Угэтым сэнсе аўтар мала чым розніцца ад іншых жанчын, якія пачуцці свае выражаюць паэтычнымі радкамі. Адметнасць яе лірычнай гераіні ў тым, што яна на дзіва шчырая, а ў пэўнай ступені і безабаронная. З-за гэтага ў выказванні сваіх пачуццяў можа і паўтарыцца. Бо тое, што не дае спакою, рвецца вонкі. Хоць зразумець яе можна: «Няма нічога больш каштоўнага, // чым імгненне: // дзе я, // дзе ты, // дзе мы, // дзе нашы рукі, // дзе іх цалуеш ты». У такі момант сам час для закаханых страчвае свой звыклы рух. Ён паскараецца. Такі момант дакладна ўлоўлены ў вершы «***Па кахання маршруце...», у якім у мінуце не звычайных шэсцьдзесят секунд, а сто.
І верш «Пялёсткі» таксама сведчыць, што Наталля Святлова не проста піша той ці іншы верш. Яна паэзіяй жыве, якая — пастаянны душэўны стан. Толькі пэўны час знаходзіцца быццам у сабе, чакаючы моманту, калі радкі, неаднойчы асэнсаваныя і пераасэнсаваныя ў думках, папросяцца на паперу:
Пялёсткаў аранжавае ззянне —
Вясны карнавал на паўдня.
Пялёсткаў ружовых — спатканне,
А белых — азарт і гульня.
Малінавых — быццам пакора
Капрызам дзёрзкім маім.
На жоўтых пялёстках да мора
Наяве з табой паляцім.
Палітры шматколернай блёсткі —
Зімой пачуцця хараство.
Хай водар цудоўных пялёсткаў
Наблізіць тваё сватаўство!
Ёсць у кнізе і прысвячэнні. Асабліва шмат маме. Калі паспрабаваць абазначыць іх змест, то ён зводзіцца да таго, што сказана ў вершы «Чаму на сэрцы так спакойна»: «Чаму на сэрцы так спакойна, // Пануюць мір і цішыня // Ды багавінне думак мройных // Благаслаўляе сыход дня? // Таму што пазваніла маме, // І голас светлы азарыў, // І больш я не ў маркотным стане, // Адчуўшы новых сіл прыліў».
Воблік блізкага чалавека звязаны і з самымі лепшымі спадзяваннямі:
Процьма крыўд, якія носіш, —
гэта тормаз
для хуткаснага цягніка,
які ідзе туды,
дзе сонца не згасне,
мары не ссохнуць,
туманы не зманяць,
зоркі не ўпадуць,
мама не сыдзе,
кветкі не звянуць,
зверы не згінуць
і ты будзеш вечны.
Асобныя радкі нясуць у сабе элементы афарыстычнасці. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што Наталля Святлова не проста піша вершы, а ў яе паэтычны лад успрымання рэчаіснасці. З’яўляюцца думкі, якія нясуць тую важкасць, што і чытача прымушаюць задумацца над сказаным. Магчыма, прамоўленае лірычнай гераіняй не заўсёды бярэш на паверку, але ў большасці выпадкаў пагаджаешся з ёю. Бо тое, што напісана, перш чым ператварыцца ў твор, не толькі неаднойчы асэнсавана, а і пераасэнсавана.
Яно жыццём падказана, таму жыццё і адлюстроўвае. Зразумела, не ва ўсіх яго праявах. Найперш тых, што тычыцца душэўнага стану, стасункаў між тымі, у каго нешта не зладзілася, але кожны з гэтых людзей імкнецца да таго, каб згода і паразуменне наступіла. Як у гэтым вершы:
Хто хутчэй даруе —
Той мудрэйшы.
Хто спакой вартуе —
Той смялейшы.
Хто апошні прыйдзе —
Будзе першы.
Хто не скажа ў вочы —
Скажа ў вершы.
Ім кніга завяршаецца. Ён як першы, які адкрывае яе, а таксама вынесены ў назву першага раздзела «Ружаў пяць» (ёсць яшчэ «Пацалунак у вочы» і «Вачніцы святлафораў»). Не ведаю, ці сама Наталля Святлова прыйшла да такой удалай кампазіцыйнай пабудовы, ці дапамог ёй Віктар Шніп — ён укладальнік кнігі «Праз фортку сэрца», як і іншых паэтычных зборнікаў, што выходзяць у Выдавецкім доме «Звязда». Гэтыя вершы тым цікавы, што хочацца іх не толькі чытаць, але і перачытваць.
Словы як быццам і звычайныя, але змест, асабліва ў вершы «Ружаў пяць», закладзены глыбокі. Таму і вынесены яшчэ і на трэцюю старонку вокладкі:
Ружаў пяць:
Чырвоная, рудая,
Белая, ружовая і колер крэм.
Я цябе кахаю, быццам тая,
Што блішчыць каронай дыядэм.
......................................
Ружаў пяць — і дзве завялі:
Колер крэм за белай адышоў.
Тры цяпер гайдаюць нашы шалі,
І каханне споўніцца наноў.
«Ружаў пяць» — гэта і ўдалы паэтычны вобраз. Ён мае на ўвазе і збаўленне ад таго неабавязковага, што сустракаецца на шляху кожнага. Аднак сваім зместам адмаўляючы тое, што забудзецца, згубіцца, але напамінае адно з самых галоўных на зямлі — каханне. Уласна дзеля праслаўлення яго ў розных іпастасях — ад любові да блізкіх людзей да захаплення ўсім тым, што нас атуляе, і пісалася гэтая кніга. А наконт заўваг?
У такіх выпадках я часта прыгадваю свайго незабыўнага сябра Алеся Пісьмянкова. Калі ён быў галоўным рэдактарам «ЛіМа», завяршаў рэдакцыйныя планёркі — у тыя часы яны праводзіліся рэгулярна — словамі: «Няма мяжы дасканаласці». Як кажуць, трэба не толькі не адступаць ад набытага, але пісаць яшчэ лепш. Такімі словамі хачу завяршыць сваю рэцэнзію і на кнігу Наталлі Святловай «Праз фортку сэрца».
І пажадаць, каб у яе хутчэй выйшла чарговая. Не толькі такая дасканалая, а такая, што стала б годным яе працягам.
Алесь МАРЦІНОВІЧ