Top.Mail.Ru

Свята паэзіі на Краснапольшчыне

28.09.2026 | 14:31
У вянок Аляксею Пысіну

Краснапольская зямля стала крыніцай творчага натхнення для пісьменнікаў розных пакаленняў, сярод якіх вылучаецца імя Аляксея Пысіна. Лёс паэта і журналіста быў непарыўна звязаны з трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, якая пакінула глыбокі след у яго жыцці і адбілася на літаратурнай творчасці.

З мэтай ушанавання памяці паэта-франтавіка на радзіме Аляксея Васільевіча з 2019 года Краснапольскай раённай бібліятэкай ладзіцца свята паэзіі «Вянок Аляксею Пысіну», якое збірае самадзейных паэтаў з розных куточкаў Беларусі. У свята ёсць свае эмблема, гімн, словы якога напісаны членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Азаранка, а аўтарам музыкі з’яўляецца Таццяна Астапенка. 

10 верасня 2026 года ўжо VIII «Вянок Аляксею Пысіну» сабраў каля 40 паэтаў-аматараў з Магілёўшчыны, Мінска, Мазыра, чытальнікаў вершаў з Краснагорскага раёна Браншчыны. Нягледзячы на тое, што нядаўна адгучалі фанфары Свята беларускага пісьменства на суседняй Касцюковіцкай зямлі, асабліва прадстаўнічай была творчая дэлегацыя менавіта з Касцюковіч.

У рамках свята прайшоў адкрыты песенна-паэтычны конкурс «Земли родной талант и вдохновение». На суд журы было прадстаўлена каля двухсот лірычных твораў у трох намінацыях: 

«С любовью к женщине»; вершы, прысвечаныя Аляксею Пысіну; на вольную тэму. Асобна разглядаліся паэтычныя творы самадзейных паэтаў з фізічнымі абмежаваннямі. Дыпломамі пераможцаў былі адзначаны Сяргей Валадзько з Магілёва і Галіна Кавалёва з Касцюковіч. 

На суд журы былі прадстаўлены песенныя тэксты ў гэтых жа трох намінацыях і музыка да тэкстаў канкурсантаў. 

Упершыню праводзіўся конкурс чытальнікаў. Удзельнікі без узроставых абмежаванняў прадставілі відэазапісы выканання аднаго з вершаў Аляксея Пысіна. Сярод чытальнікаў былі ўдзельнікі з Расіі, якія забяспечылі адпаведную тэатралізацыю пры выкананні пысінскай «Баллады про ложки» («Балада пра начлег»).

Праграма свята была насычанай і старанна прадуманай. У першай палове дня ў маладзёжным цэнтры культуры і вольнага часу «Міраж» адбыліся паэтычны марафон «Сустрэча сяброў», узнагароджанне ўдзельнікаў і ўладальнікаў дыпломаў 2-й і 3-й ступеняў, а цырымонію правяла загадчыца сектара культуры Краснапольскага райвыканкама Святлана Сазонава. Дарэчы, яна не выпадковы чалавек на свяце: Святлана Аляксандраўна — філолаг па адукацыі і сама піша вершы. 

Аўтар гэтых радкоў, якая таксама з’яўлялася членам журы, расказала аб дзейнасці абласной бібліятэкі па захаванні памяці А. В. Пысіна, правядзенні штогадовай навукова-практычнай канферэнцыі «Пысінскія чытанні» і падарыла Краснапольскай раённай бібліятэцы ўнікальнае выданне —зборнік вершаў Аляксея Пысіна «У небе і кнізе — сонца», праілюстраваны лепшымі малюнкамі дзяцей, якія перамаглі ў аднайменным конкурсе, арганізаваным Магілёўскай абласной бібліятэкай.

Назва паэтычнага марафону «Сустрэча сяброў» цалкам адпавядала фармату мерапрыемства. 

У зале сабраліся сапраўдныя сябры, аб’яднаныя агульнай любоўю да паэтычнага слова. Многія з іх — пастаянныя ўдзельнікі свята, нехта прыехаў упершыню. Пераможцам уручаліся дыпломы і зборнік «Паэтычная скарбонка» з лепшымі творамі ўдзельнікаў конкурсу. Поўны спіс пераможцаў у розных намінацыях размешчаны на сайце Краснапольскай раённай бібліятэкі.

У другой частцы насычанага на падзеі і сустрэчы дня адбылася прэзентацыя тэматычнай пляцоўкі «Бібліятэка сям’і Бараноўскіх», якую падрыхтавалі артысты Краснапольскага народнага тэатра. Цікава, што ў ролі Марыі Дорн — дачкі Я. І. Бараноўскага — была занята Марыя Разгонава, начальнік сектара ідэалагічнай работы райвыканкама. 

Сапраўднай кульмінацыяй свята стаў паэтычны канцэрт «Вянок Аляксею Пысіну». Зала раённага цэнтра культуры была запоўнена. Тут сабраліся паэты, кампазітары, краснапальчане — прыхільнікі таленту А. В. Пысіна, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў раёна, мясцовай улады, у тым ліку намеснік старшыні райвыканкама Наталля 

Андрэенка, якая прывітала землякоў і гасцей свята.

Асабліва цёпла было прынята Прывітальнае слова старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча, 

які ведае творчасць А. В. Пысіна, высока ацэньвае яго ўнёсак у развіццё беларускага паэтычнага слова і ўвагу да паэтаў-пачаткоўцаў: «Радзіма Аляксея Пысіна — святое паэтычнае месца на літаратурнай карце нашай Айчыны! Любіць беларускую паэзію і не ведаць Мікалаеўшчыну, Альбуць, Смольню Якуба Коласа, Вязынку, Ляўкі Янкi Купалы, Ракуцёўшчыну Максіма Багдановіча проста немагчыма. Як нельга не ведаць Высокі Борак, Палуж, Краснапольшчыну — паэтычную калыску Аляксея Пысіна. Захоўваючы традыцыю ўвагі да паэтычнай спадчыны вялікага паэта XX стагоддзя, землякі перадаюць тэстаменты, запаветы мастака слова пра тое, што мову яму і ўсім нам дала маці, перадаюць у заўтрашні дзень светлае перакананне ў велічы мірнага, добрасуседскага жыцця...»

Адкрылі паэтычны канцэрт шчырыя радкі краснапольскай паэтэсы Дзіны Манько:

Пакуль журчыць вада ў крыніцы,

Пакуль нясе яна вянок,

Заўсёды з намі будзе Пысін,

Ягоны ў жыце васілёк.

Са сцэны раённага цэнтра культуры гучалі вершы, што былі адзначаны прафесійным журы і прыхільна прыняты гледачамі. Заслужаныя апладысменты і дыпломы пераможцаў атрымалі Валянціна Марчанка і Дзіна Манько 

з Краснаполля, Дзіна Рамадзіна і Людміла Сухаварава з Дрыбіна, Вікторыя Сулімава і Лідзія Мініч з Горак, Святлана Даськова і Алеся Шаройка з Касцюковіч, Міхаіл Сыч з Крычава, Вера Стасенка са Слаўгарада, Ігар Качура з Мсціслава, Марыя Якімовіч з Мазыра і многія іншыя. 

Шчыра і пранізліва прачытаў верш Аляксея Пысіна «Мікалай Сірацінін» Міхаіл Сыч — пісьменнік з Крычава, які і стаў пераможцам у намінацыі чытальнікаў.

Як паэты-песеннікі раскрыліся Галіна Каваленка і Дзіна Манько з Краснаполля, Ірына Коршунава і Мікалай Сігаёў з Касцюковіч, Людміла Марціновіч і Вера Стасенка са Слаўгарада. Касцюковіцкі музыкант Дзяніс Леаненка стаў аўтарам і выканаўцам большасці песен, якія прагучалі са сцэны цэнтра культуры.

З асаблівай цеплынёй былі прачытаны вершаваныя радкі Валянціны Марчанка, прысвечаныя беларускай жанчыне:

Жыццё пакаленняў — жаночая справа,

Жанчыны й святыя, як наша Прадслава.

Жанчынам падзяка, паклон наш і слава!

Жанчына! Табой ганарыцца дзяржава!

У намінацыі «А. В. Пысину посвящается» пераможцамі вызначаны 11 вершаў, сярод іх «Аляксею Пысіну» Людмілы Сухаваравай з Дрыбіна:

Пазбіраем мы кветкі на лузе і ў полі

І «вяночак» спляцём песняру Краснаполля.

Ды не зёлак — валошак, браткоў, першацветаў

З песень, вершаў, балад прыдняпроўскіх паэтаў.

Моцную падтрымку свята атрымлівае ад Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ранейшы старшыня Алесь Казека прысутнічаў на VI свяце пысінскай паэзіі, падтрымаў паэтаў-пачаткоўцаў і рэкамендаваў членаў Саюза пісьменнікаў для работы ў складзе журы песенна-паэтычнага конкурсу: Алена Кісель стала старшынёй, а Наталля Азаранка і Наталля Ніканчук — членамі журы конкурснай часткі свята. 

Удзельнікі свята аддалі даніну павагі і памяці Алесю Казеку, зямны шлях якога скончыўся ў чэрвені 2026 года:

Нет, не смолкнет песнь, 

не смолкнет слово,

Что душою выстрадано здесь — 

Колокольным звоном снова, снова

Зазвучит, как гулкий благовест.

Канцэрт «Вянок Аляксею Пысіну» ў раённым цэнтры культуры закончыўся агульным выкананнем гімна:

Смагу ўталяць з яго крыніцы

Прыгожай, чыстай і ўзнёслай!

Сапраўдны падарунак лёсу

Са словам пысінскім зрадніцца!

Паэтычнае свята, якое праводзіцца на Магілёўшчыне, адбылося дзякуючы бібліятэкарам Краснапольшчыны на чале з Аленай Раманенка, работнікам устаноў культуры раёна і ўсебаковай падтрымцы раённых улад.

Школа прыгожага пісьменства, якую ў свой час арганізаваў Аляксей Пысін, адкрыла дарогу ў вялікую літаратуру многім маладым аўтарам. Паэтычнае свята «Вянок Аляксею Пысіну» дае аўтарам магчымасць удасканальваць паэтычнае майстэрства, дэманстраваць свае лепшыя творы, увесь час пашыраць творчую прастору і адкрываць новыя імёны ў айчыннай літаратуры.

Галіна ДЗЯТЛАВА

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю