Вера БАРЫСЕНКА:
Недастатковая экранная рэпрэзентацыя
Дакументальны фільм «Рагнеда Рагвалодаўна» з цыкла «Імёны Беларусі» звяртаецца да адной з ключавых жаночых фігур ранняй гісторыі ўсходнеславянскай прасторы. У цэнтры ўвагі аказваецца не толькі біяграфія князёўны, але і спроба асэнсавання яе вобраза як элемента гістарычнай памяці і нацыянальнага культурнага наратыву. Аўтары выбудоўваюць аповед вакол найбольш драматычных эпізодаў жыцця Рагнеды, акцэнтуючы ўвагу на яе лёсе як на прыкладзе асабістай трагедыі, абумоўленай палітычнымі абставінамі эпохі. Падобная інтэрпрэтацыя шмат у чым абапіраецца на працэс міфалагізацыі гістарычнай выявы, у межах якой гераіня набывае рысы сімвала пакуты і страты. Гэта ўзмацняе эмацыянальнае ўздзеянне, але адначасова вядзе да спрашчэння гістарычнай шматслойнасці асобы. З пункту гледжання рэпрэзентацыі і гендэрнага падыходу Рагнеда ў фільме прадстаўлена пераважна як ахвяра, чыя суб’ектнасць абмежавана знешнімі абставінамі. Нягледзячы на асобныя эпізоды, якія дэманструюць яе волю і супраціў, яна не атрымлівае дастатковага аналітычнага раскрыцця. У выніку фарміруецца досыць схематычны вобраз, арыентаваны хутчэй на эмацыянальнае ўспрыманне, чым на крытычнае асэнсаванне.
Візуальнае рашэнне фільма спрыяе стварэнню гістарычнай атмасферы: прыродныя ландшафты, рэканструкцыі і музычнае суправаджэнне выбудоўваюць цэласную эстэтычную прастору. Тут можна казаць пра візуальную рэпрэзентацыю мінулага як важны інструмент фарміравання культурнай памяці. Выразнасць візуальнага рада ў пэўнай ступені кампенсуе недастатковую глыбіню інтэрпрэтацыі, змяшчаючы акцэнт з аналізу на ўражанне.
Фільм выконвае важную асветніцкую функцыю, актуалізуе цікавасць да нацыянальнай гісторыі і садзейнічае ўключэнню ў сучасны культурны дыскурс старажытных асоб. Разам з тым ён пакідае адчуванне недаказанасці: заяўленая складанасць асобы Рагнеды патрабуе больш шматслойнага і крытычнага падыходу, які выходзіць за рамкі пераважна сімвалічнай трактоўкі. Карціна можа быць разгледжана як значны, але не вычарпальны прыклад культурнай рэпрэзентацыі гістарычнай персоны, у якім дамінуе эмацыянальна-сімвалічны ўзровень інтэрпрэтацыі.
Паліна КРУК:
Дакументальнае апавяданне і мастацкая інтэрпрэтацыя
Фільм тэлеканала АНТ з цыкла «Імёны Беларусі», што апавядае аб Рагнедзе Рагвалодаўне, падаецца як гісторыка-публіцыстычны твор, у якім асабісты лёс гераіні арганічна ўпісаны ў кантэкст еўрапейскай гісторыі. Ужо на пачатку аўтары абвяшчаюць пра кроўныя сувязі Рагнеды з такімі фігурамі, як Яраслаў Мудры і французскі кароль Філіп I, гэтым падкрэсліваючы яе ролю, як родапачынальніцы дынастый, якія маюць дачыненне да лёсаў розных краін.
Адным з галоўных дасягненняў фільма стала імкненне перагледзець існуючы вобраз Рагнеды. Традыцыйна, дзякуючы карціне У. Ласенка (1770 г.), у літаратуры і оперы — яна прэзентуецца як ганарлівая княжна. Аднак аўтары фільма прапануюць больш складаную трактоўку. Праз аналіз летапісаў і гістарычных гіпотэз выяўляецца шматгранны характар гераіні: яна прадстаўляецца і як «прадукт» палітычных калізій, і як моцная прыстасаванка, здольная на рашучыя дзеянні. Асобная ўвага нададзена гістарычнаму кантэксту. Гісторыя сватаўства да Рагнеды Уладзіміра і Яраполка Святаславічаў падаецца не як рамантычны эпізод, а як частка жорсткай бойкі за ўладу. Аўтары пераканаўча дэманструюць тое, што на самой справе браты зрабіліся заклятымі ворагамі яшчэ раней, а Полацкае княства ў Х ст. было магутным назалежным гістарычным гульцом, які кантраляваў ключавыя гандлёвыя шляхі. Дынастычныя шлюбы ў тую эпоху былі інструментам палітыкі, а не вынікам пачуццяў. Аўтары дапамагаюць гледачам інакш паглядзець на падзеі, логіку ўчынкаў герояў.
Драматызм апавядання дасягае кульмінацыі ў эпізодах, што звязаны з гвалтоўным шлюбам Рагнеды, смерцю яе роду і спробай помсты. Аднак знешнім бокам драматычных праяў фільм не абмяжоўваецца. Значнае месца адведзена эвалюцыі характару гераіні: ад княжны, што перажыла сямейную трагедыю, да жанчыны, якая абрала духоўны шлях і прыняла манаства. Гэтыя змены разглядаюцца як вынік складанага жыццёвага вопыту, а не як фармальны акт. Аўтары выказваюць гіпотэзу аб тым, што замах на Уладзіміра мог быць не столькі старой крыўдай, колькі быў звязаны са страхам страціць статус першай жонкі пасля рашэння Уладзіміра хрысціцца і ажаніцца на візантыйскай царэўне Ганне. Акрамя таго, з іншага ракурсу паказаны Iзяслаўль (сучаснае Заслаўе) — як горад на памежжы, дзе Рагнедзе даверана пачатковая ахоўная місія. Цікавай уяўляецца і лінія, звязаная з нашчадкамі Рагнеды. Аўтары падкрэсліваюць, што яе дзеці і ўнукі адыгралі важную ролю не толькі ў гісторыі Полацкага княства (адрадзіўшы самастойную дынастыю Рагвалодавічаў), але і ўсёй Еўропы. Яраслаў Мудры, тры дачкі якога сталі каралевамі Венгрыі, Нарвегіі і Францыі — гэта прамы шлях да большасці манархічных дамоў Еўропы. Дзякуючы гэтаму фільм выходзіць за межы лакальнай гісторыі і набывае агульнаеўрапейскае гучанне.
Пры гэтым нельга не адзначыць, што ў шэрагу эпізодаў аўтары абапіраюцца на гіпотэзы, якія не маюць адназначнага пацвярджэння (напрыклад, сумневы ў рэальнасці самога замаху). Аднак гэта падаецца карэктна: гледачу прапануюцца розныя версіі, што стварае адчуванне навуковай дыскусіі і павышае давер да матэрыялу, а не навязвае адзіны пункт гледжання.
У выніку фільм пакідае суцэльнае ўражанне. Ён спалучае ў сабе элементы дакументальнага апавядання і мастацкай інтэрпрэтацыі, падахвочваючы задумацца аб ролі асобы ў гісторыі. Выява Рагнеды раскрываецца як сімвал стойкасці, унутранай сілы і гістарычнай пераемнасці.
Аляўціна СІЎКОВА:
Цішыня балот і голас вечнасці
Часам, каб пачуць найважнейшае, трэба адысці ад жыццёвага шуму. Стваральнікі дакументальнага фільма пра Кірылу Тураўскага з цыкла «Імёны Беларусі» прапануюць гледачу менавіта такое падарожжа — сузіральнае, глыбокае. Стужка пачынаецца не з сухой біяграфіі, а з легенды, якая задае тон усяму апавяданню. Каменныя крыжы, якія плывуць супраць плыні Прыпяці да старажытнага Турава — гэта візуальны і сэнсавы ключ да разумення асобы самога свяціцеля. Яго вучэнне таксама рухалася «супраць плыні» паганскага свету, але рухалася сюды з няўмольнай сілай. Галоўная добрая якасць фільма — у яго здольнасці разбурыць стэрэатып аб сярэднявечным прапаведніку як аб сухім аскеце-кніжніку. Аўтары праекта настойліва падкрэсліваюць: перад намі першы паэт і духоўны лірык на беларускіх землях. І гэтае сцвярджэнне гучыць не як гучны загаловак, а як даказаная тэза. Параўнанне Кірылы Тураўскага з Янам Залатавустам не пафасная нацяжка, а гістарычны факт, пацверджаны аўтарытэтам старажытных рукапісаў.
Адмысловую каштоўнасць карціне надае ўвага да кантэксту. Закінуты сярод непраходных палескіх балот Тураў раптам становіцца духоўным цэнтрам усёй старажытнай Русі. Чаму? Фільм не дае наіўных адказаў, але па-майстэрску падводзіць гледача да разважання: менавіта ў адзіноце, у суровай прыгажосці гэтага краю і нараджаецца тая самая «тонкая духоўная лірыка», за якую так шануецца «Слова на Ушэсце» і прытчы Кірылы Тураўскага. Мова яго тэкстаў — гэта жывая вобразная гаворка чалавека, які пачаў бачыць Бога ў кожнай травінцы і ў кроплі расы.
Выяўленчы рад фільма заслугоўвае асаблівай пахвалы. Камера падоўгу затрымліваецца на роўнядзі ракі, на купалах цэркваў, на мігаценні свечак.
У гэтым марудлівым рытме глядач пачынае адчуваць час, калі жыў свяціцель. Тэкст дыктара гучыць спакойна і пранікліва —мудра. Гэта — сапраўдная паэма ў кадры, напамін аб тым, што духоўная культура Беларусі мае глыбокія паэтычныя карані.
Матэрыялы падрыхтаваны выкладчыкам факультэта журналістыкі БДУ Наталляй ЛЫСОВАЙ
Працяг у наступным нумары