І яшчэ член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Канапацкая — аўтар, укладальнік і рэдактар серыі кніг «Лунінецкая памяць». Здзейснена восем выпускаў. Чарговы з іх — «Лунінецкая памяць. Дадатак 8» — носіць наступную назву: «Вечнасць друкаванага слова». Кніга паядноўвае тэматычныя абсягі, якія звязаны з пісьменнікамі, журналістамі ў стасунках з Лунінеччынай, расказвае пра тое, героямі якіх кніг — найперш дакументальных — сталі ўраджэнцы, жыхары раёна.
Журналісцкі, краязнаўчы пошук Таццяны Канапацкай самым цесным чынам звязаны з вывучэннем гісторыі лунінецкай раённай газеты. Ужо на самым пачатку кнігі пісьменніца звяртаецца да чытача: «...Цяга да літаратурнага слова заўжды была ўласціва жыхарам Палесся — магчыма, маляўнічасць ваколіц настройвала на паэтычны лад. І гэта адлюстравала газета, народжаная ўз’яднаннем, — ужо праз месяц пасля выхаду першага нумара „раёнкі“ адна з палос прадставіла творчасць нашых чытачоў.
Што ўжо казаць пра людзей, якія стваралі газету?! Літаратурныя супрацоўнікі — так тады называлася пасада работнікаў органа друку. Сёння звыкла іх называюць па спецыяльнасці — журналісты. Шмат з тых, хто працаваў у Лунінецкім раёне ці пазаштатна супрацоўнічаў з мясцовай газетай, сталі вядомымі пісьменнікамі і паэтамі. Многія прафесійныя літаратары былі гасцямі працоўных ці вучнёўскіх калектываў на Лунінеччыне. У многіх кнігах занатаваны гістарычныя звесткі пра нашы мясціны ці асоб, якія складаюць славу глыбінкі Палесся...»
З 1939 да 1962 года раённая газета называлася «Авангард», затым — «Ленінскі шлях», а ўжо з 1991-га — «Лунінецкія навіны». У 1939 годзе на працу ў «Авангард» на пасаду адказнага сакратара рэдакцыі прыехаў выпускнік Камуністычнага інстытута журналістыкі Фёдар Фёдаравіч Жураўскі (1915–1996). У пасляваенны час ён стаў першым дырэктарам першага ў СССР музея Аляксандра Блока (адкрыты ў 1980 годзе) у Лапаціне Пінскага раёна. На старонках «Вечнасці друкаванага слова» — згадка і пра першага краязнаўца Лунінеччыны Васіля Васільевіча Нягаціна (1894–1978), які на працягу ўсяго свайго жыцця вёў дзённікі. Часткова запісы захаваліся. Некаторыя іх старонкі надрукаваны ўжо ў XXI стагоддзі. Васіль Нягацін — і аўтар верша «Лесовозка», які надрукаваў у красавіку 1940 года ў раённай газеце пад псеўданімам «Н. В.». Даволі цікавымі падаюцца старонкі кнігі, прысвечаныя Аляксандры Іванаўне Каратышэўскай (1910–2003), якая ў 1998 годзе выдала ў Маскве кнігу ўспамінаў пра сваё палескае, лунінецкае жыццё «Опаленные крылья», і Васілю Міхайлавічу Каратышэўскаму (1905–1977), які некаторы час у 1950-я гады працаваў у лунінецкай «раёнцы». Паэт, публіцыст, менавіта ён у свой час «вывеў на арбіту і паэтычную планету — Яўгенію Янішчыц».
Таццяна Канапацкая згадвае публікацыі Янкі Брыля на старонках «Авангарда», падрабязна расказвае пра далучанасць Уладзіміра Караткевіча да Лунінецкага краю праз кнігу «Зямля пад белымі крыламі». Расказваецца і пра сустрэчу з лунінецкімі меліяратарамі вядомага пісьменніка Піліпа Пестрака (пра наведванне аўтарам раманаў «Сустрэнемся на барыкадах» і «Серадзібор» Палескай доследнабалотнай станцыі — публікацыя ў «раёнцы» ад 2 жніўня 1966 года пад назвай «Пісьменнік у меліяратараў»).
У Вялікую Айчынную вайну лунінецкімі, палескімі сцежкамі прайшла пісьменніца, аўтар рамана «Мои мосты» Яўгенія Паўлаўна Сергіенка. Таццяна Канапацкая прысвяціла ёй раздзел «...Няма на ўсім свеце лепшага горада, чым Лунінец». З Лунінецкім краем звязаны лёс беларускага паэта, перакладчыка Міколы Федзюковіча (1943–1997), аўтара прыкметных у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя вершаваных зборнікаў «Зямля-магніт», «Мілавіца», «Птушыны грай», «Макаў цвет». Мікалай Мікалаевіч працаваў фотакарэспандэнтам газеты «Ленінскі шлях». Таццяна Канапацкая нагадвае, што ўпершыню М. Федзюковіч выступіў у лунінецкай раёнцы з прозай — 16 чэрвеня 1962 г. І толькі ў 1963 годзе на старонках «Ленінскага шляху» з’явіліся яго вершы. Вось адзін з тых твораў — «Май»:
Неба безданню блакітна-чыстай
Агарнуў ён, нібы дываном,
Светлы май у квецені ўрачыстай
Крочыць па зямлі гаспадаром.
На галінках бэзу ён шугае,
Яркіх фарбаў дорыць колер ім.
Ўсё навокал ўладны май кранае.
Апранае хараством сваім.
Калі пройдзе майскі дожджык цёплы, —
Зелянець усходам, сейбіт, вер.
Не крыўдуй, таварыш, калі кропля
Лішняя ўпала за каўнер.
У Мікашэвіцкім дзіцячым доме ў першыя пасляваенныя гады выхоўваўся будучы пісьменнік Уладзіслаў Нядзведскі (1929–1973). У гэтай жа ўстанове ў 1948–1950 гг. ён працаваў старшым піянерважатым. У 2005 годзе імя У. Нядзведскага нададзена гімназіі горада Мікашэвічы.
Таццяна Канапацкая на старонках свайго даследавання (жанр якога можна смела вызначыць як «літаратурна-краязнаўчая хрэстаматыя») паказвае мноства, на першы погляд, «драбнічак», згадак, звязаных з наведваннем краю вядомымі беларускімі, рускімі, савецкімі пісьменнікамі. Але гэтыя «драбнічкі» ствараюць грунтоўную, шматабсяжную карціну еднасці Лунінеччыны, еднасці насельнікаў краю з імёнамі, жыццём і творчасцю літаратараў, а ўвогуле — еднасці з прыгожым пісьменствам, духоўным светам, літаратурай і мастацтвам. У 1971 годзе ў лакаматыўным дэпо Лунінца ў калектывах БМУ, раённай бальніцы, саўгаса «Авангард», ПМК-47, БУ-902, гарпо, завода масла і САМ, у рэдакцыі газеты чыталі свае вершы, дзяліліся творчымі планамі паэты Пятро Прыходзька і Міхась Скрыпка. Нагадаем, што тройчы бываў у краі класік беларускай літаратуры Якуб Колас (у лістападзе 1911 — лютым 1912 года жыў у Лунінцы). Дарэчы, повязь народнага песняра Беларусі з Лунінеччынай стала для Таццяны Канапацкай падставай для арганізацыі многіх літаратурна-краязнаўчых мерапрыемстваў, да ўдзелу ў якіх запрашала і родзічаў Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, і супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, і пісьменнікаў-сучаснікаў...
У кнізе «Вечнасць друкаванага слова» — згадкі пра многіх паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, якія і цяпер працуюць у беларускай літаратуры. Таццяна Канапацкая пастаралася ўспомніць усіх тых, хто не абышоў увагай Лунінецкі край, хто спрычыніўся да розных мясцін, хто знайшоў час на наведванне цікавай палескай старонкі. І ўсё ж пісьменніца, краязнаўца прызнаецца: «Не ставіла сваёй мэтай „объять необъятное“...» Значыць, у кнігі павінен быць працяг?! І ён абавязкова будзе. Руплівасць Таццяны Канапацкай, яе высокая творчая працаздольнасць не даюць права ў гэтым усумніцца.
Выкладчыкам роднай літаратуры, настаўнікам гісторыі ў Лунінцы і Лунінецкім раёне пашчасціла: яны займелі выдатны, багаты на фактаграфічны матэрыял сапраўдны падручнік, сапраўдны вучэбны дапаможнік па літаратурным краязнаўстве.
Раман СЭРВАЧ