«Крылы даюцца таму, хто імкнецца ўзляцець...»
18 лістапада 1931 года нарадзіўся Анатоль Вярцінскі. Вёска Дзямешкава Лепельскага раёна гадавала свайго будучага выдатнага мастака. Вясковы хлапчук узрастаў на жывапіснай Віцебшчыне. У яго душы загараліся агеньчыкі замілавання жыццём, якія напаўнялі дзяцінства задавальненнем і радасцю. Ідылію зруйнавала вайна. Фашысты захапілі Беларусь і арганізавалі на нашай зямлі смяротны канцлагер. Яны вывозілі дзяцей у Германію і гвалтоўна зганялі ў «кіндэрлагі» для збору крыві салдатам і афіцэрам вермахта. Безумоўна, трагізм вайны абвастрыў паэтычны дар Вярцінскага. «Нешчаслівае дзяцінства, — мудра заўважыў Э. Хеменгуэй, — лепшая школа для пісьменніка». Усявышні паспрыяў, каб з «вайны вый-
шла» вялікая кагорта беларускіх пісьменнікаў. З вайны вырастаў і паэт Вярцінскі. Перамога прынесла жыццё без стрэлаў, «зялёных варожых салдат» на вуліцах. Алё не прыйшоў з фронту бацька, і жылі ў зямлянцы каля згарэлай хаты... Калі адкрылася школа, вучні сабраліся як на свята ў сваім класе. Заняткі ў школе дапамаглі пазбавіцца ад змрочнага ваеннага мінулага і вярнулі дзяцей у цікавае інтэлектуальнае жыццё. Вярцінскі добра вучыўся, у старшых класах захапіўся чытаннем, пісаў вершы і дэкламаваў іх на школьных урачыстасцях, цікавіўся друкам і пісаў заметкі ў раённую газету «Калгасная праўда». Настаўнікі ўхвалялі творчыя памкненні вучня і раілі яму развіваць свае здольнасці. Пасля школы, у 1951 годзе, юнак паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ. Ва ўніверсітэт прыйшоў таленавіты студэнт, журналіст і паэт. Анатоль Вярцінскі «не хапаў зорак з неба». Ён сам запальваў іх добрай вучобай, журналісцкай практыкай і паэтычнай творчасцю. У студэнцкія гады пачаў выступаць у друку з вершамі. Вярцінскі знайшоў індывідуальную паэтычную дарогу. Пасля ўніверсітэта яму давялося пяць гадоў стажыравацца ў «народным універсітэце», як ён гаварыў, працаваць у раённых газетах Камянца, Давыд Гарадка, Рагачова і Клімавіч. Малады журналіст вывучаў народнае жыццё і асэнсоўваў яго як публіцыст і паэт. Публіцыстычна-паэтычнае падарожжа па рэспубліцы закончылася ў 1962 годзе. Паэт вярнуўся на працу ў Мінск.
«Песні паэта грэюць як лета...»
У гэты час яго лірыка загучала красамоўна, прывабна і па-мастацку арыгінальна. Вярцінскі ўслаўляў філасофію людской маралі, прыгажосці чалавека, які змяняе быццё і ўпрыгожвае планету. Паэт бачыць і паказвае беларуса, які стварае сваё, як цяпер кажуць, камфортнае жыццё напружанай і ў той жа час каштоўнай працай. Землякі ў Вярцінскага «залечваюць раны вайны» і будуюць сваю цывілізацыю. Вось і спелася ў яго паэма «Песня пра хлеб», якая выйшла з друку ў 1962 годзе. Чароўныя рукі маці ў цёплай хаце твораць цуд, які можа ашчаслівіць дзяцей. Апяванне працы паэт прадоўжыць у паэме «Начны бераг», што прысвяціў сваёй роднай любай матулі, калгаснай працаўніцы. У Мінску Вярцінскі аказаўся ў асяроддзі вядомых беларускіх літаратараў. Паэт плённа працуе, друкуе вершы і паэмы, выпускае паэтычныя зборнікі. Найбольш значныя творы — паэмы «Дажынкі», «Заазер’е». Жыццё вясковае адрозніваецца сваім адвечным побытам і клопатам, калгаснай і хатняй гаспадаркай. У ідылічным вясковым побыце паэт бачыць і паказвае, як змяняецца жыццё людзей. У кожнай хаце з’явіліся электрычнасць і радыё. Вёска пазнаёмілася з жыццём людзей на планеце. І — важная навіна — у сяле адкрылася дзесяцігодка! Прыемна і радасна, што ўсё больш юнакоў і дзяўчат паступаюць у інстытуты.
Паэт з вайны праслаўляў змагароў за нашу свабоду. Яго вершы вяртаюць чытачоў у трагічныя дні Вялікай Айчыннай, будзяць адчуванне смяротнай бяды, перажытай нашымі суайчыннікамі. «Паэт з вайны» — не выпадковае азначэнне, а біяграфічная дэталь. Памяць падлетка на ўсё жыццё сфатаграфавала жахі фашысцкай акупацыі. Паэт «выйшаў з вайны», і ў яго творчасці гэты перыяд беларускай гісторыі пад покрывам асуджэння, смутку, а таксама высокага непераможнага духу змагароў-беларусаў. Паэт-філосаф абгрунтоўвае важную сучасную ідэю: чалавек як тварэнне Божае не заслугоўвае вайны. Інтэлектуальны ўзровень грамадства, культура і навуковыя тэхналогіі садзейнічаюць сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны і дазваляюць пазбегнуць супярэчнасцей, ваенных канфліктаў і забяспечыць якасць жыцця сучасных людзей. Вайна знішчае людзей, спыняе жыццё, як аб гэтым сказаў паэт у вершы-трагедыі «Рэквіем па кожным чацвёртым». Мільёны беларусаў адышлі на неба, здабыўшы сваю і нашу свабоду. Цяпер там, у нябеснай вышыні, яны свецяць нам зоркамі анёлаў. Вярцінскі сцвярджае, што нашы выратавальнікі з вышыні сваёй славы моцна трымаюць за руку нас, сучаснікаў, каб ні мы, ні хто іншы не парушыў мірны лад жыцця людзей. Каб не паўтарылася: «Доўга не трацілі ўдовы надзей, доўга чакалі маці дзяцей. // Не верылі ўсё, што мёртвы кожны чацвёрты». Нашых святых ахвяр ніколі не забыць, нашым ворагам ніколі не дараваць. У сваёй творчасці Вярцінскі паказаў супярэчлівы, трагічны і велічны вобраз сучаснасці і вобраз чалавека-стваральніка гэтай рэальнасці. Беларус як чалавек і грамадзянін выйшаў з нядолі і нястачы і ператварыў сваю рэспубліку ў індустрыяльную краіну. Паэт бачыць, што асаблівай каштоўнасцю для людзей сталі адукацыя, нацыянальная культура. Ён не назіральнік за жыццём, не дарадчык, а даследчык, стваральнік гуманістычнай ауры ў грамадстве. Паэзія — гэта прыгожае слова для заспакаення і ўзвелічэння душы чалавека, лічыў паэт. Гэтая ідэя дае яму сілы і натхненне, і ён стварае кнігу за кнігай. Да чытачоў прыходзяць зборнікі вершаў «Жанчына, мужчына, каханне», «Тры цішыні», «Час першых зорак», «Святло зямное», «З’яўленне», «Чалавечы знак» і інш.
«Да высокага ідэала адной перамогі мала...»
Вярцінскі — дзейсная, зацікаўленая грамадская асоба. У творчасці і жыцці ён быў «на людзях». Паэт лічыў, што пісьменнік, кожны дзеяч мастацтва па прызванні мае права і павінен удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны. Глыбока разумеючы заканамернасці развіцця грамадства, Вярцінскі ўключыўся ў актыўнае творчае і сацыяльна-палітычнае жыццё.
У 1969 годзе яго прымаюць у Саюз пісьменнікаў СССР. У нацыянальнай паэзіі Вярцінскі зарэкамендаваў сябе як творчая індывідуальнасць, якая адкрыла свой арыгінальны паэтычны стыль і здольнасць «таленавіта маляваць рознакаляровае жыццё». У 1967 годзе яго вылучаюць на пасаду сакратара Саюза пісьменнікаў БССР. Вярцінскі стаў уплывовай асобай у пісьменніцкім асяроддзі. У 1986 годзе яго прызначаюць рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва».
У гэты час ў грамадстве выспела неабходнасць сацыяльна-эканамічных змен. Рэдактару хапіла прафесійнай мудрасці і палітычнай празорлівасці прадухіліць паспешлівыя ацэнкі падзей і спробы скажэння гістарычных фактаў і з’яў на старонках газеты. Абсяг грамадска-палітычнай дзейнасці А. Вярцінскага ў 1987 годзе выйшаў на міжнародны ўзровень. У складзе беларускай дэлегацыі ён удзельнічаў у рабоце ХХХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Вярцінскі адзіны сярод дыпламатаў усіх часоў напісаў кнігу «Нью-Ёркская сірэна» — аб дзейнасці міжнароднай арганізацыі. Творчая руплівасць і высокія мастацкія здабыткі паэта ў 1988 годзе былі адзначаны ганаровым званнем лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Адным з вызначальных фактараў ушанавання паэта высокай узнагародай была і кніга «Нью-Ёркская сірэна». Грамадская дзейнасць паэта выходзіла за межы творчасці. У 1990 годзе яго выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Паэт — гэта падарунак людзям ад Бога, таму і жыццё ў яго змястоўнае, благаславёнае і доўгае. Анатоль Ільіч Вярцінскі пайшоў на неба 21 красавіка 2022 года. Там, у далекай касмічнай вышыні, зіхацяць, свецяць людзям сотні, тысячы яго вершаў-зорачак...
Алег СЛУКА
Фота з фондаў ДМГБЛ