Аднак, аказваецца, і з магніфонам ён адчувае сябе па-ранейшаму так, што і сам яму радуецца, і іншым даводзіць, якая гэтая вартая прылада, калі хочаш запісаць, а пасля паслухаць музыку. У гэтым паспелі ўпэўніцца ўжо ўсе, хто набыў кнігу «Шпак купіў магнітафон». Другое жыццё ёй даў Выдавецкі дом «Звязда». Яна толькі што выйшла, а ахвотных набыць яе з’явілася шмат. Найперш сённяшнія бацькі, а то і бабулі, дзядулі, якія памятаюць першае выданне — яго некалі выпусціла тагачаснае выдавецтва «Юнацтва». Асобныя творы не забыліся, то чаму б не парадаваць імі сваіх дзетак?! Найперш вершам, які і даў назву кнізе:
Мне прысніўся дзіўны сон —
Шпак купіў магніфон.
Ён, усеўшыся на грушу,
Інтэрв’ю бярэ ў птушак.
З салаўём шпак размаўляе, з вераб’ём, з удодам... А пасля... «Шчоўкнуў шпак магнітафонам — // І азваўся сад зялёны // Галасамі вераб’я, // Амялушкі, салаўя... Нават жаваранак з неба // Звонка падцягнуў, як трэба. // Аж пусціліся ў скокі // Тры сініцы, дзве сарокі». Такое шматгалоссе адбылося, што стала «вольна ўсім тут галасам». Ад таго, што сам «сад звінеў», хлапчук прачнуўся. І даведаўся: гэта яму не прыснілася, шпак сапраўды купіў магнітафон! Кастусь Жук, як відаць па гэтай кніжцы, а таксама і па «Бегемоце без ботаў», ды і па публікацыях у перыёдыцы (шкада, што выступаў нячаста), добра адчуваў дзіцячую псіхалогію. Навукі, як лепш зразумець яе, вядома, няма. Але для гэтага неабходна не так і шмат, аднак разам з тым і многа. Каб была належная творчая інтуіцыя. Адкуль яна бярэцца — нікому не вядома. Ды ці яна ёсць, ці яе няма.
У Кастуся Жука была належная, якая не кожнаму даецца.
Чытаеш вершы «Кот па клічцы Бегемот», «Алежка», «Халодная вада», «Дзядзька Дождж» , «Аленка і каленкі» — спіс можна доўжыць, і тое, пра што апавядаецца, пераконвае, як трэба пісаць для дзяцей, каб гэта было ярка, запамінальна, каб праз напісанае яны далучаліся да самога жыцця. Свайго і жыцця дарослых. Часам першае ненавязліва пераходзіць у наступнае, як у вершы «Я вяду на луг казу»:
Я вяду на луг казу
Барадатую.
Навяжу за лазу
Там, за хатаю.
Хай пасецца пад кустом
Разам з ветрыкам.
Пачастуе малачком
Мяне вечарам.
Ёсць у кніжцы і вершы, у якіх паэт па-свойму расказвае пра хараство роднай прыроды, яе насельнікаў. Напісаны яны так, што дзеткам добра запамінаюцца. Бо маюць пазнавальны змест, а яшчэ, што таксама важна, напісаны са спагадай да расліннага і жывёльнага свету, з думкай: што б ні акружала нас, гэта — частка ўсяго жывога, і да яго трэба ставіцца беражліва: вершы «Кажан», «Што майструе ў лесе дзяцел?», «Чмель-ласун», «Незвычайны цымбаліст»... Прачытаўшы ж «Снежань», ад дарослых хлопчыкі і дзяўчынкі могуць даведацца, якімі раней былі зімы:
У бялюткім кажушку
Крочыць Снежань па лужку.
У цудоўным ён настроі,
Бо за ім — сняжынкі роем.
Ён для цётухны Зімы
Шлях праторвае прамы.
Верш жа «Май» цікавы тым, што гэтае слова ў тэксце абыгрываецца ў розных значэннях. Гэта, безумоўна, пашырае веданне дзецьмі роднай мовы: «Каля школы — // Гам вясёлы, // Май // Збірае ў кола: // Ён пазваў // На перапынак // З класаў // Хлопчыкаў, дзяўчынак, // Промнямі // Іх атуліў, // Смехам звонкім // Надзяліў // і Вітае // Несупынна // Светлым // Пошчакам птушыным... // Радуецца Мая // Маю, // Што сяброў // Багата мае».
Калі ж кнігу Кастуся Жука «Шпак купіў магнітафон» для дзяцей дома маеш, таксама можаш парадавацца. Не толькі ў маі, а ў любым месяцы. Настолькі дасціпная, да чытання так і просіцца. То чаму б не абрадаваць малых такім падарункам?!
Еўдакім ДРОМІН