Выданне з’явiлася па заказе, дзякуючы фiнансавай падтрымцы Мiнiстэрства iнфармацыi, i пры кансультатыўнай падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы. У кнiзе можна прасачыць не толькi жыццёвы шлях уладыкi Фiларэта, Героя Беларусi, але i ролю яго асобы ў духоўным жыццi нашай краiны i ўсiх, каму дарыў сустрэчу з iм лёс.
— Апошнiя некалькi гадоў у нас выходзiць серыя «Жыццё знакамiтых людзей Беларусi». У ёй з’явіліся ўжо кнiгi пра Купалу, Коласа, Багдановiча i Шамякiна. Але мы вырашылi, што не варта абмяжоўвацца толькi пiсьменнiкамi. Так супала, што наблiжаўся юбiлей мiтрапалiта Фiларэта, i доктар фiлалагiчных навук, дацэнт Наталля Якавенка, чалавек неабыякавы да царкоўнага жыцця, выказала iдэю зрабiць кнiгу да 90-годдзя мiтрапалiта Фiларэта. Мы пагадзiлiся, але я не здагадваўся, што ў яе ёсць такi багаты матэрыял, — дзелiцца дырэктар выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» Алесь Бадак. — Яна зрабiла вельмi вялiкую справу. I калi мы ўбачылi чарнавы варыянт выдання, то зразумелi: кнiга выходзiць за рамкi серыi «Жыццё знакамiтых людзей Беларусi». Таму зрабiлi асобнае выданне, але прытрымлiваючыся таго ж прынцыпу, што быў закладзены ў ранейшых кнiгах серыi: бiяграфiя на аснове ўспамiнаў людзей, якiя добра ведалi нашага героя. Там ёсць згадкi пра дзяцiнства Фiларэта, яго бацькi Варфаламея Аляксандравiча Вахрамеева, ёсць успамiны ўнучатага пляменнiка мiтрапалiта iерэя Мiкалая Вахрамеева. Таксама згадваюць аб iм вядомыя царкоўныя дзеячы i прадстаўнiкi самых розных «свецкiх» прафесiй: Мiкалай Кузьмiч, Вiктар Роўда, Уладзiмiр Дражын i iншыя. У вынiку атрымаўся партрэт, напiсаны вачыма i сэрцам людзей, для якiх iмя мiтрапалiта Фiларэта значыць вельмi шмат як у iх асабiстым лёсе, так i ў лёсе нашай краiны.
Упершыню кнiгу прадставiлi сёлета на Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выстаўцы-кiрмашы. I што адметна: лiтаральна праз месяц яна была прададзена. Цяпер рыхтуецца дадатковы тыраж, якi неўзабаве з’явiцца ў бiблiятэках, навучальных установах i ў гандлёвай сетцы. Як адзначыла ў адным з iнтэрв’ю ўкладальнiк выдання вядучы навуковы супрацоўнiк Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры НАН Беларусi Наталля Якавенка, гэтая кнiга ўяўляе сабой жыццеапiсанне, якое складзена ў форме лiтаратурнай мазаiкi. Там ёсць храналагiчныя i лагiчна звязаныя памiж сабой фрагменты ўспамiнаў як самога мiтрапалiта Фiларэта, так i яго блiзкiх i родных людзей, урыўкi з артыкулаў, гутарак, выступленняў, i суправаджаецца ўсё шматлiкiмi фотаздымкамi. Выдаўцам было важна знайсцi i паказаць чытачу фота i дакументы, звязаныя з рознымi перыядамi жыцця Фiларэта. Усё гэта ў цэлым дазваляе атрымаць уяўленне пра жыццё незвычайнага чалавека.
— Выданне гэтай кнiгi — складаная праца, але нельга сказаць, што яна была стомная. I па завяршэннi мы адчувалі, што рабiлi гэтую кнiжку на адным дыханнi, — дадае Алесь Бадак. — Яна важная для нашага выдавецтва, i, спадзяюся, будзе цiкавай i вельмi карыснай для людзей самых розных прафесiй, узростаў — усiх, хто любiць нашу краiну i дбае пра яе духоўнасць незалежна ад адносiн да веры.
Выданне благаславiў Мiтрапалiт Мiнскi i Заслаўскi Венiямiн, Патрыяршы экзарх усяе Беларусi. Iм напiсана i ўступнае слова, у якім адзначаецца: «Веру, што кожнага чытача чакае сустрэча з незвычайным чалавекам, жыццё i слова якога здольныя не проста навучыць добраму i вечнаму, але — самае галоўнае — натхнiць на шчырае служэнне Богу, нашай роднай Беларусi i кожнаму чалавеку, якi сустракаецца на жыццёвым шляху».