Згадалася гутарка восенню 2021 года ў вёсцы Сцяпы Жлобінскага раёна з Валянцінай Іванаўнай Жураўлёвай, якая 5-гадовай дзяўчынкай разам з дзядулем, маці, а таксама чатырохгадовай і паўтарагадовай сястрычкамі, усяго тыднёвым ад нараджэння брацікам перажыла такое жудаснае выгнанне. Прывяду толькі адзін фрагмент яе аповеду, надрукаванага ў «Гомельскай праўдзе» 4 лістапада 2021 года: «...На балоце купіны, вакол вада. Пакрывала нейкае мама распяла на кусце. Пад ім адзін да аднаго туліліся. Мокрыя Ванькавы полкі-пялёнкі вакол свайго цела абкруціць, так сушыла. Ваду пілі з таго балота. Людзі паміралі. Не дай бог гэтага нікому зведаць, іх фашысцкага парадку!»
Уладзімір Гаўрыловіч нездарма ўводзіць у шэраг галоўных «герояў» аповесці яловую вывараць — сховішча для сям’і Кудзелькаў: «Шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго — маці пасярэдзіне, сынок з аднаго боку, а абяссіленая дачушка на мамчыных руках, — сямейка старалася хоць трохі сагрэцца. Маці скінула з сябе суконную хустку, накрыла сваіх крывінак паверх зрэбнай вопраткі, спадзеючыся, што хоць крыху схавала іх ад знобкага холаду адлігі».
Вось такім чынам людзі на скупым сакавіцкім балоце чапляліся за жыццё, і дапамагала ім зямелька родная дзе лапікам снегу, дзе ягадкамі журавін, карэньчыкамі. Так дапамагала зямелька родная! Чытачы старэйшага пакалення, безумоўна, узнаўляюць у памяці хранікальна-дакументальныя кадры тэлебачання пра азарыцкую трагедыю, у якой пацярпелі каля 50 тысяч чалавек. Чытач аповесці У. Гаўрыловіча скурай адчувае той пранізлівы холад, неймаверны голад, лютасць гітлераўцаў і іх памагатых. І разам з тым — ахвярнасць маці, якія аддаюць апошняе, каб толькі ўратаваць дзяцей. Вось на што ідзе Агрыпіна, маці Палінкі: «Стары быў яшчэ цёплы. Цела яго было не падатлівым, кволая Агрыпіна з цяжкасцю перавярнула яго на спіну. Толькі цяпер жанчына заўважыла на снезе невялікую лужынку чорнай крыві, якая тут жа застывала... Кабета замёрла на імгненне, не больш. Супакоіўшыся, зрабіла тое, што надумалася.
Доўгая, забітаму яна ніжэй каленяў, паддзёўка была з фабрычнага сукна, з адкладным каўняром. Але шылася не там, хутчэй — хатняй выпрацоўкі. Пад падкладкай хутчэй за ўсё, жанчына намацала, — кудзеля.
Дрыжачымі, зусім скалелымі рукамі, сэрца, здавалася, вось-вось выскачыць з яе грудзей, доўга расшпільвала два вялікія чорныя гузікі. Замест трэцяга, які, мабыць, нядаўна згубіўся, нябожчык прымацаваў кавалак дроту. З ім якраз і прыйшлося патузгацца, бо настылыя яе рукі ніяк не слухаліся. Нібы скамянелы, дрот ніяк не хацеў разгінацца.
Стаўшы на каленцы і схіліўшыся над целам нябожчыка, жанчына пачала хухкаць на дрот, а пасля старалася зноў і зноў яго разагнуць. Скрутак, нарэшце, ёй паддаўся. Агрыпіна з радасцю пазбавілася ненавіснай драціны і адкінула крысо паддзёўкі ўбок, а затым пакрысе ссунула адзін рукаў з тонкай рукі. Затым, напружыўшыся і з неверагоднымі высілкамі зноў перавярнуўшы мерцвяка, які хутка астываў, ужо лягчэй ссунула ўсю паддзёўку. Яшчэ прайшло некалькі хвілін — і цела немаладога мужчыны пад густым снегам стала нагадваць балотную купіну. Задаволеная і шчаслівая Агрыпіна вярнулася да дзяцей».
Міша Кудзелька — 9-гадовы хлопчык — апынуўся ў нечалавечых умовах азарыцкага лагера разам са сваёй маці Матрунай, сястрычкай Кацярынкай. Прычым ужо спаўна зазнаў ваеннае гора. Яго родную вёску Беражанку гітлераўцы спалілі яшчэ ў лістападзе 1943 года: звыш 100 чалавек знішчылі ў канюшні. Хлопчык перажыў страту любімых дзядулі Антона, бабулі Волькі і бацькі — Васіль Кудзелька загінуў у партызанскім атрадзе Пятроўскага. Праз вобраз Мішкі аўтар паказвае, як рана сталелі дзеці ў той час. Вясковы хлопчык тут, у канцлагеры, жыве клопатам сапраўднага гаспадара, адзінага прадстаўніка моцнай паловы сваёй сям’і. Ён марыць зрабіць будан з яловых ці сасновых галінак, назірае за ахоўнікамі, аналізуе: да каго з іх можна звярнуцца? Перыядычна Мішка марыць: каб можна было вярнуць мірнае жыццё, каб не было вайны! І гэтая наіўная, на першы погляд, дзіцячая мара — як зварот у ХХІ стагоддзе, калі ў розных кутках планеты ідуць бессэнсоўныя войны. Таму вельмі важны гэты «пасыл» 9-гадовага дзіцяці: «Эх, каб не было вайны!»
Заходзіцца ад болю сэрца, калі чытаеш раздзелы аповесці пра генацыд беларускага народа, пра тое, як гінулі ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі нашай Беларусі: «...Ён плакаў ціха. Енчыў, нібы сляпое шчаня, толькі што адарванае ад цыцкі маці. Па худым тварыку яго цяклі і цяклі салёныя слёзы. І адначасова ў хлапечай душы вырастаў гнеў на гэтых звяроў-фашыстаў, што прыйшлі знішчаць яго — па праве — зямлю, яго сям’ю, яго суседзяў, за тое, што загналі іх сюды, у гэтае балота... Не, ён, Мішка, ім ніколі не даруе. Ніколі! Не даруе гэтаму тоўстаму паліцаю, які ледзьве не застрэліў яго, дзіця, толькі за тое, што пасмеў падысці да калючкі і папрасіць галінак яліны... Не даруе ён і іхняму паскуду Гітлеру. Ён толькі выберацца адсюль, чакай, Гітлер!!! Калі ж не сам, то партызаны Пятроўскага абавязкова дабяруцца да твайго варожага логава і таксама спаляць цябе разам з тваімі, жонкай і ўсімі, хто табе блізкі, як спалілі па загадзе гэтага вырадка зямлі чалавечай майго дзеда і бабку...»
Чытаючы гэтыя радкі, асацыятыўна згадала кадры фільма Элема Клімава «Ідзі і глядзі», знятага па «Хатынскай аповесці» Алеся Адамовіча, калі галоўны герой-хлопчык страляе ў партрэт ненавіснага Гітлера...
Застаўшыся сіратою, Міхаіл Кудзелька падлеткам выхоўваўся ў інтэрнаце. Здолеў зберагчы, развіць найлепшыя свае чалавечыя якасці, хаця і стаў інвалідам дзяцінства: «Дужа вынослівы, жылісты, напрыклад, ён падцягваўся на турніку куды большую колькасць разоў нават адслужыўшых у войску аднакурснікаў. Яго, зразумела, не прызвалі з-за калецтва. І бегаць на дыстанцыі, зразумела, Кудзелька не мог. Аднак хворая нага не перашкаджала яму актыўна рухацца, абапіраючыся на кавеньку. Хадзіў ён і праўда досыць хутка, і не кожны нават здаровы мужчына мог за ім угнацца.
Працаўнік, годны кіраўнік Міхаіл Васільевіч Кудзелька — дырэктар адной са школ на Палессі. Шчыры, душэўны, сціплы, ён клапоціцца пра будаўніцтва новай школы. Гэты чалавек шчаслівы тым, што мае. Жаніўся ў свой час па каханні з любай Палінай, аднавяскоўкай па Беражанцы, якая таксама перажыла жахі другога азарыцкага лагера, не зведала шчасця мацярынства.
«Ён быў вельмі строгім, але справядлівым настаўнікам і дырэктарам.
А гонкая, як рабінка, чорнавалосая прыгажуня Паліна Пятроўна, яго жонка — настаўніца пачатковых класаў — сама дабрыня. Толькі мала ёй было адведзена пражыць. Першыя гады іх сямейнага жыцця ўсё складвалася добра. Але потым Паліна Пятроўна захварэла, і ўрачы не маглі справіцца з яе рэдкім захворваннем. Памерла яна зусім рана, не дажыла і да пяцідзесяці, пакінуўшы няўцешнага мужа аднаго. Для Кудзелькі гэта было не проста гора...»
Можна канстатаваць, што ў вобразе Міхаіла Кудзелькі-дарослага аўтар выводзіць найлепшага прадстаўніка грамадства, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны, выдатнага педагога, які даў пуцёўку ў жыццё не аднаму пакаленню моладзі. Гэты чалавек ніколі не спекуляваў на тым, што ён былы вязень Азарычаў. Гэты сумленны чалавек перажыў інфаркт: пасварыўся, сказаў горкую, але праўду, маладасведчанаму інспектару з рана, таму і быў спісаны на пенсію.
Уладзімір Гаўрыловіч удала зводзіць у сваёй аповесці мінулае і сучаснае, дзяцінства і залаты век галоўнага героя. Таму літаратурны твор можна рэкамендаваць і дзяцям сярэдняга ўзросту, і дарослай аўдыторыі, і для сямейнага чытання.
Чытач даведваецца, што і раней, і цяпер, у 20-я гады ХХІ стагоддзя, ветэран педагагічнай працы 90-гадовы Міхаіл Кудзелька ніколі не сядзеў на лаўцы каля дома, а быў у гушчы ветэранскага жыцця, ініцыіраваў стварэнне школьнага музея, арганізоўваў вечары — ушанаванні педагогаў-ветэранаў…
Міхаіл Кудзелька не замыкаецца ў сабе, падтрымлівае даўнія шчырыя стасункі з суседзямі Бялько. Не забываюць яго і былыя вучні. Аўтар міжволі падводзіць нас да асэнсавання сучаснага жыцця, паказваючы, што нават харошыя суседзі паглыблены ў жыццё адзін аднаго толькі на бытавым узроўні, занятыя сваімі паўсядзённымі праблемамі. Вось і малады сусед Кудзелькі, настаўнік Мікола Бялько, выпадкова даведваецца, што сусед, Міхаіл Васільевіч, былы вязень Азарычаў.
Жонка маладога настаўніка давярае 90-гадоваму суседу сваіх дзетак — 12-гадовага Мікітку і малодшую Міланку. Зварот «дзедзік Міша» падкрэслівае, як любяць старога малыя: ім вельмі цікава з ім. Дыялог Міхаіла Васільевіча з Мікіткам пра характары вятроў, што стары напаткаў за доўгае жыццё, у тым ліку і ў лагеры смерці Азарычы, упэўнівае: ёсць і сонечны вецер, якога так чакаў 9-гадовы Міша Кудзелька. Як казачна-паэтычны аповед гучыць гэты дыялог:
«— Можа, і не паверыш мне, Мікітка... Але... Розны вецер бывае на свеце. Я многа пражыў, ведаю дакладна. Асабліва шмат іх ведаеш у каго? У паэтаў. А сонечны з іх, як мне здаецца, — самы галоўны...
— Ну, ты смяешся з мяне, дзед Міша? Я ж ужо вялікі…
— А ты паслухай, паслухай... Некалі, даўно-даўно, калі быў значна меншы за цябе, я так яго, гэты сонечны ветрык, чакаў ранняй вясной у госці, так чакаў. А ён так і не з’явіўся. Затое нібы здзекаваліся з мяне злосныя і жорсткія, пранізліва-калючыя, студзёныя, сырыя, ледзяныя, нібы іх з дому нехта выгнаў і ў адным месцы сабраў разам, беспрытульныя вятры... Але ён ёсць, сонечны вецер. Ты, Мікітка, часта з ім сустракаешся, толькі, мабыць, і не заўважаеш. Бо ён прыемны табе. А вось халодны, зябкі, непрыветны вецер, як сёння, ты ж з ім сёння вочы ў вочы пабачыўся, ён прабівае да дрыжыкаў. Табе становіцца холадна і ты ўпэўнены, што ён, шкоднік, ёсць. Гэтаксама ёсць і сонечны, толькі ён сапраўды цёплы, гаючы...»
Міхаіл Васільевіч у свой час фактычна выратаваў жыццё Мікітку: хворае сэрца дзіцяці прааперыравалі ў сталіцы дзякуючы былым вучням настаўніка Кудзелькі — тыя знайшлі прафесара, які рызыкнуў. Я як чытач-жанчына, маці, бабуля эмацыянальна ўспрыняла рашэнне галоўнага героя расказаць 12-гадоваму Мікітку пра Азарычы: усё-ткі гэтае дзіця перанесла аперацыю на сэрцы. У той жа час пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч як бы заінтрыгаваў: якім будзе гэты аповед пра перажытыя жахі, як падасць яго аўтар? Супакойвала тое, што галоўны герой аповесці ў 9-гадовым узросце перажыў трагедыю, а Мікітка ўсё ж на тры гады старэйшы. Яшчэ мне міжволі згадалася сказанае народным пісьменнікам Беларусі Іванам Шамякіным, які адзначаў, што пакаленне ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вярнуўшыся дамоў пасля Перамогі над фашызмам, вельмі ўжо беражліва-клапатліва ставілася да нашчадкаў, імкнуліся нічым іх не растрывожыць, залішне апекаваць. І гэта дало не лепшы вынік...
Уладзімір Гаўрыловіч ад імя свайго галоўнага героя педагагічна тонка вядзе дыялог з Мікіткам пра перажытае ў азарыцкім лагеры:
«— Ты вось пытаўся: ці страшна мне было? Так, мне было страшна, унучак. Вельмі страшна... Нават цяпер пра гэта расказваць — сэрца не вытрымлівае. Баліць дагэтуль. У цябе ёсць сёння тата і мама, бабуля, сястрычка. Калі ж мне споўнілася дзевяць гадоў, Мікітка, я застаўся круглым сіратой. Ворагі, якія прыйшлі нас заваяваць, расстралялі маіх дзеда і бабу, раней яшчэ загінуў тата, ён быў партызанам...»
Бясспрэчна: аповесць Уладзіміра Гаўрыловіча «Пад покрывам нябёсаў» — магутны антываенны твор, скіраваны на патрыятызм, гуманізм, чалавечае ў чалавеку.
Тамара КРУЧЭНКА