Top.Mail.Ru

«Што я чытаю»: чаму жанр настолькі важны для літаратуры?

29.04.2025 | 07:00

У сучаснай культуры — і літаратурнай, і тэатральнай, і кінематаграфічнай — кроку нельга ступіць без паняцця жанру! У ХХІ стагоддзі ён паступова становіцца чымсьці вызначальным для твора, чымсьці ўсёахопным і ўсёмагутным. Ён пераважае над аўтарам, дыктуе свае ўмовы крытыку... І таму дзіўна бачыць, як паняцце, з якога, па сутнасці, пачынаецца разгляд кожнага твора, часта ігнаруецца — як крытыкамі літаратурнымі, так і крытыкамі кінематографа, і блогерамі, і аглядальнікамі кніг/фільмаў, і нават чытачамі — у водгуках на твор. 


Можа быць, гэта таму, што ў школе нам не даюць паняцця аб усёмагутнасці жанру? Наогул, у пэўным сэнсе... даюць. Вось, напрыклад, адно з азначэнняў жанру: «Род мастацтва або літаратуры, які склаўся на працягу гісторыі, характарызуецца пэўнымі сюжэтнымі, кампазіцыйнымі, стылістычнымі і інш. прыкметамі; асобныя разнавіднасці гэтага роду». І мы, здаецца, разумеем, што калі перад намі камедыя — павінна быць смешна, а калі трагедыя — сумна і горка. Мы разважаем пра тое, чаму Гогаль вызначыў «Мёртвыя душы» як паэму. І пра тое, што класіцызм не дапускаў змешвання жанраў: нізкае і высокае ў адным тэксце не ўжывалася. Аднак класічная літаратура ўсё ж меней схільная да жанравага ўплыву і жанравага падзелу, бо само паняцце жанру выпрацоўвалася паступова. 

А паколькі вывучаем мы з дзяцінства пераважна літаратуру класічную — меркаванне пра жанр ствараецца як пра нешта, што... вось яно ёсць, мы нават у літаратурных разборах гэта вучымся вызначаць... але яно, увогуле, не надта важна.

5_16 a.jpg

Вось толькі масавая літаратура шмат у чым жанравая. Гэта можна сцвярджаць хоць бы па тым, што ў розныя эпохі моду набіралі не толькі асобныя кнігі, але і жанры. Напрыклад, сярэднявечны рыцарскі раман, гатычны раман, раман пра высакароднага разбойніка, гістарычны раман, раман пра вампіраў, дэтэктыўны раман — і, вядома ж, рознага роду любоўныя і сентыментальныя раманы (усе ж памятаюць густ пушкінскай Таццяны?). Межы гэтых жанраў акрэсліваліся дастаткова дакладна, а гісторыі вельмі часта будаваліся па пэўных шаблонах. І гэта зразумела: публіка цягнулася да вядомага. Калі чытачу хацелася расследаванняў і таямніц, ён звяртаўся да дэтэктыва, але ніяк не да любоўнай драмы.

Але з цягам часу густы публікі сталі больш патрабавальнымі. Патрэбны быў не проста дэтэктыў, а дэтэктыў гатычны. Навуковая фантастыка пачала адрознівацца ад касмічнай ці космаоперы. Попыт на пэўныя шаблоны і жанравыя асаблівасці тэксту прывёў да стварэння кніжных серый, у якіх гэтыя асаблівасці сцвярджаліся. Пастаянна ўзнікалі новыя модныя паджанры, выдаўцы хацелі прадаваць, аўтары — зарабляць, чытачы — атрымліваць моднае, і ўсё гэта прывяло нас да сітуацыі, якую бачым цяпер. Да ўсёмагутнасці жанру.

Чаму даводзіцца казаць менавіта аб усёмагутнасці? Таму што жанр — ці паджанр — вызначае цяпер практычна ўсё ў кнізе. Сюжэт, узровень прапрацоўкі персанажаў, мастацкія асаблівасці, магчымасць выдання кнігі, цікавасць чытача... Так, мы вядзём гаворку пра масавую літаратуру і пра масавае кіно — але ж пэўныя прыкметы «жанравай усёмагутнасці» пачынаюць назірацца ўжо і ў літаратуры, створанай па класічных канонах. Дрэнна гэта ці добра для чытача ці аўтара?.. Наўрад ці можна пра гэта меркаваць. Але для ўсіх, хто спрабуе ацэньваць сучаснае мастацтва, аналізаваць яго, казаць пра яго, жанр робіцца адным з самых важных крытэрыяў. Рэцэнзія на кнігу ці фільм, водгук, меркаванне, па сутнасці, павінны пачынацца з жанру і з таго, наколькі твор ляжыць у межах выбранага жанру ці наколькі ён пашырае гэтыя межы. Без уліку жанру нармальная ацэнка тэксту становіцца немагчымай. А часта немагчыма і нармальная работа з гэтым тэкстам.

Выдатны прыклад — сказы Паўла Бажова з «Малахітавай шкатулкі». Ніхто не аднёс бы гэты твор да масавай літаратуры. Аднак вызначэнне жанру тут робіцца важным як ніколі. Бо вельмі часта тэкст успрымаецца як казка, ілюструецца як казка, рэкамендуецца менавіта для дзіцячага чытання і нарэшце экранізуецца ў казачнай манеры. А чытачы, якія дабраліся да кнігі ў сталым узросце, здзіўляюцца: чаму там столькі нявызначаных і сумных канцовак. Бо ёсць жа там чараўніцтва, ператварэнні Гаспадыні Меднай гары ў яшчарку, таемныя хады пад зямлёй, фальклорныя істоты, накшталт Блакітнай Змейкі...

Вось толькі не кожны тэкст з гэтымі прыкметамі — дзіцячая казка. Бажоў не пісаў казкі для дзяцей, ён хацеў напісаць уральскі эпас (дакладней, стылізавацца пад такія народныя тэксты, як былічкі, легенды). І сказ — гэта жанр куды больш сур’ёзны, жыццёвы, чым казка. 

5_16 b.jpg

У сказе нерэальнае і рэальнае пераплятаюцца, гэта — апавяданне, дзе немалую частку займае народнае жыццё ў пэўны час. Чамусьці сказы Ляскова ніхто не лічыць выключна дзіцячымі. А вось у бажоўскіх тэкстах выявы Гаспадыні, Полаза, Паскакушкі нібы засланяюць аснову, на якую аўтар іх паклаў. А аснова гэтая — гістарычна дакладнае апавяданне пра нялёгкае жыццё рудакопаў і каменярэзаў на прыісках, напоўненае зверствам прыказчыкаў, прыгоннай несправядлівасцю, таемнымі купцамі, шпіёнамі «ад канторы»...

І калі мы пашукаем аналогіі ў сучаснай літаратуры — гэта «цёмнае» фэнтэзі або «магічны рэалізм». І менавіта ў гэтай змрочнай, рэалістычнай і цяжкай манеры з украпінамі містыкі і «духаў мясцовасці» варта было б ажыццяўляць экранізацыю бажоўскіх тэкстаў.

У літаратуры ж масавай ці калямасавай крытыкі і чытачы часта «спатыкаюцца» аб патрабаванні і законы жанру. Напрыклад, нямала прыхільнікаў «Гары Потэра» і нават крытыкаў кнігі зламалі дзіды аб нелагічнасці ў тэксце або аб тое, што аўтар раскрыў не ўсе падрабязнасці магічнага свету. Аднак пры гэтым выпускаюць з-пад увагі, што жанр падлеткавага фэнтэзі патрабуе ад аўтара зусім іншага: персанажаў, з якімі юныя чытачы змогуць зрадніцца, цікавага і імклівага сюжэта, таямніц і прыгод, добрай і ненадакучлівай маралі, яркіх эпізодаў... 

За поўнай прапрацоўкай светабудовы трэба ісці да эпічнага фэнтэзі. Але тут ужо «Уладара кольцаў» Толкіна пачынаюць крытыкаваць за аднамернасць, недастатковую складанасць персанажаў, малую колькасць жаночых вобразаў і іх нязначную ролю ў сюжэце. Ізноў выпускаючы з-пад увагі, што Прафесар ствараў не фэнтэзійны раман, а эпічны твор на самастойна распрацаванай міфалагічнай аснове. 

Нездарма ж ёсць такі выраз, як «законы жанру». Але як гэтыя законы працуюць? І ці абавязаны іх выконваць усе пісьменнікі? І якім чынам гэтыя законы ўлічваюцца пры аналізе тэксту?

Для пісьменнікаў жанравыя законы звычайна выліваюцца ў неабходнасць захоўваць жанравую аднастайнасць. Тут можна ўбачыць два асноўныя законы. Першы — «Закон адпаведнасці тэксту выбранаму жанру». Другі — «Адступленне ад выбранага жанру можа быць толькі ўсвядомленым». Інакш кажучы, калі мы пішам кнігу ў жанры псіхалагічнага рамана, тэкст будуецца на ўзаемадзеянні характараў, на людзях і іх матывацыі, на дыялогах, канфліктах. І дыялогі, якія складаюцца са штампаў, схематычнасці характараў, нецікавых плоскіх канфліктаў, тут будуць недапушчальныя. Калі тэкст плануецца як лёгкі дэтэктыў, але дзеянні адбываюцца ў рэальным свеце, трэба сканцэнтравацца на дэтэктыўным сюжэце, гумары і лагічнай частцы твора, паколькі ў свеце дэтэктыва вельмі важнымі будуць менавіта матывацыя злачынцаў, логіка іх і следчага. Калі гаворка ідзе пра твор, заснаваны на рэальных гістарычных падзеях, — менавіта эпоха і гэтыя падзеі павінны адлюстроўвацца са скрупулёзнай дакладнасцю (у адрозненне ад, напрыклад, кніг Дзюма, які пісаў у жанры авантурнага рамана, і таму ў цэнтры быў авантурны сюжэт — прыгоды). Аўтар праз жанр дае сабе адказ на пытанне: «А што я наогул хачу напісаць?» — без наіўнага дзіцячага «Ну, я хачу напісаць вельмі добрую кніжку пра жыццё, і каб яна ўсім-усім-усім падабалася».

Калі ж хочацца сумясціць два жанры ці больш — патрэбна рабіць гэта свядома. Пісьменнік абавязаны ўсведамляць, якія элементы парушаюць цэласнасць жанру, а якія не парушаюць, і дадаваць да асноўнага жанру элементы іншых жанраў так, каб атрымліваўся цэласны твор з пэўнай ідэяй, а не механічна злепленыя кавалкі, якія нібыта належаць розным тэкстам. У наш час гэта адносіцца ў тым ліку і да публіцыстыкі. Нярэдка можна ўбачыць, як нядрэнныя і дастаткова глыбокія публіцыстычныя або мемуарныя тэксты, прысвечаныя канкрэтным падзеям або канкрэтнаму часу, раптам разбаўляюцца доўгімі філасофскімі разважаннямі аўтара ці лірычнымі, эмацыянальнымі і маляўнічымі маналогамі аб прыродзе. Ці нават вершамі. І вось ужо чытач міжволі задаецца пытаннем: «А што я наогул цяпер чытаю?»

Калі ж мы завялі гаворку пра чытача, ад яго патрабуецца хіба што разуменне: вельмі часта адказ на пытанне «Што я чытаю?» якраз і пачынаецца з жанру. Разуменне законаў жанру для чытача ўкладваецца ў ёмістую формулу: «У кнізе не можа быць усё і адразу». Гэта ўсведамленне таго, што пісьменнік заўсёды будзе надаваць увагу нейкаму боку свайго твора. Таму боку, які вызначаецца жанрам. Таму нельга ацэньваць усе кнігі па нейкім адным крытэрыі, як і нельга прасіць ідэальнай прапрацоўкі ўсіх бакоў ад адной кнігі. Кніга, дзе ўпор робіцца на эпас і прапрацоўку светабудовы, можа здацца нуднай і перапоўненай дэталямі. Кніга, дзе на пярэдні план выносяцца адносіны, можа здацца беднай у сюжэтным плане. Кніга для падлеткаў будзе адрознівацца па дбайнасці прапрацоўкі і па мове ад кнігі для дарослых. І літаральна тое самае будзе адбывацца з фільмамі. Нельга папракаць драму ў тым, што «ў ёй адны толькі размовы» і шукаць у сатыры цудоўныя спецэфекты. Трэба памятаць, што ў выпадку масавай культуры жанр — гэта яшчэ і разлік на мэтавую аўдыторыю тэксту/фільма, і выбар падачы, і нават пэўныя мастацкія якасці.

5_16.jpg

Менавіта таму залатое правіла чытача, гледача, крытыка павінна гучаць наступным чынам: «Ацэнка твора робіцца ў адпаведнасці з жанрам твора». Што гэта азначае для чытача — мы ўжо бачылі. Што гэта значыць для крытыка? Вышэй я ўжо казала, што перш за ўсё ў аналітычным артыкуле ці рэцэнзіі павінны падымацца пытанні жанру. Каб даць адказ на пытанне: «Што мы аналізуем?» І ўбачыць, якія асаблівасці тэксту абумоўлены жанрам; якія ад яго адступаюць; дзе аўтар гуляе з паняццем жанру, ідзе за яго рамкі, пашырае... ці нават стварае новы.

У сучасным свеце вызначыць жанр твора — значыць адказаць на адно з асноўных пытанняў пра твор. «Што я пішу?» (для пісьменніка), «Што я чытаю?» (для чытача), «Што я аналізую?» (для крытыка). Паняцце жанру з абагульненага цяпер робіцца вузкім; кожны са знаёмых нам жанраў мае на ўвазе збор пэўных правілаў, за якім — усё: светабудова твора, рэалістычнасць і прапрацоўка, апеляцыя да логікі, глыбіня работы з персанажамі, паўната сюжэта, падача і мастацкія прыёмы. Жанр — паняцце, якое патрабуе пільнай увагі ў свеце літаратуры. Хоць бы таму, што ён пачынае панаваць над гэтым светам, вызначаючы шлях пісьменніка. Добра гэта ці дрэнна — рассудзіць гісторыя. Але ігнараваць жанр у любым выпадку не атрымаецца.

Алена КІСЕЛЬ, кандыдат філалагічных навук

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю