Навуковыя супрацоўнікі падрыхтавалі мастацка-дакументальную выстаўку «Музей — гэта мы». Галоўная ідэя — распавесці пра асоб, якія шмат зрабілі, каб музей класіка беларускай літаратуры з’явіўся на свет.
Галоўныя фондаўтваральнікі
Важную ролю адыгралі родныя Максіма Багдановіча з боку бацькі, гэта — стрыечная пляменніца паэта Наталія Глебаўна Кунцэвіч, яе родная сястра Анастасія Глебаўна Кунцэвіч (па мужу Бараховіч), муж апошняй Аркадзь Якаўлевіч і сын Максім Аркадзьевіч. Кожны з іх у той ці іншы час перадаваў у музей каштоўныя фатаграфіі, рэчы побыту, мэблю, дакументы, лісты, у тым ліку і звязаныя з сям’ёй Багдановічаў.
Максім Бараховіч працягвае рабіць гэта і цяпер, вось і да сёлетняга свята ён падрыхтаваў некалькі падарункаў, сярод іх ліст роднай цёткі паэта Магдаліны Ягораўны Гапановіч да дачкі Веры з прыпіскамі Верыных сястрычак Нюты і Наталіі. Ліст датуецца 5 студзеня 1914 г. і распавядае, на першы погляд, пра зусім празаічныя рэчы — жыццё сям’і Гапановічаў, іх знаёмых. Прывядзём ліст поўнасцю з захаваннем арфаграфіі:
«5 Января. Милая и дорогая Верочка! Сегодня получила твоих два письма, и мерочку но я не ждала и купила башмачки наугад уверали что будут впору если же что нибудь не так то пришли я немедленно переменю, мне ужасно обидно, что Наташеньке елочный наряд не поспел. Я готовила к Новому году да получивши твое письмо, не послала были праздники и нельзя было взять ордер. Ну сносите летом платьице не дорогое. Праздники и у нас довольно скучные, нигде не были, новый год встречали в церкви, а тебя вспоминали все время и жалели что мы не вместе. У нас была Маня и просила поцеловать тебя и попросить чтоб ты на неё не сердилась. Выглядит она очень хорошо даже как-то помолодела. Очень жаль что твою посылку вскрыли меня это немножко возмущает, было очень хорошо завязано и на крышке ящика написано кому неужели не видали.
Про Бору и Павлушу ни чего не напишешь. Борис что дальше, то делается хуже, грубы оба до невозможности. Я двадцать раз давала себе слово не обращать внимания на все Борины проделки да вытерпеть очень трудно. Павлуша всецело поглощен, вечерами приходит с цветами, ведет усиленую переписку по городской почте. Петруша все праздники не писал ни слова. Нюта уезжает 8-ого и сегодня обиделась на тебя что ты написала мне два письма а ей нет. Глебушка простудился и проболел дней пять у Нины. В Новый год пришел к нам и не выходил эти дни да вчера помыл голову видно еще рано сегодня опять распухло горло и жалуется на головную боль, а нужно ехать завтра да я уговариваю переждать. Он хочет поступить в банк в Ярославле и учиться в лицее. Может Бог даст он и выйдет на дорогу. Он мне опять нравится выглядит совершено другим. Я здорова только не могла собраться написать тебе да я просила Нюту. Ну будь здорова Бог даст увидимся. Не волнуй моя дорогая и береги свое здоровье. Может Бог даст когда-нибудь мы поживем лучше. Целую тебя и мою дорогую Наташеньку. Мама и баба».

Вера атрымала гэты ліст у складаны перыяд жыцця, калі яна сышла ад мужа Глеба Кунцэвіча (згадваецца ў лісце, Магдаліна Ягораўна спадзявалася, што ён «выйдет на дорогу»), разам з маленькай дачушкай з’ехала ў г. Ядрын, працавала настаўніцай у школе пры заводзе братоў Таланцавых. Матуля старалася падрабязна апісаць побыт сям’і ў Ніжнім Ноўгарадзе, падзеі, якія адбываліся ў жыцці родных і знаёмых. Дзякуючы таму, што захавалася перапіска Веры, мы ведаем, хто такая Маня, якую згадала Магдаліна Ягораўна. Гэта сяброўка Веры — Марыя Пятроўна Сырамятнікава. Дзяўчаты пазнаёміліся, відаць, у Ніжагародскай жаночай гімназіі, пасябравалі, для атрымання вышэйшай адукацыі выбралі адзін горад — Санкт-Пецярбург. Марыя скончыла Медыцынскі жаночы інстытут, Вера вучылася на Вышэйшых жаночых (бястужаўскіх) курсах. На жаль, яна не скончыла курсы, па сямейных абставінах вярнулася ў Ніжні Ноўгарад, потым у Ядрын. Але, як бачна, сяброўства паміж дзяўчатамі працягвалася. З перапіскі дзяўчат вядома, што Марыя хварэла на сухоты, але, відаць, лячэнне дапамагло, у лісце Магдаліна Ягораўна радавалася, што дзяўчына добра выглядае.
- Таксама згадваліся браты Веры — Барыс, Павел і Пётр. Самы малодшы Барыс («Бора») — любімчык матулі, таму ёй складана пераносіць яго падлеткавы бунт. Бачна радасць матулі за 17-гадовага Паўла і яго першае каханне, хваляванне за старэйшага Пятра, які ў гэты час жыў у Яраслаўлі, вучыўся ў Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі, працаваў у Сялянскім пазямельным банку. У старэйшага сына быў складаны характар, ён меў крытычны погляд на ўсё і ўсіх, быў іранічным да людзей вакол і да сябе. Як мог, абараняў сваю сям’ю, хаця некаторыя яго ўчынкі цяжка зразумець і апраўдаць. Можна ўспомніць яго ліст да сястры Веры 6 мая 1915 г., у якім ён апісваў планы Максіма Багдановіча пачаць новае самастойнае жыццё, але выступаў супраць прыезду кузэна ў Ніжні Ноўгарад.
І, напэўна, прыклаў намаганні для таго, каб стрыечны брат выбраў іншы горад для жыцця, пры гэтым сам Пётр жыў у доме Багдановічаў, у пакоі побач з Максімавым.
Адам Багдановіч бачыў розніцу ў характарах сына і пляменніка, ва ўспамінах апісваў, як яны спрачаліся на самыя розныя тэмы, якім «разважлівым, халаднаватым», «танчайшым логікам» быў Пётр, у адрозненне ад надзвычай эмацыянальнага Максіма. Бацька паэта падкрэсліваў, што крытык-скептык пляменнік умеў знаходзіць факты і аргументы, «несуцяшальныя» для брата і яго пазіцыі. Адаму Ягоравічу было цікава назіраць за іх спрэчкамі, ён вельмі эмацыянальна апісваў гэта ва ўспамінах пра Максіма, але пры чытанні складваецца ўражанне, што А. Багдановіч быў на баку пляменніка.
Каштоўныя артэфакты
Менавіта з імем Пятра Іванавіча Гапановіча звязаны яшчэ адзін падарунак, які атрымалі навуковыя супрацоўнікі да юбілею музея. Падчас камандзіроўкі ў Ніжні Ноўгарад у сакавіку гэтага года мы сустрэліся з К. А. Сібіраковай, дачкой Таццяны Глебаўны Кунцэвіч і ўнучкай Веры Кунцэвіч. Ксенія Андрэеўна паказала некаторыя каштоўныя артэфакты, якія захоўваюцца ў сям’і, напрыклад, сямейны альбом, з любоўю аформлены яе матуляй. Перагортваем старонкі і бачым знаёмыя твары — фатаграфіі Максіма і яго родных — Багдановічаў, Гапановічаў, Галаванаў. Амаль усе здымкі арыгінальныя, частка з іх зроблена да 1917 г. у Мінску, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, іншых гарадах. Некаторыя здымкі заменены сучаснымі копіямі. Нам, музейным супрацоўнікам, зразумела, што арыгінальныя фота перададзены нашым папярэднікам у музей, цяпер прадстаўлены ў экспазіцыі ці зберагаюцца ў фондах.

Альбом з каштоўнымі фотаздымкамі застаецца на захаванні ў Ксеніі Андрэеўны, а вось кніга з сямейнага архіва стала падарункам да дня нараджэння музея. Кніга «По русской земле» (геаграфічныя нарысы А. Сахарава, Масква, 1899 г.), па ўсім відаць, мае доўгую гісторыю і захоўвае шмат таямніц. Аўтарам пазначаны Аляксандр Іванавіч Сахараў, але на самай справе выданне складаецца з нарысаў, напісаных рознымі асобамі. Нашу ўвагу, канешне, прыцягнуў раздзел «Белоруссия», у які ўвайшлі нарысы В. М. Маракуева, прысвечаны Палессю і палешукам, С. В. Максімава пра святкаванне Калядаў, І. Краскоўскага «В Беловежской пуще». Калі першыя два аўтары больш-менш вядомыя, то імя трэцяга раскрыць не ўдалося, як версія, гэта Ігнацій Краскоўскі, журналіст, пазней святар, бацька вядомага дзеяча беларускай культуры Івана Ігнатавіча Краскоўскага.
Кніга надзвычай каштоўная тым, што мае дароўны надпіс на тытульным лісце: «Пете от дяди Адама», то-бок Пятру Гапановічу ад Адама Багдановіча. Даты падпісання кнігі няма, але зварот без імя па бацьку ўказвае, што падарунак быў для маленькага хлопчыка. Знізу жартаўлівы допіс алоўкам: «и от тети Евы». Улічваючы характар Пятра Іванавіча, чамусьці адразу падумалася пра яго, але параўнанне з узорамі яго почырку (у музеі ёсць яго лісты) паказвае, што гэты надпіс зрабіў ужо хтосьці іншы, магчыма, прадстаўнік наступнага пакалення Гапановічаў (Кунцэвічаў).
Бачна, што кніга была ў карыстанні, думаецца, што Пеця, які ў 1902 г. разам з сям’ёй з’ехаў з Мінска ў Ніжні Ноўгарад, не раз перачытваў старонкі кнігі, прысвечаныя радзіме. Хутчэй за ўсё чытаў гэтую кнігі і наш Максім Багдановіч...
Мы распавялі пра самыя каштоўныя падарункі да юбілею. І, паколькі святкаванні працягваюцца, спадзяемся, што музей Максіма Багдановіча чакае яшчэ шмат сюрпрызаў.
Ірына МЫШКАВЕЦ