Top.Mail.Ru

Цікавыя прыгоды з героямі Дзмітрыя Мікалаева

Аўтар: Лізавета Крупянькова
17.11.2025 | 18:08
Сябры з розных сусветаў

Кожны чалавек хаця б раз у жыцці адчуваў, што ён адрозніваецца ад астатніх, калі цяжка знайсці паразуменне не толькі з незнаёмымі, але і блізкімі людзьмі. У такую сітуацыю трапіў герой казачнага апавядання Дзмітрыя Мікалаева — выдумшчык янот. Але яму пашчасціла сустрэць блізкую душу, хоць і з іншай планеты... 

Твор «Капрушны дзікабраз Лісорый» выйшаў сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда». Месца дзеяння — беларускі лес, што знаходзіцца недалёка ад Белавежскай пушчы. Звычайнай раніцай янот, вядомы на ўвесь лес сваімі цікавымі і, часам, не вельмі ўдалымі ідэямі, сустрэўся з іншапланетным госцем — дзікабразам Лісорыем. Звяры адразу знайшлі агульную мову, бо абодва нестандартна мыслілі і тым самым адрозніваліся ад астатніх. Дзікабраз трапіў на Зямлю выпадкова, калі шукаў прытулак пасля трагедыі на роднай планеце. Янот адразу стаў яму добрым сябрам і настаўнікам, які вучыў яго мясцовым правілам і звычаям. Акрамя галоўных герояў чытач пазнаёміцца з іншымі жыхарамі лесу: разважлівым вожыкам-радыёаматарам, вучоным трусам, які характарам вельмі нагадвае персанажа з савецкага мультфільма «Віні-Пух ідзе ў госці», мышанём-садаводам Пікам і яго аршанскай клубніцай, карэспандэнтам мясцовай прэсы сарокай Наталляй і іншымі. Усе персанажы дапамагаюць раскрыць характары галоўных герояў, падкрэсліваючы іх унікальныя рысы, светапогляд і глыбіню ўнутранага свету.

Праз знаёмства Лісорыя з беларускай рэальнасцю пісьменнік трансліруе юным чытачам агульначалавечыя каштоўнасці, правілы паводзін у грамадстве, выхоўвае павагу да бліжніх, роднай прыроды, а таксама традыцый і законаў краіны, дзе яны жывуць ці вандруюць. Дзякуючы гумару, аўтар пазбягае павучальнага тону і стварае лёгкую гісторыю, якая кранае з першых радкоў. Разам з ляснымі сябрамі юны чытач даведаецца шмат цікавага пра флору і фауну Беларусі, даследуе тэму космасу і сфарміруе ўласнае меркаванне наконт такіх важных рэчаў, як сям’я, радзіма, сяброўства, асабістыя і чужыя межы, альтруізм, узаемадапамога і адказнасць за свае ўчынкі.

Казка напісана простай сучаснай мовай і арыентавана на дзяцей малодшага школьнага ўзросту, аднак таксама можа зацікавіць падлеткаў і бацькоў, якія ацэняць лёгкі гумар і схаваныя за ім глыбокія сэнсы. Кніга падтрымлівае раскрыццё індывідуальнасці асобы, спрыяе развіццю эмацыянальнага інтэлекту, фантазіі і фарміраванню ўстойлівых маральных арыенціраў. Праз асабісты шлях герояў дзеці вучацца прыслухоўвацца да сябе і іншых, знаходзячы кампраміс у складаных сітуацыях, паважаць выбар сяброў і блізкіх, нават калі ён супярэчыць уласным жаданням, і заўсёды быць адкрытымі да новых ведаў. Вельмі хацелася б убачыць мультфільм паводле твора Дзмітрыя Мікалаева. Яркія персанажы, захапляльныя прыгоды, глыбокі сэнс і лёгкі гумар — усё гэта стварае ідэальнае спалучэнне для сучаснай анімацыі. Ён мог бы не толькі забаўляць, але і натхняць, дапамагаць лепш разумець сябе і свет вакол, наладжваць адносіны паміж дзецьмі і бацькамі.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю