Top.Mail.Ru

Творчасць Янкі Галубовіча заўсёды выклікала цікавасць у маленькіх чытачоў

Аўтар: Надзея Зуева
10.03.2026 | 09:09
Таямніцы пад снежнай коўдрай

Творы празаіка ўваходзяць у скарбонку беларускай літаратуры для самых маленькіх. Праз апавяданні і казкі пісьменніка юныя чытачы вывучаюць родную мову, атрымліваюць карысныя звесткі аб прыродзе краю, знаёмяцца з нацыянальнымі каштоўнасцямі. Сёлета ў выдавецкім доме «Звязда» пабачыў свет зборнік апавяданняў і казак пісьменніка «Шышкі пад снегам», адрасаваны самым малодшым. Прапанаваныя ў ім творы ўключаны ў вучэбную праграму па беларускай літаратуры для 2–4 класаў.

Ілюстраваная кніга аформлена акварэллю. Калі разгортваеш яе, здаецца, што разам з пахам паперы адчуваеш і свежасць вады, якой мастак разводзіў фарбы. Тут утульна сябе адчуваюць намаляваныя жыхары лесу — ад баязлівага зайчыка да велічнага лася, выдатна адлюстраваны і птушыны свет Сінявокай. Малюнкі нясуць не толькі эстэтычную, але і адукацыйную функцыю. Так, выявы птушак падпісаны — можна паглядзець, як выглядаюць заранка, завірушка, канаплянка, даведацца, што відаў птушак, якія жывуць у Беларусі, шмат, — гэта і попаўзень, дрозд-белабровік, зелянушка, ну і, вядома, бусел. Кніга пазнаёміць маленькіх чытачоў з разнастайнасцю дрэў: арэшнік, вербалоз, асіннік, таполя, бяроза, вольха, ракіта. Увогуле, у зборніку закладзены вялізны адукацыйны патэнцыял.

Назва выдання «Шышкі пад снегам» сімвалічная. Шышкі — гэта тыя каштоўнасці, тыя сэнсы, якія схаваны ад павярхоўнага погляду. У аднайменным апавяданні паляўнічы бачыць толькі мішэнь — зайца. Ён не заўважае ні прыгажосці лесу, ні таго, што пад нагамі хаваецца цэлы свет. Вавёрка ж ведае: трэба капаць углыбіню, каб знайсці ежу. Аўтар, як і вавёрка, «капае» ў глыбіню звычайнай зімовай раніцы і знаходзіць там сапраўдны скарб — разуменне таго, што прырода жыве сваім, поўным цудаў, жыццём.

Дарэчы, калі гаварыць пра само апавяданне, то фінал у ім грэе душу. На пні для вавёркі герой пакідае тры акрайцы хлеба. Гэты жэст — не проста дабрата, гэта знак павагі да таго, хто валодае сакрэтамі, не даступнымі чалавеку. Гэта масток паміж светам — чалавечым і прыродным, які так важна будаваць з дзяцінства.

Творы зборніка нагадваюць паэтычны тэкст са своеасаблівай вобразнасцю мыслення. Апавяданні абуджаюць фантазію чытача. Дзеці з лёгкасцю змогуць уявіць неадушаўлёныя прадметы і з’явы прыроды жывымі. Усё дзякуючы выкарыстанню такіх мастацкіх прыёмаў, як увасабленне і адухаўленне. Напрыклад, мароз, быццам чалавек, «схаваў пад лядовым панцырам рэкі і балоты», альбо можна адчуць, як «шчокі апёк пякучы мароз», убачыць, як «заходзілася ў шалёным танцы завіруха», пачуць, як «падшэрхла, зрабілася што бубен, зямля», стаць сведкам, як «пачала ўладарна ўлягацца зіма», як «вецер шастаў па падворку, скавытаў», «спяшаліся ручаіны», «гарлачыкі па ўсёй рэчцы заскакалі» ды «ўсю ноч стагнала, рыпела старым целам, просячы ў Бога літасці, вольха». 

Той, хто разгорне кнігу, пазнаёміцца з дзівосным светам звяроў і пабачыць іх мілымі і безабароннымі. У паказе фаўны аўтар выкарыстоўвае гумарыстычную падачу вобразаў. Так, напрыклад, звычайны бабёр апісваецца з вялізнымі зубамі-разцамі, якія «польку скачуць і гатовыя вываліцца», а хвост звярка нагадвае пляскатае вясло, што ўтрымліваецца на паверхні і г. д.

Асабліва пазнавальным для маленькіх аматараў прыроды з’яўляецца апавяданне «Што аднаму цяжка, тое гуртам лёгка». Тут юныя натуралісты пазнаёмяцца з героямі жывой прыроды, якія падаюцца ў мілай, гумарыстычнай афарбоўцы: Выдрай, Ласкавай Хахуляй, Савой Кудлатай Галавой, Лісіцай Хітрыцай, Чапляй-фарсухай, Ласём Рагачом, Андатрай. А таксама даведаюцца, што паваленыя бабрамі дрэвы служаць сталоўкай для зайцоў і многіх капытных, што выява бабра маецца на гербах многіх гарадоў свету і што ў гонар яго выпускаюць памятныя манеты. Прачытаўшы твор, дзеці будуць ведаць, як адбываецца натуральная ачыстка вады ў прыродзе, як звяры рыхтуюцца да зімоўя і многае іншае. Яны стануць дасведчанымі і ў моўнай навуцы, бо гэты твор — цэлы скарб, у якім маецца месца і прыказкам — «Што аднаму цяжка, тое гуртам лёгка», і іранічным рытмічным канструкцыям — «Знайшоў бяду! Зараз толькі пару плотачак злаўлю», «Сядзіць Бабёр — поўныя шчокі зор», якія робяць вобразы жывымі і цёплымі. Апавяданне вучыць узаемадапамозе, садзейнічае фарміраванню беражлівых адносін да прыроды.

Шмат у мастацкіх творах і малаўжывальных слоў: жамяра, катушок, кузуркі, каташкі, веснічкі, ветравей, увішны. Як вядома, менавіта сустрэча з невядомымі паняццямі ператварае чытанне дзяцей малодшага школьнага ўзросту ў развіццё, узбагачае іх маўленне.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю