: слова, кадр, сцэна» працуе да 31 жніўня.
Алена ДРАПКО
Фота аўтара