Роля зялёнага колеру
Аўтарскую карціну свету ў кнізе Н. Ясмінскай фарміруе вера ва ўсёмагутных міфічных істот і любоў да прыгод. Пісьменніца апелюе да падсвядомых мар і жаданняў дзеючых асоб, якія сустракаюцца ў фэнтэзійна-казачнай прасторы яе твораў і імкнуцца набыць статус героя ці рыцара, стаць багатымі, спасцігнуць таямніцы Чаралесу.
Істотнае значэнне ў кнізе «Зялёныя песні Эрмінціі» Н. Ясмінскай набывае зялёны колер. Ва ўспрыманні пісьменніцы зялёны колер атаясамліваецца з бяспекай у крохкім свеце, дзе дзіўным чынам пераплятаюцца захапляльныя прыгоды і нечуваныя цуды. Рэдкія дарожныя карты, якія трапляюцца галоўнаму персанажу ці герою, выклікаюць адчуванне неадпаведнасці знакаў і ўказанняў па іх значэнні графічным знакам («Паходныя»).
У сваіх творах Н. Ясмінска актуалізуе ролю місіі вандроўніка ці, дакладней, падарожнага, для якога зялёная песня выступае сацыяльным сімвалам. Такім чынам сацыяльны сімвал у кнізе пісьменніцы звязвае ў адно цэлае вобраз падарожнага, які шмат часу праводзіць у вандроўках, па-за домам, і зялёную песню, якую спяваюць на чужыне, калі душу апаноўвае туга па Айчыне, родных мясцінах, утульнай хаце.
У выніку сацыяльны сімвал становіцца індывідуальна-аўтарскім архетыпам.
У адным з паэтычных тэкстаў («За парогам») прысутнічае згадка аб тым, што зялёныя песні не маюць дома. Гэты аўтарскі аргумент, верагодна, становіцца своеасаблівай адсылкай да кнігі «Аліса ў Залюстроўі», дзе Л. Кэралам была аб’яўлена вайна правілам, догмам і стэрэатыпам. Як і ў кнізе англійскага аўтара, у зборніку «Зялёныя песні Эрмінціі» беларускай пісьменніцы гучыць заклік да чытача — пашыраць межы чалавечага ўяўлення аб магчымасцях асобы і праяўляць уласцівасці розуму ці фантазіі ў складаных сітуацыях, верыць у цуды.
Пра вобразы німфы
Прага гераічных учынкаў у поўнай меры характарызуе галоўнага героя (таго, хто здзяйсняе подзвіг. — Т. М.) Н. Ясмінскай. У пэўнай ступені паэтычныя і празаічныя тэксты са зборніка пісьменніцы можна аднесці да гераічнага эпасу: гэтаму садзейнічаюць песенны характар твораў, перамога смелага і высакароднага героя ў бітвах, яго ўсхваленне, гераічны сярэдневяковы антураж, атмасфера духоўнага адзінства асобы з усім жывым на землях Эрмінціі.
Матэрыяльны і духоўны планы ў фэнтэзійным свеце нярэдка сумяшчаюцца ці перамяжоўваюцца ў розных ракурсах. У прыватнасці, ідэальны свет фэнтэзі падразумявае задаволенасць героя ці персанажа матэрыльным дабрабытам і выяўляе моцнае памкненне асобы вырашаць глабальныя праблемы чалавецтва ці іншай цывілізацыі. Нездарма ў сваёй кнізе Н. Ясмінска прыраўноўвае жыццё людзей на Зямлі да жыцця тых ці іншых асоб і незвычайных істот у казачнай Эрмінціі. Вобраз багатага князя, задаволенага жыццём, сямейным становішчам (жонкай), дружынай, выяўляе неспасцігальны для большасці людзей ідэал ладу жыцця: дасягнуць шчасця чалавеку перашкаджаюць варожае акружэнне, благія звычкі, схільнасць да зайздрасці, амбіцыі.
Асобнае месца ў творах пісьменніцы займае вобраз німфы, што сімвалізуе ворага, непрыяцеля, які спрабуе сцвердзіць сябе праз «неразумны» гераічны ўчынак на свяшчэнных землях Эрмінціі ў дачыненні да простага смяротнага: «...дапусціць можна што заўгодна, паколькі чалавек, які парадкам „насаліў“ німфам, ужо не вяртаўся, каб распавесці аб гэтым» (тут і далей — пераклад наш. — Т. М.). Гэты момант яскрава выяўляе неа-рамантычны аспект у афармленні казачна-фэнтэзійнай рэчаіснасці Н. Ясмінска.
З прычыны таго, што песня як жанр валодае сугестыўнымі ўласцівасцямі найперш у вершаваных творах сучасных аўтараў, прысутнасць адной з яе разнавіднасцей — тракцірнай — у кнізе «Зялёныя песні Эрмінціі» абумоўліваецца размоўна-песенным стылем некаторых твораў Н. Ясмінскай і прысутнасцю тут матыву пошуку скарбаў, як, прынамсі, і ў «Востраве скарбаў» Р. Стывенсана.
Неверагодная моц Чаралеса
У асобную частку — акрамя «Паходных», «Тракцірных», «Песень каля каміна» — аўтар вылучае «Песні Старажытнага Чароўнага лесу». Адметна тое, што гісторыя ўзнікнення Чаралеса ўжо знаходзіцца ў межах катэгорый «рэальнага» і «фантастычнага»: у даўнія часы ён, сапраўды, мог пакрываць усю зямлю паміж двума акіянамі, але выклікае сумненне той факт, што «...і цяпер Лес, памерам усяго з трэць Рыёна, працягвае ўнушаць эрмінційцам і пабожнасць, і жах». Падобна неразгаданай вучонымі Атлантыдзе, Чаралес з’яўляецца для чытача таямніцай, загадкай часу. Прынамсі, яго флора, фаўна, а таксама насельнікі выклікаюць у чытача не столькі цікавасць, колькі скепсіс: незвычайныя азёры, тролі, эльфы прысутнічаюць у многіх фантастычных творах ці ў творах фэнтэзі, але толькі ў творчасці асобных аўтараў фігуруюць драўняныя пачвары і таемныя хады ў падземны свет («Лабірынты» В. Ластоўскага, «Сад Замкнёных Гор» С. Мінскевіча, «Зялёныя песні Эрмінціі» Н. Ясмінскай).
На думку Н. Ясмінскай, усё самае незвычайнае павінна адбывацца ў Чаралесе. Чытач павінен адказаць на пытанне, чаму такія розныя адчуванні выклікае таемны лес: ад відавочнага захаплення да непераадольнага страху. Такім чынам у жанры фэнтэзі не толькі раскрываюцца магчымасці аўтарскага самавыяўлення праз твор, але і перадаюцца адметнасці чытацкага ўспрымання адносна выключных здарэнняў, дзіваў, цудаў у самастойным мастацкім свеце пісьменніка.
Верагодна, «...гэты лес (у „Зялёных песнях Эрмінціі“. — Т. М.), што стаў спляценнем рэальнасці і фантазій, часцяком аказваўся на шляху ў вандроўніка». Дадзенае сцвярджэнне можа разглядацца як аўтарская шарада для цікаўных чытачоў, якія павінны зразумець, што ўяўляе сабой Чароўны лес. А значыць, адна з функцый жанру фэнтэзі — пабудова мадэлі таго фантастычнага свету, якога, магчыма, на сёння не існуе, але які хутчэй за ўсё існаваў у старадаўнія часы...
Ва ўспрыманні пісьменніцы грозная, неверагодная моц Чаралеса мае прамое дачыненне да істот, якія яго засяляюць: у творчасці Н. Ясмінскай Святлянка і Дрэвалап утвараюць сімвалічную гарманічную пару («Святлянка і Дрэвалап»). Пры гэтым вобразы аднарога, шаблязубага тыгра, дракаэльфа, німфы фарміруюць адметны казачна-фантастычны кантэкст кнігі «Зялёныя песні Эрмінціі».
Наўздагад немагчыма дакладна адказаць на пытанне, чаго ў зборніку больш — рэальных фактаў, якія вызначаюць спецыфіку ўспрымання маштабных вобразаў, ці фантастычных карцін. Пісьменніца агучвае лёсы людзей, якія трапілі ў Чаралес: зніклых без звестак і тых, хто стаў трубадурамі-песнярамі; тых, хто не сустрэў нікога на сваім сваім шляху або сутыкнуўся з жорсткімі німфамі. З гэтай прычыны шматграннасць у выяве Чаралесу патрабуе ад аўтара не проста адмысловай фантазіі, а яшчэ і дасканалага ведання асноў міфалогіі і сусветнай культуры.
Варта адзначыць, што ў фэнтэзійным вершы пад назвай «Песні каля каміна» Н. Ясмінска згадвае як Доўгажыхароў-магаў, так і простых смяротных, для якіх адпачынак дома з’яўляецца прэрагатывай у баўленні вольнага часу. Пісьменніца апісвае той момант, калі вандроўнікі збіраюцца каля хатняга агню, каб памарыць пра падарожжа ці проста ў цёплай абстаноўцы пасядзець усім разам.
Скрозь прызму ўражанняў ад падарожжаў сваіх герояў і персанажаў Н. Ясмінска выяўляе ўласную любоў да захапляльных вандровак, нечаканых прыгод, станоўчых уражанняў падчас сузірання карцін прыроды. Аднак менавіта архетып захавальніцы дамашняга ачага ў творах пісьменніцы з’яўляецца асноўным.
Таццяна МАЛІНІНА