Так, пад нумарам ГММ КП-30138 АЧ-46 № ГК 18351958 заінвентарызаваны аўтарызаваны машынапіс ліста Якуба Коласа да Пятра Іванавіча Чагіна. Паколькі ён ніколі не друкаваўся — прыводзім яго цалкам:
«Уважаемый Пётр Иванович!
Беспокою Вас по поводу одного дела. Вот уже несколько лет поднимаются разговоры об издании стихов С. М. Городецкого. Насколько мне известно, одно время книга эта претерпевала хождение от одного издательства в другое, но в печать так и не попала.
В наступающем году С. Городецкому исполнится 70 лет. Было бы справедливо издать к этой дате его книгу, — Городецкий в русской поэзии человек не случайный, работает он много, а не печатается уже давно.
Предвижу и основную трудность издания — отбор стихов. Видимо, нужно поручить это знающему составителю, который смог бы проявить необходимую требовательность. Возможно, в книге следует дать одно лучшее либретто поэта, а также некоторые переводы. Как представляется лично мне — книга получится, профиль её очерчивается довольно ясно.
Очень хотелось бы, чтобы Вы, уважаемый Пётр Иванович, отозвались и приняли участие в этом деле. Быть может нужно поставить вопрос в Союзе писателей? Рад буду узнать Ваше мнение. Сердечно приветствую, желаю всего хорошего. Ваш Якуб Колас. Якуб Колас.2 ХІІ 1953 г. Г. Минск, Академия наук БССР».
Апошнія тры радкі напісаны фіялетавымі чарніламі рукою паэта.
З юнацкіх гадоў...
Пётр Іванавіч Чагін — (сапраўднае прозвішча Балдоўкін, 1898–1967) — савецкі журналіст, паэт, партыйны і выдавецкі работнік, літаратурны дзеяч.
Пётр Балдоўкін навучаўся на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (1914–1917). З юнацкіх гадоў ён праяўляў цікавасць да літаратуры, яго першыя творчыя спробы пяра адносяцца да 1917 года. Балдоўкін актыўна выступаў з нататкамі, рэцэнзіямі, вершамі ў газеце «Социал-демократ» і часопісе «На рельсах», якія падпісваў псеўданімам «Алексеев» або «Чагин». З 1917 года актыўна заняўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. У ліпені таго ж года ўступіў у РСДРП. Яго ўдзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі быў непасрэдным — Балдоўкін быў камандзірам чырвонагвардзейскага атрада, дапамагаў усталёўваць савецкую ўладу ў Маскве. Падчас баёў ён атрымаў цяжкае раненне. Пасля выздараўлення абраны членам прэзідыума і сакратаром Замаскварэцка-Данілаўскага раённага Савета дэпутатаў. У 1918 годзе — дэпутат VII з’езда РКП (б).
Пасля заканчэння грамадзянскай вайны Пётр Іванавіч прысвяціў сябе партыйнай дзейнасці. У 1919–1920 гадах узначальваў райкам і абкам РКП(б) немцаў Паволжа. Адначасова працаваў рэдактарам дзвюх цэнтральных абласных газет, якія выходзілі на нямецкай і рускай мовах. У 1921 годзе яго перавялі ў Баку, дзе ён спачатку кіраваў Бакінскім аддзелам народнай адукацыі, затым — агітаддзелам ЦК партыі Азербайджана. З 1922 да 1925 года Чагін займаў пасаду другога сакратара ЦК кампартыі Азербайджана, быў намеснікам С. М. Кірава. Адначасова з’яўляўся рэдактарам газеты «Бакинский рабочий».
З 1926 года Пётр Чагін стаў займацца толькі рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасцю: рэдактар «Красной газеты» (Ленінград), затым газеты
«Зара Усходу» (Тыфліс); студзень — май 1933 года — рэдактар часопіса «Рабочий и театр» (Ленінград); у 1933–1938 гадах — кіраўнік выдавецтваў АН СССР. Пётр Чагін займаў пасады выконваючага абавязкі дырэктара Дзяржаўнага выдавецтва мастацкай літаратуры (1939–1946), дырэктара выдавецтва «Московский рабочий» (1946–1950), дырэктара выдавецтва «Советский писатель» (1951–1956), намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Дружба народов» (1956–1958).
Пётр Чагін любіў паэзію і добра разбіраўся ў шматлікіх літаратурных плынях, сябраваў з многімі паэтамі і пісьменнікамі. У 1958 годзе выйшаўна пенсію. Памёр у 1967 годзе. Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках.
У перакладзе на рускую
Такім чынам, калі Якуб Колас звяртаўся да Пятра Іванавіча Чагіна з просьбай, апошні займаў пасаду дырэктара выдавецтва «Советский писатель».
З вядомым рускім паэтам, драматургам, крытыкам, перакладчыкам Сяргеем Гарадзецкім Якуба Коласа звязвалі доўгія гады сяброўства, супрацоўніцтва і ажыўленага ліставання.
Творчае знаёмства Якуба Коласа з С. М. Гарадзецкім пачалося ў 1933 годзе, калі маскоўскі літаратар, працуючы над перакладамі твораў народнага паэта Беларусі, прыехаў у Мінск. Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч успамінаў: «У 1933 годзе бацька пазнаёміўся з паэтам Сяргеем Гарадзецкім, які ахвотна ўзяўся перакладаць паэтычныя творы на рускую мову. Чалавек ён быў вельмі цікавы, з дваран, карыстаўся аўтарытэтам як заснавальнік школы акмеізму... Расказчыкам ён быў выдатным, хоць дыкцыя была даволі невыразная, якую бацька параўноўваў з цецеручыным балбатаннем, а за „верагоднасць“ гісторый жартам называў яго Наздровым. Але ж пасябраваў і прывязаўся да яго, перасылаў грошы для падтрымкі».
Сяргей Гарадзецкі ўзяўся за пераклад паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Беларускі пясняр вельмі шкадаваў, што яго паэма ў перакладзе на рускую мову будзе друкавацца ў скарочаным выглядзе. «Конечно, приходится сожалеть, что Вы как переводчик, а я как автор поставлены перед фактом урезок и кастрации. Ваше любезное обещание в будущем сделать полный перевод поэмы в значительной степени компенсирует моё огорчение по поводу сокращения поэмы для первого ближайшего издания. А потому я, полагаясь на Ваше любезное внимание к поэме и считая, что Вы вошли в курс её, предоставляю Вам самим полное право по своему усмотрению делать сокращения внутри глав», — пісаў Якуб Колас Гарадзецкаму.
«Новая земля» ў перакладзе на рускую мову выйшла з друку ў 1934 годзе ў Маскве ў выдавецтве «Советская литература». Як напамін аб працы над перакладам паэмы Сяргей Гарадзецкі падарыў беларускаму песняру сваю кнігу «Песня дружбы» з наступным дарчым надпісам: «Дорогому Костусю на памяць о 100 днях творческих мук и радостей над „Новой Землей“. Любящий его Сергей».
Спрыянне без сумневу
Творчы лёс Сяргея Гарадзецкага даволі цікавы. Яго першы паэтычны зборнік «Ярь» (1907) сведчыў аб з’яўленні ў рускай літаратуры яркага і таленавітага аўтара. Невыпадкова Аляксандр Блок называў «Ярь» «большой книгой», «поразительной и неожиданной», «может быть, величайшей из современных книг», «в которой всё живёт и трепещет своей жизнью». Неўзабаве ў Гарадзецкага выходзяць яшчэ дзве кнігі — зборнік вершаў «Перун» (1907) і зборнік вершаў і казак «Дикая воля» (1908).
З 1921 года Гарадзецкі жыве ў Маскве, актыўна друкуецца, перакладае паэзію замежных паэтаў і паэтаў СССР. У 1930-х гадах шмат працуе над опернымі лібрэта: стварае лібрэта адной з першых опер савецкай тэматыкі — «Прорыв» кампазітара С. Патоцкага, піша лібрэта оперы «Дума про Опанаса» кампазітара У. Юроўскага, новы тэкст оперы М. Глінкі «Иван Сусанин». У 1936 годзе ў Маскве выходзіць з друку яго кніга «Избранные лирические и лиро-эпические стихотворения. 1905–1935». Наступныя гады не вельмі радавалі аўтара кніжнымі навінкамі: у 1942 годзе ў Ташкенце выйшла кніга «Думы», у 1947 у Мінску пабачыла свет яго «Песня дружбы».
Таму Якуб Колас меў рацыю, калі пісаў, што Сяргей Гарадзецкі даўно не друкаваўся. Цікава, што кніга, пра якую клапаціўся Колас і жадаў, каб яна пабачыла свет у 1954 годзе да юбілею Гарадзецкага, выйшла ў друку толькі ў 1956.
Як і планаваў Якуб Колас, у яе ўвайшлі вершы Сяргея Гарадзецкага, быліны, легенды, паэмы, пераклады з іншых моў — польскай, сербскай, кітайскай, нямецкай і іншых, у тым ліку пераклад з беларускай — вершаў Якуба Коласа «Мой дом», «Вярба» і ўрыўка з паэмы «Рыбакова хата». Кніга Сяргея Гарадзецкага выйшла ў Дзяржаўным выдавецтве мастацкай літаратуры (ГИХЛ), была здадзена ў набор 13.01.1956, падпісана да друку 18.05.1956. Ці бачыў яе Якуб Колас, застаецца невядомым. Але тое, што ён спрыяў яе выхаду, хоць яна і выйшла ў іншым выдавецтве, не выклікае сумневу.Аўтар артыкула шчыра дзякуе калегам з Дзяржаўнага музея Уладзіміра Маякоўскага за прадстаўленыя матэрыялы і дазвол на першую публікацыю.
Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа