Пад адной вокладкай сабрана лаканічная інфармацыя пра дзяржаўныя (раздзелы «Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь», «Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь», «Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь», «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь») і нацыянальныя сімвалы (расповед прысвечаны наступным тэмам: бусел, зубр, лён, васілёк, бульба, рэкі і азёры, батлейка, арнамент, слуцкі пояс, Ў (у нескладовае), Крыж Ефрасінні Полацкай, зорка, Кветка Перамогі, Храм-Помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, Знак якасці, Скарынаўскі знак, Палац Незалежнасці, Месца сілы). Да тэкстаў пададзены ілюстрацыйны матэрыял — малюнкі выканалі А. Сянько, Я. Бядонік, В. Когут, А. Мядзведзь, творчая група студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Ф. Шурмялёва.
— У кожнай краіны ў свеце ёсць свае знакі-сімвалы, якія вылучаюць яе сярод іншых, — каментуе падзею загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» Вольга Давідовіч. — Часцей за ўсё гэта дзяржаўныя сімвалы (сцяг, герб, гімн, Канстытуцыя) і нацыянальныя сімвалы, у фарміраванні якіх вялікую ролю іграе менталітэт народа, яго светапогляд, а таксама важныя гістарычныя падзеі. У кнізе «Сімвалы суверэннай Беларусі», якую проста не хочацца выпускаць з рук (настолькі яе дызайн, афармленне выклікаюць эстэтычную асалоду), прадстаўлены сімвалы сучаснай суверэннай Беларусі. Шмат якія з іх маюць старажытную гісторыю, некаторыя сталі сімваламі адносна нядаўна. Так, пералік іх не канчатковы. Кожны чытач можа дапоўніць яго самастойна. І гэтым таксама кніга «Сімвалы суверэннай Беларусі» цікавая. Энергію, трывалы стрыжань нараджэнню, развіццю нашага праекта надаў Сяргей Рыгоравіч Мусіенка. Вопытны палітолаг, публіцыст, ён чуйна асэнсоўвае характар успрыняцця чытачом важнай грамадскай, палітычнай інфармацыі... Мне здаецца, што ў выдання будзе працяг. Ён проста абавязаны быць!..
У склад рэдакцыйнага савета праекта «Сімвалы суверэннай Беларусі» ўвайшлі вядомыя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы краіны — намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісі Беларусі Ігар Карпенка, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў. Над кнігай працавала і рэдакцыйная калегія ў складзе А. Карлюкевіча (галоўны рэдактар), У. Андрыевіча, М. Баразны, Л. Языковіч, І. Марзалюка, Ф. Поўнага, С. Шмарлоўскага.
На старонках кнігі можна сустрэць імёны беларускіх пісьменнікаў, вядомых дзеячаў мастацтва, нацыянальнай культуры — Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Мулявіна, Міколы Гусоўскага, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Максіма Багдановіча, Пімена Панчанкі, Каруся Каганца, Леапольда Родзевіча, Ігната Буйніцкага, Аляксандра Бурбіса, Фларыяна Ждановіча, Іосіфа Лангбарда, Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Ефрасінні Полацкай, Міхаіла Савіцкага... Названы імёны беларусаў-касманаўтаў, а таксама Герояў Беларусі…
З кнігай «Сімвалы суверэннай Беларусі», якая, несумненна, прыйдзе і ў школы, іншыя навучальныя ўстановы, можна смела адкрываць любы ўрок грамадзянскага, патрыятычнага выхавання.
Нагадаем, што паліграфічнае выкананне кнігі належыць «РУП «Выдавецтва „Беларускі Дом друку“» — сапраўднаму флагману айчыннай паліграфіі.