Вершы і паэмы, казкі і апавяданні Якуба Коласа з першых публікацый зачароўвалі чытачоў прыгажосцю і мілагучнасцю беларускага слова, маляўнічасцю і яскравасцю вобразаў, глыбінёй і мудрасцю думкі. Творы пісьменніка адбіваліся ў душы і знаходзілі водгук у сэрцах простых людзей. Роўна 100 гадоў таму Якубу Коласу афіцыйна было прысвоена званне народнага паэта. У тым жа 1926 годзе беларускі пясняр стаў бацькам трэці раз. 31 студзеня ў яго сям’і нарадзіўся сын Міхась. Імя і прозвішча хлопчык атрымаў ад свайго дзеда-лесніка — Міхаіла Казіміравіча Міцкевіча, цудоўна апісанага ў паэме «Новая зямля». Сыну Якуба Коласа таксама пашчасціла на паэтычныя прысвячэнні ад бацькі, ён стаў і галоўным героем яго паэмы для дзяцей «Міхасёвы прыгоды».
У адным з вершаў-віншаванняў сыну на дзень нараджэння Якуб Колас напісаў:
Абнімаю цябе я, мой сыне,
Да гарачага сэрца тулю.
Дык расці ж нам на радасць, краіне,
Каб праславіў ты нашу зямлю.
Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч спраўдзіў пажаданні бацькі, праславіў беларускую зямлю ў навуцы, спорце, літаратуры...
Дзіцячыя гадыКалі нарадзіўся Міхась, у сям’і песняра ўжо гадаваліся двое сыноў — Данілаі Юрка. Марыя Дзмітрыеўна, жонка паэта, вельмі хацела дачушку, нават адзенне падрыхтавала адпаведнае. Але лёс вырашыў іначай — нарадзіўся трэці сын.
Аднойчы, ужо ў сталыя гады, Міхась удзельнічаў у спаборніцтвах клуба вясёлых і знаходлівых у фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук Беларусі. Для выступлення мужчыныўдзельнікі вырашылі пераапрануцца ў жанчын. Міхась надзеў сукенку, каралі, парык, капялюшык з вэлюмам. Такая прыгожая жанчына атрымалася! Колькі жартаў і смеху было на сцэне. Выступоўцаў не змаглі пазнаць, гэта не ўдалося нават члену журы, сябру Коласавай сям’і Канстанціну Васільевічу Гораву. Вобраз Міхася ў жаночым строі захаваў фотааб’ектыў — фота-жарт, які знаходзіцца ў сямейным архіве, нагадвае нам пра смешны момант з мінулага і цудоўнае пачуццё гумару, якое дасталося сыну ад бацькі.
У сямейным зборы захавалася і яшчэ адна фотакартка — з маленькім Міхасём. На ёй рукою Якуба Коласа напісана: «Мілай Оле ад Міхаські. 9 VII 1930 г.» (фотаздымак і дароўны надпіс друкуюцца ўпершыню). Здымак цудам не знік у гады ваеннага ліхалецця, бо быў падараваны жончынай пляменніцы — Вользе Каменскай, якая жыла ў гарадскім пасёлку Клязьма пад Масквой. Напэўна, пасля вайны яна вярнула фотаздымак бацькам.
Гумарыст і жартаўнік
У 1943 годзе Міхась паступіў на машынабудаўнічы факультэт Варонежскага авіяцыйнага інстытута, які тады знаходзіўся ў Ташкенце. Праз некаторы час перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Там пазнаёміўся з будучай жонкай — дачкой Янкі Маўра — Наталляй Фёдаравай.
Аб тым, што маладыя звязалі свой лёс, бацькам вырашылі паведаміць у жартоўнай форме. Міхась патэлефанаваў свайму бацьку і сказаў, што дачка Маўра выйшла замуж. Наталля ў размове з бацькам адзначыла, што Коласаў сын ажаніўся. Пісьменнікі, віншуючы адзін аднаго з радаснымі падзеямі ў жыцці дзяцей, не адразу зразумелі, што сталі сватамі.
З дзіцячых гадоў Міхась імкнуўся навучыцца імітаваць галасы жывёл і птушак, у гэтым ён стаў сапраўдным прафесіяналам. Часам удавалася нядрэнна падрабіць галасы сяброў і знаёмых. Так, аднойчы Міхась пазваніў сваёй жонцы і голасам яе сяброўкі пачаў распытваць пра сябе, сямейнае жыццё і іншае. Наталля шчыра расказала пра свайго любімага мужа і вельмі пакрыўдзілася, калі даведалася, хто сапраўды званіў.
Навуковец і вынаходнік
Міхась Міцкевіч пачаў працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам у лабараторыі электрафізікі фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР у 1949 годзе па запрашэнні дырэктара ўстановы,акадэміка С. І. Губкіна. У 1970 годзе Міхась Канстанцінавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, з 1974 года стаў загадчыкам лабараторыі. Міхась Міцкевіч займаўся даследаваннямі ў галіне электраэразійнай апрацоўкі металаў, ён аўтар больш як 180 навуковых прац у галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў, меў каля 30 вынаходніцтваў у гэтай галіне. У 1985 годзе атрымаў ступень доктара тэхнічных навук, пад яго кіраўніцтвам абаронена 5 кандыдацкіх дысертацый. Міхась Міцкевіч стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, быў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», медалямі ВДНГ СССР, ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР. У фізіка-тэхнічным інстытуце Міхась Канстанцінавіч працаваў да 2005 года.
Захавальнікі папулярызатар бацькавай спадчыны
Міхась Міцкевіч працаваў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа з 2006 да 2013 года. Ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і літаратурным жыцці, выступаючы на вечарах і публікуючы артыкулы аб невядомых старонках жыцця свайго бацькі. Міхаць Канстанцінавіч — аўтар успамінаў пра Якуба Коласа, якія выйшлі ў кнізе «Пад бацькоўскім дахам», укладальнік і ініцыятар шэрага выданняў, прысвечаных паэту і членам яго сям’і.
За добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё навуковага коласазнаўства і прапаганду творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа Міхась Міцкевіч быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2009 г.), нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру» Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Заўзяты паляўнічы і выдатны спартсмен
Акрамя дасягненняў у навуцы і літаратуры, Міхась Канстанцінавіч праявіў сябе і ў спорце. Стральбою і паляваннем захапляўся сярэдні сын Якуба Коласа Юрый, які загінуў пад Смаленскам у верасні 1941 года. Ідучы на фронт, ён прасіў Міхася зберагчы яго стрэльбы. Паляванне і стэндавая стральба зацікавілі і Міхася. Напэўна, майстэрства дасталася Міхасю ў спадчыну: яго бацьку Якуба Коласа лічылі адным з лепшых стралкоў з нагана падчас яго навучання ў Аляксандраўскім ваенным вучылішчы.
Радасць і шчасце паляўнічага Міхась адкрыў для сябе ва Узбекістане, у прыгожых і маляўнічых гарах Чымгана. Трафеі былі невялікія, прыходзілася берагчы патроны, якія дасталіся ў дар ад вядомага рускага пісьменніка-марыніста, аўтара «Цусімы» — Аляксея Новікава-Прыбоя.
З пачатку 1950-х гадоў Міхась удзельнічаў у спаборніцтвах па стэндавай стральбе. У 1954 годзе ў Ленінградзе заняў першае месца на Усесаюзным індывідуальна-камандным першынстве таварыства «Спартак». У 1955-м на першынстве БССР па стэндавай стральбе Міхась Канстанцінавіч устанавіў новы рэкорд рэспублікі. У актыве Міхася Канстанцінавіча больш за 30 узнагарод, грамат і дыпломаў рэспубліканскіх і саюзных спаборніцтваў, ён меў званне «Майстар спорту» па стэндавай стральбе.
Кухар-эксперыментатар
Адзін з самых смешных і запамінальных раздзелаў Коласавай «Новай зямлі» — «Дзядзька-кухар». Хто ж можа забыць няўдалы эксперымент Антося са спробай зварыць клёцкі на бярозавым соку? Такім жа кухарам-эксперыментатарам быў і Міхась Міцкевіч. Свае спробы на кухні пачаў ажыццяўляць, калі жонка на працяглы час з’ехала вучыцца ў Маскву на курсы павышэння кваліфікацыі. Ён вельмі часта стаў завіхацца каля пліты, спрабаваў прыгатаваць стравы па рэцэптах, у якія кожны раз дадаваў нешта сваё. Вынік кулінарных пошукаў быў не заўсёды станоўчым, але Міхась не закідваў справу. І з часам навучыўся цудоўна гатаваць: халадзец, сальцісон, фаршыраваную рыбу, але лепш за ўсё атрымліваліся бліны — верашчака з аладкамі ці наліснікі з мясной начынкаю былі вельмі смачнымі! Міхась таксама спрабаваў рабіць настойкі, віно — смак яго «Міхасёўкі» добра памятаюць родныя, сябры-пісьменнікі і знаёмыя.
Грыбнік і траўнік
Сапраўдным захапленнем Якуба Коласа быў збор грыбоў. У гэтай справе паэт быў рэкардсменам, прыносячы па 500–700 белых грыбоў зараз. Беларускі пясняр нават склаў цэлы збор правілаў — тэстамент старога грыбніка, прытрымлівацца якога вучыў сына. Апошні перадаў бацькаў запавет сваім дзецям і ўнукам.
Нізка сушаных баравікоў неаднойчы была нечаканым, але вельмі смачным падарункам ад Якуба Коласа сябрам-пісьменнікам. Асабліва любіў такія прэзенты рускі паэт і перакладчык Сяргей Гарадзецкі, якога небеспадстаўна лічылі сапраўдным гурманам.
У сям’і Міхася Канстанцінавіча сабраныя грыбы гатаваліся па-рознаму: салёныя грузды, марынаваныя баравікі, смажаныя рыжыкі, тушаныя смарчкі заўсёды ўпрыгожвалі святочны стол.
У вандроўках па лясах і палях падчас летніх адпачынкаў збіраліся не толькі грыбы, але і лекавыя зёлкі для травяной гарбаты. Яе цудоўны водар і смак і сёння адзін з любімых у нашай сям’і.
Таленавіты фатограф
Любімым заняткам Міхася Міцкевіча была і аматарская фатаграфія. У яго архіве каля 40 альбомаў з фотаздымкамі бацькі, родных, знаёмых і сяброў сям’і, розных мясцін і куточкаў Беларусі.
Якуб Колас не любіў пазіраваць, фатаграфавацца. Але дзякуючы сыну ў сямейным архіве захавалася нямала трапных кадраў. Сыну ўдавалася «падлавіць» бацьку ў добрым настроі, сфатаграфаваць яго падчас купання ў чыстых і празрыстых водах Нёмана, адпачынку на жоўценькім рачным пясочку, у грыбных абходах і вандроўках па лесе, падчас сустрэч з роднымі і сябрамі.
У 1951 годзе ў лісце да сына Міхася Якуб Колас напісаў: «Віншую з днём твайго 25-годдзя. Няхай яно будзе толькі ¼ твайго жыцця». Прыемна, што стогадовы юбілей Міхася Міцкевіча будзе адзначаны выхадам кнігі «Сын вялікага паэта», якая раскажа пра Якуба Коласа і членаў яго сям’і, тагачаснае жыццё, а таксама пра самога Міхася Канстанцінавіча як выдатнага рупліўца на ніве захавання спадчыны свайго знакамітага бацькі.
Васіліна МІЦКЕВІЧ