Top.Mail.Ru

Старонкі беларуска-туркменскіх літаратурных стасункаў

Аўтар: Алесь Карлюкевіч
27.08.2026 | 17:49
часоў і лёсаў Повязь

У маі 2024 года ў сталіцы Туркменістана быў усталяваны помнік народнаму паэту Беларусі Янку Купалу. Падзея адбылася ў межах святкавання 300-годдзя вялікага паэта і мысляра Усходу Махтумкулі Фрагі. Скульптура ўстаноўлена ў новым культурна-паркавым комплексе «Махтумкулі Фрагі» побач з помнікамі паэтам, пісьменнікам, асветнікам розных краін. Аўтар усяго комплексу, як і помніка Купалу, — вядомы скульптар Сарагт Бабаеў.

Хацелася б крыху распавесці пра повязь беларускага мастацкага слова праз творы Янкі Купалы з Туркменістанам, туркменскай літаратурай, туркменскай культурай. Яшчэ пры жыцці нашага класіка, у 1941 годзе, у Ашхабадзе пабачыла свет кніга яго вершаў на туркменскай мове. Перакладчыкамі выступілі Берды Кербабаеў і Ата Ніязаў. Апошні, дарэчы, у 1941-м паспеў выдаць і кнігу другога нашага класіка ў перакладах на туркменскую мову — «Выбраныя вершы і паэмы» Якуба Коласа. Ата Ніязаў — першы з туркменскіх мастакоў слова, які звярнуўся да пераўвасаблення твораў Аляксандра Пушкіна.

З першых дзён вайны туркменскі паэт, празаік і перакладчык — на фронце. Лейтэнант Ата Ніязаў займаў пасаду намесніка камандзіра стралковага батальёна па палітычнай частцы 523-га стралковага палка 188-й стралковай дывізіі. Дасылаў у Ашхабад свае франтавыя вершы — «Гнеў народа», «Чырвоны джыгіт», «Савецкай Арміі», «Сын мора», «250 дзён» (пра гераічную абарону Севастопаля), паэму з жыцця партызан «Мэта» (напісаў яшчэ ў 1941-м). Загінуў перакладчык Купалы на фронце ў 1943 годзе. 

Берды Кербабаеў — народны пісьменнік Туркменскай ССР. Акадэмік Акадэміі навук Туркменскай ССР. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат двух Дзяржаўных прэмій СССР. У 1942–1950-я гг. — старшыня Саюза пісьменнікаў Туркменскай ССР. Аўтар паэм, раманаў, аповесцей, кніг для дзяцей. Дзве кнігі Б. Кербабаева пабачылі свет у перакладзе на беларускую мову. Вядомы як перакладчык на сваю родную мову твораў класікаў сусветнай літаратуры. 

У пасляваенныя гады туркменскія паэты не аднойчы звярталіся да пераўвасаблення паэзіі нашага слыннага суайчынніка. У жнівеньскім за 1952 год нумары часопіса «Совет эдебияты» («Савецкая літаратура») з’явіліся пераклады чатырох вершаў Купалы, здзейсненыя Чары Ашыравым, Рухі Аліевым, Дурды Халдурды. Ужо да 75-гадовага юбілею Купалы, якраз 7 ліпеня 1957 года, маладзёжная газета «Яш камуніст» друкуе падборку вершаў (дзе і любімы ўсімі прыхільнікамі творчасці беларускага класіка «Хлопчык і лётчык») уперакладзе Мамеда Сеідава. У 1972 годзе, калі адзначалася 90-годдзе з дня нараджэння Купалы, туркменскі штотыднёвік «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва») друкуе чарговую паэтычную падборку класіка сусветнай паэзіі ў перакладах Мамеда Сеідава і Ахмета Курбанняпесава. Праз два гады ў гэтым самым перыядычным выданні — яшчэ адзін купалаўскі верш у перакладзе лаўрэата

Дзяржаўнай прэміі Туркменскай ССР Аналі Бердыева. А газета для дзяцей «Мыдам тайяр» («Заўсёды гатовы!») у чэрвені 1977 года друкуе купалаўскую «Алесю» ў перакладзе Анны Кавусава. Да пераўвасаблення твораў беларускага аўтара звярталіся і Аннаберды Агабаеў, Таўшан Эсэнава і інш. У туркменскім друку былі змешчаны артыкулы пра жыццё і спадчыну Янкі Купалы, аўтарамі гэтых публікацый з’яўляюцца К. Бердыеў, Й. Дурдыеў, Б. Гаратаеў. Пра народнага песняраБеларусі на старонках «Савет эдэбіяты», «Эдэбіят ве сунгат», «Акцябрын ялкымы» расказвалі народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў, літаратуразнаўцы Яўген Мазалькоў, Васіль Івашын...

З многімі туркменскімі перакладчыкамі мне давялося сустракацца ў другой палове 1980-х гг., калі больш як тры гады жыў і працаваў у Ашхабадзе. І народны паэт Туркменістана Таўшан Эсэнава (дарэчы, у 1930-я гг. вучылася ў Маскве на курсах разам з Аркадзем Куляшовым), і Чары Ашыраў, які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і Ахмет Курбанняпесаў (ён яшчэ і перакладчык Максіма Багдановіча на туркменскую мову), і Анна Кавусаў, Анналы Бердыеў выказвалі сваё захапленне творамі Янкі Купалы. 

...Цяпер рыхтуецца да выдання новая кніга класіка, дзе будуць змешчаны і ажыццёўленыя нашымі сучаснікамі пераклады. Гэтая вестка прыйшла ад супрацоўніка газеты «Эдэбіят ве сунгат» Мерэта Ягмырава. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю