Перад намі — зборнік вершаў гродзенскай паэтэсы Людмілы Шаўчэнка «Откровение» (2024). На вокладцы кнігі — аранжавыя блікі захаду сонца на ціхай затоцы ў акружэнні зацямнелых дрэў... Думаецца: чаму ж захаду сонца, а не ўсходу, часу світання?... Бо вершы Людмілы Шаўчэнка заўсёды напоўнены светлай радасцю адкрыцця шматфарбнага свету, шчырай любові да жыцця ва ўсіх яго праявах, глыбокімі філасофскімі роздумамі.
І, здаецца, адказ чытач знаходзіць на першай жа старонцы:
Хочу, чтоб стих, как солнца свет,
Надежду, радость излучал,
На все вопросы дал ответ
Всем тем, кто этот стих читал.
И коль из ста хотя бы пять
Найдут поддержку в нём —
Есть смысл дерзать, творить,
писать
И жить грядущим днём.
Аўтар гэтых радкоў — Людміла Шаўчэнка — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор дзіцячай літаратуры 2010 года», лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ў намінацыі «Пісьменнік года» (2015), удзельнік міжнароднага перакладчыцкага праекта «Берега дружбы».
Многім чытачам добра вядомыя яе вершы з падкрэсленай дакладнай пазіцыяй у вызначэнні сутнасці жыцця ўвогуле і жаночых лёсаў у прыватнасці. Лірыка Людмілы Шаўчэнка афарбавана адметнай (жаночай) паэтызацыяй: інтуітыўна-тонкай, гранічна-спавядальнай. Зрэшты, пра гэта сведчаць назвы раздзелаў дадзенай кнігі: «Пока тобой любима», «У жизни нет черновиков», «Всё больше дорожу я тишиной...», «Пока дышу — поэзия со мной» і інш.
Кніга «Откровение» — гэта кніга новага, свежа адухоўленага натхнення... Чытаеш — і ловіш сябе на думцы: як арганічна на старонках кнігі працягнуты найлепшыя традыцыі рускай і беларускай літаратур. Адразу ж згадваецца рускі паэт Э. Багрыцкі аўтарскімі запамінальнымі радкамі: «Как летний дождь, // Приходит вдохновенье, // Осыплет сердце // И в глазах сверкнёт... // Волна и ночь в торжественном движенье // Слагают ямб... // И этот ямб поёт...» У Людмілы Шаўчэнка «спявае» кожны радок — адсюль ствараецца непаўторны, цудоўны вобраз пазнання свету, сваёй стваральнай місіі ў гэтым нікім неразгаданым свеце.
У прадмове да кнігі кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аліна Сабуць справядліва адзначае наступнае: «Жаночы свет гродзенскай паэтэсы Людмілы Шаўчэнка вымяраецца сваёй, адметнай сістэмай каардынат. Вытанчаная, далікатная лірыка прыўзнімае над мітуснёй штодзённага быцця, бу-
дзіць-абуджае вясеннімі фарбамі, вымалёўвае-выспеўвае мажорную мелодыю кожнага радка, уплеценага ў сувой дадзенай кнігі. І пануе невытлумачальная сакральнасць, тая боская стыхія ў мове думак і мове маўчання, што патаемна кліча, нават спакушае дакрануцца да гучання неспазнаных акордаў жыцця...»
І зноў чытаем радкі з верша «Когда я долго не пишу стихов», якія так сугучныя са станам душы многіх творчых асоб. Чытаем і пераконваемся, што паэты — гэта непераўзыдзеныя носьбіты і выразнікі паэзіі жыцця:
Когда я долго не пишу стихов,
Я не живу, а только существую...
Дай, Боже, мне поэзию такую,
Как в праздник перезвон колоколов.
У вершах Людмілы Шаўчэнка найбольш прыцягальнае тое, што яна тонка адчувае і перадае чытачу разуменне хараства жыцця нават у яго самых складаных праявах. Безумоўна, вытокам паслужыла яе школа жыцця — доўгія гады працы ў бібліятэцы, дзе «дыхалі» найлепшыя кнігі розных народаў і часоў... Мне асабіста як настаўніку рускай славеснасці гэта надзвычай блізка і знаёма. Пагодзімся, што шчаслівы сёння той паэт, які здолеў узяць са славутага літаратурнага пантэона музыку душы, суразмоўную сучаснаму бачанню сутнасці жыцця. Прычым усюды: у сям’і, дзецях, прыродзе, Радзіме. Таму лірычная гераіня Людмілы Шаўчэнка рамантычнаўзнёслая — ад вялікай прагі пазнаць неспазнанае, ад непарушнай знітаванасці са святлом слова:
Гармония! Палитра чувств и слов!
Так вот оно — любых начал начало:
Слияние ремёсел в ремесло,
Чтоб творчество, как радуга, сияло!
Апошні раздзел кнігі «Свет в окошке» — гэта святло памяці, любові да малой радзімы, да ўсяго жыватворнага, што сцвярджае цябе як асобу, адданую зямлі продкаў. Або, як сцвярджае паэтэса, «Я здесь своя. Стоит ещё в деревне // Родной, хоть старый, деревянный дом» (в. «Своя»). Такая балючая настальгія нараджае глыбокую, сапраўдную любоў да свайго краю, да яго краявідаў і мірнага стваральнага дня.
Ірына ФАМЯНКОВА