Top.Mail.Ru

Што цікавага прапануюць чытачу «Нёман», «Полымя» і «Маладосць» у наступным паўгоддзі?

Аўтар: Ірына Прымак
16.06.2025 | 07:00

Пачынаецца новы літаратурны сезон. Мы звярнуліся ў рэдакцыі тоўстых часопісаў, каб даведацца, чым яны яшчэ нас парадуюць сёлета. Высветлілася, што у рэдакцыйных партфелях сапраўды шмат карыснага, цікавага і нават нечаканага для чытачоў.


Караткевіч, Танк... Хто яшчэ?

Галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп згадаў, што 7 жніўня споўніцца 30 гадоў, як пайшоў з жыцця Максім Танк. Пераглядаючы матэрыялы хатняга архіва, літаратуразнаўца Мікола Мікуліч натрапіў на неапублікаваныя старонкі гутаркі (ад 1 красавіка 1996 года) пра Максіма Танка з Сяргеем Грахоўскім. Такім чынам і з’явіўся матэрыл для 
публікацыі «Гэта адкрытая душа: весялун, дасціпнік, рагатун...»

На пытанне Міколы Мікуліча: «Ці бачылі вы Танка нервовым, калі ён на некага голас павышаў?» Сяргей Грахоўскі адказаў: «Бачыў. Як рэдактар „Полымя“ Танк быў вельмі прынцыповым. Нягледзячы ні на якія аўтарытэты, ён адстойваў сваю думку, сваю пазіцыю. Тады было вельмі цяжка нешта вострае апублікаваць, нават гістарычныя рэчы... 

Я памятаю, як цяжка было друкавацца Валодзю Караткевічу са сваімі раманамі, са сваімі „Каласамі...“, „Дзікім паляваннем караля Стаха“, „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“. І вось, памятаю, Валодзя Караткевіч прынёс „Каласы пад сярпом тваім“ у „Полымя“. У першую чаргу твор прачыталі намеснік галоўнага рэдактара Скрыган, адказны сакратар Бачыла, аддалі чытаць Танку. Гісторыю ён ведаў, можа, як ніхто. Быт, каларыт жыцця нашых далёкіх продкаў ведаў выключна. Начытанасць Танка была энцыклапедычная, сапраўды, хоць у яго і не было дыплома аб вышэйшай адукацыі, так, як, напрыклад, у Брыля, няма атэстата нават сярэдняй школы, але дай Бог нашаму кожнаму акадэміку быць такім эрудытам, як Танк ці Брыль. І я вось прыгадваю, калі прыходзіў Караткевіч, Танк гартаў старонкі рукапісу і ў іх пачыналася такая спрэчка! Танк здымаў пінжак, вешаў на спінку крэсла, закасваў рукавы, хадзіў па пакоі, даказваў Караткевічу...» Як працягвалася далейшая размова, можна даведацца ў адным з нумароў. 

Да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча рыхтуюцца матэрыялы з яго творчай спадчыны (рэкамендацыі для ўступлення асобных творцаў у Саюз пісьменнікаў, ліст П. М. Машэраву наконт захавання старажытнага цэнтра Мінска), артыкулы Розы Станкевіч (пра творчасць пісьменніка і асабістыя стасункі з ім) і Пятра Жаўняровіча (пра самую вядомую аповесць Караткевіча).

4_22_C.jpg

У другім паўгоддзі ў «Полымі» будуць змешчаны аповесці Вячаслава Мойсака «Скарб» пра маральна-этычныя праблемы догляду старых і нямоглых людзей; Віктара Варанца «Люцыфер ужо ў Гродне» пра падзеі Першай сусветнай вайны і дзейнасць контрразведкі ў пачатковы перыяд яе існавання; Уладзіміра Мажылоўскага «Аблічча д’ябла» з дэтэктыўным сюжэтам і экскурсамі ў далёкую гісторыю; Генадзя Ходара «Квэст па Белалессі» з элементамі фантастыкі падчас выкарыстання найноўшых тэхналогій у турызме; Валянціны Кадзетавай «Адлюстраванне мора» з роздумам пра малую радзіму, свой род і яго месца ў сучаснасці. 

З кароткай прозы плануецца надрукаваць апавяданні Таццяны Дземідовіч, Тамары Бунты, Святланы Бязлепкінай, Івана Пяшко, Людмілы Кебіч, Ніны Рыбік, Вітаўта Чаропкі, Вольгі Таляронак, Яўгена Хвалея, Анатоля Бутэвіча, Сяргея Сцяпана, Алы Клемянок, Паліны Корневай і інш. Рыхтуюцца да друку раздзелы з дакументальна-мастацкай аповесці Івана Лапо «Было ў маці сямёра дзяцей...». Чакаецца працяг публікацыі лірычных мініяцюр «Паміж кубкам і вуснамі» Казіміра Камейшы. 

У рэдакцыйным партфелі шмат паэзіі: вершы Алеся Бадака, Навума Гальпяровіча, Рагнеда Малахоўскага, Іны Фраловай, Івана Капыловіча, Хведара Гурыновіча, Жанны Міус, Наталлі Святловай, Людмілы Воранавай, Соф’і Шах, Аксаны Ярашонак, Настассі Нарэйкі, Вольгі Шпакевіч, Ніны Гарагляд, Таццяны Барысюк, Людмілы Шчэрбы, Ганны Ціханавай, Галіны Загурскай, Віктара Кунцэвіча, Галіны Бабарыкі і інш. 

На думку рэдакцыі, з цікавасцю будуць прачытаны артыкулы Ганны Запартыкі «Колькі штрыхоў да гісторыі Купалавай «Жалейкі», Алеся Хітруна «Янка Купала і Лідчына, або Гісторыя прыезду ў Ліду першага народнага паэта Беларусі ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Лідска-Слабадской акрузе № 306», Міколы Труса «Скарыніяна першай паловы ХХ ст.: архіўны дыскурс», Міколы Мікуліча «Сваё жыццё паклаў на шалі...», «Творчая індывідуальнасць Уладзіміра Жылкі», Марыі Шамякінай «Два жыцці Трухана-Трухановіча: фантастычнае ў рамане Андрэя Федарэнкі „Рэвізія“» і інш. 

У юбілейны год

Як адзначыла галоўны рэдактар «Нёмана» Наталля Касцючэнка, вельмі важна, што сёлета чытачы часопіса змогуць паглыбіцца ў яго гісторыю. З нагоды юбілею «Нёмана» — восенню яму спаўняецца 80 гадоў — у другім паўгоддзі будуць надрукаваны архіўныя матэрыялы, якія захавала сям’я класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна, галоўнага рэдактара часопіса ў 1952–1953 гадах. Таксама з архіўных матэрыялаў можна будзе даведацца аб працы і творчасці Яўгена Васілёнка, які ўзначальваў «Нёман» у 1958–1966 гг.

Знавакай падзеяй абяцае стаць круглы стол «„Нёман“ учора, сёння і заўтра», прымеркаваны да 80-годдзя з дня заснавання выдання.

Беларускі архівіст Ганна Запартыка пазнаёміць чытачоў з перапіскай перакладчыкаў Міхаіла Ісакоўскага і Яўгена Мазалькова, у тым ліку той, што тычыцца перакладу паэмы «Тарас на Парнасе». З цікавага — расповед Казіміра Камейшы пра свайго старэйшага таварыша і калегу, беларускага паэта Пятра Прыходзьку.

У другім паўгоддзі чытачам будзе прапанавана пазнаёміцца з успамінамі беларускага кінасцэнарыста і журналіста Веры Савінай пра яе бацьку — опернага барытона Юрыя Матраева. Яна таксама распавядзе пра сваё дзяцінства за кулісамі Опернага тэатра і знакаміты дом, дзе жылі вядомыя артысты.

4_22_A.jpg

Чытачам, безумоўна, цікава даведацца, з якімі мастацкімі творамі яны змогуць пазнаёміцца на старонках любімага часопіса ў другім паўгоддзі. Гэта, напрыклад, прыгодніцкі і фантасмагарычны раман Людмілы Рублеўскай «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі (шостая кніга серыі «Авантуры Пранціша Вырвіча» ў перакладзе з беларускай); аповесць Валянціны Кадзетавай «Мелодыя ціхага палявання» (пераклад з беларускай аўтара). 

У аснове аповесці-эсэ Алены Чыжэўскай «Тры дзённікі» — запісы юнай гераіні падполля Лілі, прататыпам якой з’яўляецца родная сястра аўтара, забітая фашыстамі.

На старонках часопіса з’явяцца апавяданне «Вялікі Шан Ян» і эсэ «Ці дажывём да ста гадоў, альбо Пасмяротнае рыданне» Уладзіміра Караткевіча, не надрукаваныя пры жыцці пісьменніка.

У другім паўгоддзі ўжо запланаваны да публікацыі ў «Нёмане» творы Навума Гальпяровіча, Алега Ждана-Пушкіна, Максіма Іванова, Віктара Казько, Алеся Камароўскага, Івана Мельнікава, Алены Паповай, Зіновія Прыгодзіча, Міхаіла Шэлехава, а таксама вершы Анатоля Аўруціна, Генадзя Аўласенкі, Святланы Быкавай, Фёдара Гурыновіча, Тамары Красновай-Гусачэнкі, Любові Красеўскай, Таццяны Лейко, Наталлі Міхальчук, Уладзіміра Мазго, Міхаіла Пазнякова, Елізаветы Палеес, Валянціны Паліканінай і іншых.

«Ваўкалакі» і не толькі

Пра творчыя планы на другое паўгоддзе распавяла і галоўны рэдактар «Маладосці» Вольга Рацэвіч. Чытачоў чакае працяг неагатычнага рамана Маргарыты Латышкевіч «Ваўкалакі», які пачаў друкавацца са студзеня 2025 года. Сярод маштабных задум рэдакцыі — круглы стол «Рэалізм/фэнтэзі: адвечны двубой прыхільнікаў супрацьлеглых лагераў» і PUBLIK TALK «Дэпрэсіўная моладзь: як літаратура паглыбілася ў чалавека». На старонках «Маладосці» будуць надрукаваны творы пераможцаў Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу студэнтаў і школьнікаў «БрамаМар», вынікі якога былі падведзены сёлета. А ў канцы гэтага года часопіс падвядзе вынікі свайго конкурсу на лепшы фантастычны твор.

4_22_B.jpg

У другім паўгоддзі ў «Маладосці» са сваімі паэтычнымі творамі выступяць Васіль Дэбіш, Валерый Пазняк, Наталля Тарабеш, Віктар Шніп, Соф’я Шах, Андрэй Кімбар, Рагнед Малахоўскі, Ірына Макарчук, Кацярына Мізерыя, Марыля Буйневіч, Яўгенія Лязо, а таксама шэраг паэтаў-дэбютантаў. Чытачы змогуць пазнаёміцца з прозай Казіміра Камейшы, Юрася Гуліцкага, Сяргея Белаяра, Алеся Марціновіча, Філмара Плэйса, Таццяны Цвірко, Наталлі Канстанцінавай, Жанны Міус, Юліі Брузго, Надзеі Скрыпнік, Юліі ШурбінойКаравацкай, Юліі Макарэвіч.

Цікавыя новыя знаходкі з творчай спадчыны рэдакцыя прапануе да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. У рубрыцы «Музейная гасцёўня» будуць прадстаўлены прадметы (рукапісы, фотаздымкі, рэчы, дакументы і інш.), што знаходзяцца за «брамай скарбаў» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і амаль не вядомыя шырокай публіцы.

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю