Выкананне твораў на не самых чаканых для іх паказу пляцоўках заўсёды інтрыгуе. І асаблівую цікавасць выклікае аб’яднанне намаганняў некалькіх бакоў (людзей, арганізацый, дзяржаў) для рэалізацыі агульнага праекта, той ці іншай праграмы. Сумесная ініцыятыва — залог поспеху, прынамсі, у рэчышчы знаёмства і абмену культурнымі здабыткамі паміж краінамі.
Тыдзень таму Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, заручыўшыся згодаю і падтрымкай Пасольства Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, правёў у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі вечар італьянскага мастацтва. Публіцы быў прадстаўлены спектакль па оперы П’етра Масканьі «Сельскі гонар» у адной дзеі.
У цэнтры рамантычнага твора, напісанага ў 1890 годзе па аднайменнай навеле Джавані Вергі, — тэмы кахання і маралі.
Асноўная сюжэтная лінія разгортваецца ў сіцылійскай вёсцы. Трагічная гісторыя пра рэўнасць, здраду і помсту адбываецца ў велікодную раніцу. Калі малады селянін Турыду вяртаецца з арміі і высвятляецца, што яго каханая Лола выйшла замуж за багатага возніка Альфіа, ён суцяшаецца раманам з іншай дзяўчынай, Сантуцай. Але Лола зноў спакушае яго, і адчайная Сантуца раскрывае Альфіа здраду яго жонкі, што прыводзіць да выкліку Турыду на паядынак. Сутыкненне прыводзіць да забойства...
Опера, між іншым, вядомая беларускай публіцы. Не аднойчы яе ставілі і ў Вялікім тэатры.
А ў далёкім 1979 годзе на яго сцэне партыю Сантуцы выканала славутая оперная спявачка Алена Абразцова... У спектаклі ж, які паказалі ў Белдзяржфілармоніі, партыі прагучалі ў выкананні не толькі беларускіх, але таксама італьянскіх спевакоў: у ролі Сантуцы на сцэну выйшла Джынеўра Мартала, у ролі Турыду выступіў Альберта Прафета, Альфіа ў пастаноўцы — Лука Бруна.
Іх партнёрамі па сцэне сталі Кацярына Міхнавец і Ксенія Малахвейчук, якія ўвасобілі гераінь Лючыі і Лолы адпаведна. Рэжысёрам стаў Карла Антоніа Дэ Лючыя (Італія).
За музычную частку канцэртнага выканання оперы П’етра Масканьі «Сельскі гонар» адказвалі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр і яго галоўны дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў. На сцэну гэтым вечарам выйшлі таксама заслужаныя калектывы рэспублікі — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы (галоўны дырыжор — Вольга Янум), Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (галоўны дырыжор — Сямён Кліманаў) і Магілёўская гарадская капэла (мастацкі кіраўнік і дырыжор — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Лішчэнка). Пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, дырыжора і, дарэчы, аўтара ідэі праекта, выступленне беларускіх і італьянскіх музыкантаў спачатку адбылося ў Мінску, а пасля ў Віцебску — ужо ў фінале XXXVI Музычнага фестывалю імя Івана Салярцінскага.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота БелТА