Top.Mail.Ru

Свет дзівосаў і прыгод

24.02.2026 | 10:37
Пра шчасце дзяцінства ў вершах

Зборнік вершаў для дзяцей «Тётя Лужа», які выйшаў сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» — другі на творчым рахунку дзяржынскага паэта Аляксея Баранава. Аўтар з’яўляецца прафесійным вакалістам, скончыў тэатральную вну па спецыяльнасці «рэжысура, акцёрскае майстэрства». Таму складаць музыку і вершы не ўяўляла цяжкасцей. Не дзіва, што ў творчасці гэтыя прыёмы знаходзяць яркі адбітак. 

Аляксей Баранаў моцны ў дэталях. Яго мова — музычная, сакавітая, раскацістая, як маланка, і такая ж зіхатлівая, як вясёлка пасля дажджу. Мастак слова ўдала выкарыстоўвае літаратурныя прыёмы. У вершах ён сыпле гукапісам («Море черное асфальта»), што дапамагае, напрыклад, ствараць адчуванне шолаху хваль або сухога пяску; выкарыстоўвае алітэрацыю («Выше, выше, выше, выше! // Пусть весь мир меня услышит! // Мир услышал детский плач: // — Папа, мы порвали мяч...»), па дробцы дадае асананс («хлоп-скок — это мо-ло-ток!»; «и бьёт, не ест, не пьёт и ведь не врёт»). Гэта не перагружае паэтычны тэкст, а дадае ў яго гукавую гульню. Вершы ў зборніку нагадваюць скорагаворкі, таму выданне будзе садзейнічаць развіццю памяці і ўяўлення дзяцей. Пазнака 0+ апраўдвае сябе, бо выданне зацікавіць як зусім маленькіх, так і тых, хто вучыцца ў пачатковых класах.

Паэт малюе яркія карцінкі дзіцячага ўяўлення — звычайная калюжына, па якой любяць скакаць малыя пасля залевы, выклікае столькі пазітыўных эмоцый і ўласных успамінаў дзяцінства, што насамрэч адчуваеш быццам «мокне» спіна, нават калі за акном суха («Тётя Лужа»). Дарэчы, у вершы пра лужыну аўтар ненавязліва падводзіць дарослага чытача да высновы: мы страцілі сувязь з рэчамі, якія лічым неістотнымі, але менавіта ў нашай душы павінен знайсціся ключык, што адкрые схаваныя праз гады ўспаміны пра цудоўныя дні дзяцінства. Такім чынам, можна прыйсці да высновы, што ў творчасці Аляксея Баранава ёсць месца і лірызму, і філасофіі. Таму раю гэтую кнігу чытаць бацькам разам з дзецьмі — дакладна ўспомніце сябе маленькімі, задумаецеся аб хуткаплыннасці часу, аб нечым істотным, падорыце буру вясёлых і яркіх эмоцый сваім сыну ці дачцэ.

Аднак галоўны прыём у аўтара, вядома, увасабленне. Лужа становіцца «цёцяй» — сваёй, роднай, хоць і крыху гарэзлівай (бо «валяла нас в грязи»). Гэта робіць прыроду блізкай і зразумелай дзіцяці. Пыласос падобны да жывой істоты — «объелся грязи // И запачкал пылью рот. // Всё оползал, всё облазил — // Не болит его живот». Мячык уяўляецца свавольным непаседам, падобным да хлопчыка. «Как-то мячик заявлял: // — Выше дома я взлетал! // Выше рук и выше лиц, // Выше всех зверей и птиц» і да т. п.

Мова вершаў лёгкая, рытмічная, з выразнымі рыфмамі, што робіць паэтычныя творы ідэальнымі для завучвання на памяць.

Плюсы кнігі таксама ў арыгінальнай задуме, выдатнай мове, атмасфернасці, лёгкай падачы матэрыялу, гульнявой форме, пазітыўнай манеры. 

Асобна трэба сказаць пра афармленне дзіцячага выдання. Малюнкі зроблены малодшым братам Аляксея Ігаравіча — Уладзіславам Баранавым, які з’яўляецца прафесійным мастаком. На вокладцы створана два паралельныя пласты акварэльнай рэчаіснасці, якія сустракаюцца ў люстраной гладзі вады. 

У цэнтры — сілуэт вялікай лужыны, заліты ярка-жоўтым і блакітным колерамі (пяску і неба). Вада блішчыць — яе хочацца не толькі крануць пальцам, але і паплыць як карабель па моры. Нездарма на выяве — чацвёра дзетак, якія весела бягуць па хвалях, ствараючы шумныя празрыстыя пырскі. 

Ідэя зборніка — бачыць незвычайнае ў звычайным, з гумарам глядзець на рэчы. Ён пра шчасце дзяцінства, калі простая лужына можа стаць цэлым сусветам для гульні, і пра светлы смутак з-за таго, што гэты час сыходзіць. Кніга пра чароўны, добры і вельмі вобразны свет маленькага чалавечка. Мяркую, папяровае выданне спадабаецца і дзецям, і дарослым, бо творы ў ім валодаюць сілай абуджаць у памяці ўласнае дзяцінства з яго вялікімі «акіянамі» фантастычных вобразаў.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю