Кожны год трэцяга лістапада Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа збірае даследчыкаў творчасці класіка на міжнародную канферэнцыю «Каласавіны». Гэтая традыцыя садзейнічае не толькі развіццю коласазнаўства. Яна дае магчымасць удзельнікам расказаць пра новыя падыходы да развіцця музейнай галіны, асэнсаваць творчасць і асобу класіка, адзначыць уплыў народнага пісьменніка на развіццё беларускай культуры, паглядзець, як яго творчасць адлюстравана ў мастацтве, нават звярнуць увагу на ролю Коласа ў станаўленні педагагічнай навукі.
Сёлета на ХХХІХ Міжнароднай навуковай канферэнцыі можна было пабачыць фота з архіваў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і пачуць, як бліскуча з падачай «Новай зямлі» Коласа на опернай сцэне каля 40 гадоў таму справіліся кампазітар Юрый Семяняка, лібрэтыст Алесь Петрашкевіч і рэжысёрСямён Штэйн. Опера была прадстаўлена на сцэне Вялікага тэатра ў верасні 1982 года. Яе прэм’еру прымеркавалі да 100-годдзя народнага паэта.
Для дома-музея Коласа канферэнцыя — гэта яшчэ і магчымасць падвядзення вынікаў работы. За год яго фонды папоўніліся на 81 прадмет. Сярод іх — рукапісы, дакументы, мастацкія і графічныя работы. Музею падараваны малюнак Барыса Аракчэева «Смерць Міхала». Гэтую ілюстрацыю да «Новай зямлі» ён ствараў, калі яшчэ быў студэнтам. Работу перадала дачка мастака. Сярод каштоўных новых здабыткаў музея і шарж на Якуба Коласа, зроблены вядомым савецкім мастаком-карыкатурыстам Іосіфам Ігіным. Ён быў асабіста знаёмы з Коласам, пакінуў успаміны аб сустрэчы з народным паэтам Беларусі. Мастак згадваў, як хлебная скарыначка ўпала на падлогу, а Колас беражліва яе падняў, такое стаўленне да хлеба ўразіла Ігіна. На шаржы ён намаляваў пісьменніка з коласам у руках. Быў зроблены і адпаведны подпіс для малюнкам «Уже давно решён вопрос, что он и Колос, и колосс». Папоўнілася і калекцыя інскрыптаў. Так, у музей перададзена кніга «Паэмы», якую класік падпісаў для свайго пляменніка Уладзіміра Міцкевіча, паэма «Хата Рыбака» з дарчым надпісам кінааператару Уладзіміру Цытрону, а таксама фота і дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю старэйшага сына паэта — Данілы Міцкевіча. Яны маюць асаблівую каштоўнасць яшчэ і таму, што Даніла Канстанцінавіч быў першым дырэктарам музея Якуба Коласа.
У рамках канферэнцыі адбылася адметная падзея: побач з музеем нашчадкі Якуба Коласа пасадзілі малады дубок. У пасляваенныя гады, калі класік вярнуўся на радзіму, ён пасяліўся ў новым месцы, дзе сёння знаходзіцца музей, бо яго ранейшы дом згарэў на трэці дзень вайны. Тут ён пасадзіў дрэвы ў гонар жонкі і трох сыноў. На жаль, дрэва, якое «належала» Даніле, загінула. Сваякі пісьменніка падчас
«Каласавін» пасадзілі новае ў гонар Данілы Канстанцінавіча. У пасадцы ўдзельнічалі і дзеці, сярод якіх і юны Даніла — прапраўнук Коласа.
Сёлета канферэнцыя была прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі і 100-годдзю паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка». Да юбілею музей выпусціў факсімільнае выданне паэмы, якое цалкам паўтарае тое, што пабачыла свет у 1925 годзе, з вокладкай, аформленай Валяр’янам Дваракоўскім. Між іншым, гэтае факсімільнае выданне ўжо трэцяе, якое падрыхтавана музеем Якуба Коласа. Раней пабачылі свет факсіміле паэтычнага зборніка «Водгулле» і паэмы «Новая зямля».
Падчас канферэнцыі галоўная захавальніца фондаў музея Васіліна Міцкевіч расказала пра няпростую гісторыю паэмы і яе перавыданні. Як і «Новую зямлю», паэму «Сымон-музыка» Колас пісаў больш 14 гадоў. Яе першая рэдакцыя выйшла ў 1918 годзе. Першапачаткова «Сымон-музыка» задумваўся як казка жыцця (адметны філасофскі жанр пісьменніка, над якім ён працаваў на працягу ўсёй сваёй творчасці). Як пісаў сам Колас, ідэя твора ў яго з’явілася, калі ён пачуў гісторыю пра хлопчыка-жабрака, які любіў музыку. Але ў 1920-ыя гады, калі пачалася беларусізацыя, у пісьменніка ўзніклі новыя ідэі, і ён вырашыў змяніць паэму, працаваў над другой яе рэдакцыяй. Рукапіс ужо скончанага твора быў скрадзены, калі пісьменнік знаходзіўся ў дарозе з Кіславодска. Паэт працаваў над трэцяй рэдакцыяй, і за кароткі час аднавіў паэму па памяці.
Па традыцыі ў канферэнцыі бяруць удзел нашчадкі Якуба Коласа. Яны не проста дзеляцца сямейнымі сакрэтамі, але і вядуць пошукавую і даследчыцкую працу. Сёлета яны расказвалі пра тое, на якія мовы перакладалася паэма «Сымон-музыка», а таксама разам з іншымі даследчыкамі спрабавалі расшыфраваць тыя сэнсы, якія Колас заклаў у адзін са сваіх самых прыгожых і загадкавых твораў. Так, навуковы супрацоўнік аддзела экалогіі традыцыйнай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры НАН Беларусі Вера Міцкевіч выбрала тэму «„Трэба чыстым быць душою...“: экалогія душы ў паэме Якуба Коласа „Сымон-музыка“». Яна падкрэсліла, што ў гэтым творы пісьменнік імкнуўся цэласна асэнсаваць сусвет, народ, нацыянальны космас.
У рамках канферэнцыі адбылося і адкрыццё выстаўкі, прысвечанай 100-годдзю паэмы «Сымон-музыка».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара