Top.Mail.Ru

Сцяжынкамі Лідчыны

20.08.2025 | 07:53

У Выдавецкім доме «Звязда» ўбачыла свет кніга для першакласнікаў «З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі», прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства, што сёлета святкуецца ў Лідзе. Галоўная мэта выдання — расказаць школьнікам пра гісторыю і сучаснасць роднага краю. Кнігу можна аднесці да класічных навучальных дапаможнікаў, якія арыентаваны на дзяцей малодшага школьнага ўзросту і накіраваны на далучэнне юнакоў да гісторыі і культуры сваёй Радзімы. Выданне змяшчае дзевяць тэматычных раздзелаў: «Мая старажытная Ліда», «Слава перможцам», «Знакавыя мясціны Лідчыны», «Героі Беларусі», «Ліда-працаўніца», «Наша родная прырода», «Прывітанне, школа!», «Мой вольны час» і «Мая бяспека». 


— Над стварэннем кнігі працавала творчая група, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі, раённага навукова-метадычнага кабінета, раённых устаноў дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі, устаноў дашкольнай адукацыі, — расказала адна з укладальнікаў кнігі Вольга Тарасюк. — Чаму галоўнымі героямі сталі менавіта Міхась і Міхалінка? Гэтыя персанажы — маленькія беларусы ў нацыянальных касцюмах — з’явіліся ў адной з устаноў дашкольнай адукацыі падчас рэалізацыі маштабнага раённага праекта «#Я и Родина моя» і хутка сталі брэндам праекта. Ініцыятыва стала перадгісторыяй стварэння кнігі. Выданне можна выкарыстоўваць як для самастойнага, так і для сямейнага чытання.

Як ужо можна здагадацца, глава «Мая старажытная Ліда» знаёміць школьнікаў з багатай гісторыяй Лідскага краю. Укладальнікі і аўтары выдання не імкнуцца да дакладнай гістарычнасці, аднак праз яркія ілюстрацыі і крыжаванкі дзеці атрымліваюць неабходныя для іх узросту веды ў цікавым фармаце. Зададзены тэматычны кірунак лагічна працягвае раздзел «Слава пераможцам», які прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. 

Пазнаёміцца з помнікамі і мемарыяльнымі комплексамі Лідскага краю прапануе глава «Знакавыя мясціны Лідчыны». Для лепшага ўспрымання змешчаны яркія фотаздымкі. Выданне не перагружана складанай статыстычнай інфармацыяй, што прываблівае юных чытачоў. Асабліва сёння, калі кліпавае мысленне так распаўсюджана сярод дзяцей. Яркім прыкладам цікавай і адначасова простай падачы матэрыялу з’яўляецца раздзел «Ліда-працаўніца», які прэзентуе чытачу лёгкую і харчовую прамысловасць Лідчыны.

  • Раздзелы «Мая старажытная Ліда», «Слава перможцам», «Знакавыя мясціны Лідчыны», «Героі Беларусі», «Ліда-працаўніца» ўяўляюць больш сур’ёзны і інфармацыйна насычаны блок. «Наша родная прырода», «Прывітанне, школа!», «Мой вольны час» і «Мая бяспека» прапануюць чытачу займальны кантэнт з цікавымі заданнямі — віктарынамі, крыжаванкамі, размалёўкамі, класічнымі гульнямі-хадзілкамі, лабірынтамі і інш.
Яркае і насычанае выданне стане добрым сябрам для кожнага першакласніка, які толькі адкрывае для сябе новыя веды. Кніга багата на ілюстрацыі і фотаздымкі, што робіць яе інтуітыўна зразумелай для самых маленькіх чытачоў.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю