Top.Mail.Ru

Супрацоўніцтва паміж расійскімі і беларускім тэатрамі адкрывае магчымасці для новых праектаў

Аўтар: Ларыса Цімошык
07.10.2025 | 14:00
Паводле пагадненняў і па-за імі

Вядома, што расійскія тэатры заўсёды рады бачыць на фестывалях у Беларусі. Але апошнім часам стала значна больш гастролей вядомых калектываў. Толькі нядаўна былі сустрэчы з «Тэатрам на Васільеўскім» з Санкт-Пецярбурга, а мінская публіка пачала ўжо рыхтавацца да маштабных гастролей Маскоўскага тэатра «Майстэрня Пятра Фаменкі», што адбудуцца ў лістападзе. Шырокія кантакты прадугледжаны Пагадненнем паміж урадамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь аб культурным супрацоўніцтве ў сферы тэатральнага мастацтва паміж рэгіёнамі Саюзнай дзяржавы. Такім чынам, мы можам бачыць больш тэатраў з расійскіх рэгіёнаў, і нашы разлічваюць на ўвагу да сябе. Акрамя таго, больш адукацыйных праектаў абяцалі ўдзельнікі круглага стала ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры.

— 5 снежня 2024 года быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж саюзамі тэатральных дзеячаў Беларусі і Расіі. Але супрацоўніцтва ідзе даўно, у нашых тэатральных саюзаў агульная гісторыя. Цяпер мы актыўна працуем над правядзеннем 150-годдзя СТД Расіі, — адзначыла Вераніка Ярмалінская, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі. — Напрыканцы года я складаю план, што нам хацелася б: стажыроўкі, творчыя лабараторыі і майстэрні, на якіх маглі б пабываць нашы рэжысёры і артысты. У наступным годзе плануюцца два вялікія мерапрыемствы. 

  • У красавіку адбудзецца Міжнародная тэатральная акустычная школа на базе Цэнтра беларускай драматургіі. Кіраўніком яе стане Віктар Рыжакоў, прафесар школы-студыі ММАТ. Будуць запрошаны драматургі з Расіі, Узбекістана і Арменіі, каб працаваць з моладдзю. Дзесяць дзён, шмат мерапрыемстваў, над падрыхтоўкай якіх мы працуем. Вынікам павінен стаць рэжысёрскі эскіз. Другі вялікі праект: сумесна з Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў будзем рыхтавацца да маладзёжнага тэатральнага форму краін СНД і Грузіі. На працягу года збіраемся праглядаць спектаклі сумесна з экспертамі, каб прапаноўваць нашы для ўдзелу ў форуме, які ў 2027-м будзе прымаць Ташкент. 

Вельмі запатрабаваныя ў беларускіх майстроў тэатра сумесныя адукацыйныя праграмы. Той жа «Тэатр на Васільеўскім» ужо добра ведае цудоўную творчую пляцоўку, што з’явілася ў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Таму мастацкага кіраўніка «Дзяржаўнага драматычнага тэатра на Васільеўскім» Уладзіміра Словахотава зацікавіла супрацоўніцтва на ўзроўні студэнцкіх тэатраў: 

— Гэта можа быць абмен, бо я вяду курс у Санкт-Пецярбургу, а мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Канстанцін Міхаленка мае сваіх студэнтаў у Мінску. Мне было б цікава арганізаваць лабараторыю на пляцоўцы БДУКМ. Гэта карысна: новая метадалогія, новы погляд на рэчы. 

— Нам важна, каб студэнты атрымалі максімальную колькасць ведаў, уменняўі навыкаў, што сёння завецца кампетэнцыяй, — адзначыла Наталля Карчэўская, рэктар БДУКМ. — У нас доўгі час была такая сітуацыя, што акадэмія і ўніверсітэт працавалі па сваім плане, а тэатры існавалі асобна, а пасля некага сабе выбіралі. Некаторы час таму ўзнікла неабходнасць павярнуць тэатры тварам да навучальнай установы. Падыходы да адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь крыху адрозніваюцца ад расійскіх, у нас кожны выпускнік-бюджэтнік павінен быць забяспечаны працай. Таму мы набі-

раем столькі студэнтаў, колькі патрэбна арганізацыям, якія выступаюць заказчыкамі кадраў. Цяпер наш універсітэт мае дамовы амаль з усімі тэатрамі краіны аб падрыхтоўцы кадраў, але якасць узаемадзеяння розная. Калі студэнты маюць практыку на пляцоўках тэатраў, разумеюць, як працуюць розныя службы, якія ўмовы створаны кіраўніцтвам дзяржавы, то ім прасцей уключацца ў працу. З гэтай жа прычыны ў нас быў створаны вучэбны тэатр. Ён паўтарае мадэль рэпертуарнага тэатра (але для гледача гэта абсалютна бясплатна), і такі досвед для студэнтаў вельмі каштоўны. Сувязь практыкі і вучэбнага працэсу вельмі важная. Напрыклад, у нашых тэатрах прадугледжана работа мастака па святле, згодна з законам ён павінен мець спецыяльную адукацыю. Але ў Беларусі такіх спецыялістаў не рыхтуюць — ці маглі б дапамагчы суседзі? Ці існуюць нейкія адукацыйныя формы, каб вырашыць вось такія, вельмі спыцыфічныя пытанні?.. да ўсяго для нас застаецца надзвычай актуальнай і рэжысёрская падрыхтоўка — з магчымасцю стажыровак і творчых лабараторый. 

— Лабараторыя выгадная не толькі з даследчыцкага пункту гледжання, але і з практычнага, таму што гэта новыя спектаклі, — патлумачыў Руслан Нанава, галоўны рэжысёр Тэатра на Васільеўскім. — У нас некалькі пляцовак, якія дазваляюць рэалізоўваць любыя фарматы. Летась праводзілі лабараторыю па антыўтопіях, яна была не толькі рэжысёрская, але і сцэнарная. Некалькі эскізаў мы вылучылі, і, спадзяюся, адзін з іх будзе рэалізаваны. Сёлета падчас лабараторыі 8 удзельнікаў будуць рабіць эскізы па тэме рамантызму. А ўвесну плануецца лабараторыя па Сярэбраным веку. Мы ў пошуку маладых цікавых рэжысёраў, якія возьмуць удзел у нашых лабараторыях, і былі б шчаслівыя, каб адгукнуўся нехта і з тых, хто ўжо ставіць. 

Адукацыйныя праграмы праходзяць і ў межах фестываляў. У прыватнасці, Лілія Гурко, дырэктар Астраханскага драматычнага тэатра, на базе якога ладзіцца міжнародны фестываль «Тэатральная дэльта», падкрэсліла, што ў яе ёсць жаданне бачыць сярод удзельнікаў і беларускія тэатры.

Фармат сумесных рэжысёрскіх лабараторый ужо апрабаваў Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, адным з рэальных вынікаў стала пастаноўка «Прыпынак». На падыходзе яшчэ адзін:

Ягор Равінскі ставіць спектакль «Кветкі для Элжэрона». Марына Дзяркач, дырэктар Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра паведаміла: 

— Мы выношваем ідэю на базе нашага тэатра арганізаваць яшчэ і лабараторыю маладых артыстаў і рэжысёраў Беларусі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота даслана аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю