Да 85-годдзя з дня нараджэння У. І. Мархеля сёлета былі падрыхтаваны да друку асобныя кніжныя выданні: яго пераклады «Санетаў» Адама Міцкевіча, каталог «Кнігазбор Уладзіміра Мархеля» (у друку), біябібліяграфічны даведнік «Уладзімір Іосіфавіч Мархель» (праца на завяршальным этапе). Публікацыі У. І. Мархеля і матэрыялы пра яго з’явіліся на старонках часопіса «Роднае слова» (№ 4, № 6), газеты «Прамень» (№ 28).
Ідучы шляхам жыцця і дзейнасці Уладзіміра Мархеля, спачатку згадаем і ўдакладнім пэўныя даты і падзеі. Першае — гэта дзень нараджэння. У некаторых крыніцах згадваецца 28 сакавіка — так запісана ў пашпарце, але гэта няправільна. Удакладненая ім жа самім дата яго нараджэння — вербная субота 1940 года — 20 красавіка (!). Першыя ўрокі жыцця і граматы перадавалі Валодзю бацькі — Юзік (Іосіф Антонавіч) і Алеся (Аляксандра Мікалаеўна) Мархелі, дзед Мікалай Мамонька. Потым была вучоба ў пачатковай школе ў роднай вёсцы Жыгалкі, у сямігодцы ў в. Падзерычы, у сярэдняй школе імя Якуба Коласа ў в. Мікалаеўшчына, якую скончыў у 1957 годзе. Да паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт яму давялося папрацаваць у Жыгалкаўскай кузні і на шахце ў Новашахцінску, на Данбасе.
Першыя вершы У. Мархеля, як было намі сёлета выяўлена, з’явіліся ў друку ў 1953 годзе ў новасвержанскай газеце «Уперад да камунізму», якую рэдагаваў Аляксей Пысін, а потым, з 1957 года, друкаваліся ўжо ў стаўбцоўскім «Голасе селяніна», мінскай «Чырвонай змене».
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ (1964) выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў в. Стадолічы (Лельчыцкі раён), у Валожыне і Мінску; працаваў у газеце «Мінская праўда»; займаўся навукова-рэдакцыйнай дзейнасцю ў бібліятэцы і ў аддзеле навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках Акадэміі навук.
У 1978 годзе ён перайшоў на пастаянную працу ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Паспяхова абараніўшы дысертацыйную працу, прысвечаную Уладзіславу Сыракомлю і беларуска-польскаму літаратурнаму ўзаемадзеянню, атрымаў навуковую ступень кандыдата філалагічных навук (1982). За дасягненні ў літаратурнай творчасці быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР (1988), стаў лаўрэатам прэмій прэзідэнтаў Акадэмій навук Украіны, Беларусі, Малдовы (2004). У 2000–2008 гадах У. І. Мархель працаваў загадчыкам аддзела ўзаемасувязей літаратур. Працягваў займацца літаратуразнаўчай і перакладчыцкай працай, паэтычнай творчасцю. Даследаваў беларускую літаратуру ХІХ ст., яе ўзаемасувязі з польскай, рускай і ўкраінскай культурамі. Выкладаў беларускую літаратуру ў Акадэміі музыкі, а таксама на родным факультэце філалогіі ў БДУ. Рыхтаваў доктарскую дысертацыю пра пераклад твораў Адама Міцкевіча на беларускую мову.
У. І. Мархель — аўтар і ўкладальнік цэлага шэрага кніг: «Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні» (1983), «Вяшчун славы і волі: Уладзіслаў Сыракомля» (1989), «Крыніцы памяці: Старонкі беларуска-польскага літаратурнага сумежжа» (1990), «Прадвесце: Беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне ў першай палове ХІХ стагоддзя» (1991), «Прысутнасць былога» (1997), «„Ты як здароўе...“: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры» (1998), «Шлях да Беларусі. Адам Міцкевіч — прадвеснік адраджэння беларускай літаратуры» (2003), «Творчасць Уладзіслава Сыракомлі» (2005). Падрыхтаваў і выдаў анталогію польскамоўнай літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай» (1998), кнігу ўласных выбраных перакладаў «Водгулле» (2000), творы В. Каратынскага (1981, 1994, 2009), Я. Лучыны (1998, 2001, 2015), санеты А. Міцкевіча (1998) і У. Сыракомлі (2002), вершы Я. Купалы (2002) і З. Манькоўскай (2004).
Паэтычныя творы У. Сыракомлі, А. Міцкевіча, Я. Чачота, А. Плуга, Я. Прусіноўскага, Э. Жалігоўскага, М. Радзівіла і некаторых іншых аўтараў, якія былі пакладзены на музыку і гучалі ў XVIII—ХІХ стст., дзякуючы перакладам У. І. Мархеля і яго супрацы з В. І. Скорабагатавым, з творчым аб’яднаннем «Беларуская капэла» увасобіліся і атрымалі новае жыццё ў сучасных нотных і музычных выданнях: «Агатка, або Прыезд пана», камічная опера Мацея Радзівіла на музыку Яна Голанда, выдадзеная ў серыі «Музыка старажытных сядзібаў» (1998), «Сялянскія песенькі» ў «Хатнім спеўніку» (1996), «Песні з-над Нёмна й Дзвіны» (2006) — вынік колішняй супрацы Станіслава Манюшкі і Яна Чачота.
Займаўся ён і навуковым даследаваннем перакладчыцкай творчасці, вёў у часопісе «Роднае слова» (з 2000 г.) аўтарскую рубрыку «Шматгалосае рэха», у рамках якой знаёміў чытачоў з тонкасцямі перакладаў. З навуковым суправаджэннем У. І. Мархеля выйшлі выданні на электронных носьбітах: «Беларуская літаратурная спадчына, XI–XX стст.» (2007), «Шэдэўры літаратурнай спадчыны Беларусі ХІ—ХХ стст.» (2007). Зробленыя ім пераклады твораў Янкі Лучыны былі выдадзены нават шрыфтам Брайля (2015).
З удзелам У. І. Мархеля складзены бібліяграфічныя даведнікі «Працы Інстытута літаратуры» за 1931–1980 гг. (1981) і за 1981–2005 гг. (2006); два выданні пра Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 1931–2001 гг. (2001) і за 1931–2006 гг. (2006). Быў ён у складзе аўтарска-рэдакцыйнага калектыву грунтоўнай працы па «Гісторыі беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў», што выйшла ў двух тамах. Адным з яго апошніх прафесійных зацікаўленняў была работа над выданнем збору твораў Максіма Танка ў 13 тамах (2006–2012), дзе ён выступаў як кіраўнік тэксталагічнай групы, рэдактар і ўкладальнік.

Філасофскае светабачанне У. І. Мархеля разам з выключным адчуваннем шматграннасці беларускага слова адлюстраваліся ў зборніку паэтычнай лірыкі пад шматзначнай назвай «але...» (2007) (менавіта з малой літары і са шматкроп’ем). Як адзначаў сам аўтар у постскрыптуме кнігі: «Беларускае „але“ неадназначнае, яно выяўляе проціпастаўленне і альтэрнатыву, пацвярджэнне і дадатковасць, а ў граматыцы — гэта і злучнік, і часціца, але з рознымі адценнямі сэнсу, ад згоды і захаплення да іроніі і абурэння. У „але“ вельмі шырокі семантычны спектр. Таму тытульнаму ці назыўному „але“ быў намер надаць найперш ролю абагуленага выказвання накшталт „але і я прамаўчу“, тым больш што з „але“ пачынаецца алегорыя; але гэта адначасна і маё далучэнне да нашага сумоўя, маё паразуменне з чытачом і маё разуменне рэчаў, бачання з’яў».
На рахунку У. І. Мархеля больш за 1000 публікацый: ад манаграфій да артыкулаў у газетах, ад анталогій перакладаў да нотных зборнікаў і аўдыёзапісаў; з аднаго боку — навука, а з іншага — прамоцыя, папулярызацыя прыгожага пісьменства Беларусі, а ўсё разам і паасобку пацвярджае выказванне Стэфана Цвейга, што «кожнае гістарычнае дзеянне заканчваецца не тады, калі адбылося, а толькі пасля таго, як яно становіцца здабыткам наступнікаў». Да чаго і імкнуўся ўсёй сваёй шматпланавай і разгалінаванай творчасцю і дзейнасцю Уладзімір Мархель, таленавіты творца, улюбёны ў беларускае слова і Беларусь, што рупіўся пра яе гонар.
Ушаноўваючы памяць Уладзіміра Іосіфавіча Мархеля, прапануем вашай увазе ўрывак з успамінаў дзяцінства пра ваенны час, а таксама раней не публікаваны верш «Хатыні».
Ларыса ДОЎНАР