Top.Mail.Ru

Спектакль па п’есе П’ера дэ Марыво ідзе ў Новым драматычным тэатры

Аўтар: Яўгенія Шыцька
24.06.2025 | 07:00

Французскі драматург і празаік П’ер дэ Марыво (1688–1763) найбольш вядомы па няскончаных раманах «Удачлівы селянін» і «Жыццё Марыяны», фільм 2001 года па яго камедыі «Трыумф кахання» (рэжысёр Клэр Піплоу) палюбіўся гледачам розных краін, і многія п’есы аўтара выкарыстоўваюцца для вывучэння пабудовы сцэнічнага дзеяння. Асаблівую ўвагу тэарэтыкі тэатра і педагогі звяртаюць на твор «Гульня кахання і выпадку», да якога нядаўна звярнуліся беларускія творцы. 


П’еса «Гульня кахання і выпадку» знаёма сталічнаму гледачу хаця б па музычнай камедыі ў 2-х дзеяннях «Гульня кахання», якую паказваюць у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. А ў Новым драматычным тэатры падрыхтавалі па творы знакамітага драматурга спектакль «Амурныя забавы» — у жанры «любоўны фарс». У пастановачную групу ўвайшлі рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кулікоўскі, рэжысёр Лізавета Машковіч, мастак-пастаноўшчык Лідзія Малашэнка, мастак па святле Уладзіслаў Рыхтэр і балетмайстар-пастаноўшчык Павел Стрэльчанка. 

Класічны камедыйны тэкст, сюжэт якога будуецца на традыцыйным прыёме пераапранання, — вось з чым давялося працаваць артыстам Новага тэатра. Пад дудку Яго Вялікасці Выпадку скачуць гэтым разам Сільвія (у розных складах ролю выконваюць Надзея Анцыповіч, Яна Кірноз) і Дарант (Дзмітрый Ціхановіч, Фёдар Пясецкі), Лізэта (Мілана Іванова, Анастасія Аляксеева) і Марыа (Данііл Казак), Арлекін (Дзмітрый Кузняцоў) і Спадар Аргон (Валерый Глазкоў, Васіль Ніцко), а таксама Гувернантка (Таццяна Жданава, Аксана Баранок) — новы персанаж ад стваральнікаў спектакля, які, апроч іншага, уступае ў дыялог з гледачамі. Артысты, асабліва старэйшае пакаленне, ярка выяўляюць пачуцці і месцамі ўнутраныя канфлікты сваіх герояў, і разам з весялосцю і запалам, якія кіруюць дзеяй, выводзіцца формула агульнага настрою «Амурных забаў». 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю