Top.Mail.Ru

У анімацыйным фільме «Правільныя правілы» ў захапляльнай форме расказваецца пра паводзіны ў небяспечных сітуацыях

Аўтар: Ірына Прымак
03.04.2026 | 18:52
У кадры — урокі жыцця

Калі размаўляць з дзецьмі пра сацыяльныя нормы, такое наўрад ці доўга будзе слухаць нават самы ўважлівы. А вось растлумачыць на мове анімацыі, як дзейнічаць, напрыклад, калі незнаёмы чалавек прапаноўвае цыгарэты ці ляльку, альбо што рабіць, калі выпадкова праехаў свой прыпынак, — іншая рэч. Гэта пацвердзіў прэм’ерны паказ міні-серыяла «Правільныя правілы». Такая работа Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — добры урок асноў бяспекі жыццядзейнасці для самых маленькіх гледачоў. 

Дзеці актыўна рэагавалі на тую ці іншую павучальную гісторыю, у якую траплялі брат, сястра і іх рыжы кот. Сюжэты самыя розныя (дзіця згубілася ў магазіне, апынулася ў натоўпе, пакусалі пчолы, дома адбыўся пажар і г. д.). Прысутных, як падалося, асабліва зачапіла гісторыя «Святы без гаджэтаў»: хлопчыкі і дзяўчынкі здзівіліся і адклалі смартфоны, каб паглядзець, што ж адбываецца з іх аднагодкамі на экране. 

І калі героя літаральна зацягнуў у свой свет гаджэт, а сябры ледзь вярнулі яго ў рэальнасць, гледачы ажыўлена абмяркоўвалі гэтую сітуацыю. Нават у самых складаных абставінах знайшлося месца для шчырай усмешкі, бо ўпляценне ў сюжэты дасціпнага ката вельмі пацешыла. Пры гэтым кіношнікі не адышлі ад сур’ёзнай тэмы і нават нагадалі патрэбныя ў складанай сітуацыі нумары тэлефонаў.

Праект стварала некалькі рэжысёраў. Адна з іх ― Наталля Касцючэнка: «Я працавала над часткамі „Не гуляйце з агнём“, „Асцярожна, феерверкі!“, 

„Незнаёмы прыпынак“, „Ветлівыя словы“. Усяго ў наш праект увайшло дваццаць ролікаў па тры хвіліны. Па сутнасці, кожная серыя самадастатковая, яе можна паказваць асобна ці кампанаваць з іншымі. Спадзяюся, кіраўніцтва нашай кінастудыі і Міністэрства культуры сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь знойдуць самыя зручныя формы падачы дзецям нашага праекта, бо ў яго мы заклалі шмат не толькі прыгожага, але і карыснага матэрыялу». 

Рэжысёр-аніматар Таццяна Нагорская расказала, што падчас работы яны супрацоўнічалі з настаўнікамі, псіхолагамі, цікавіліся меркаваннямі дзяцей, каб стварыць па-сапраўднаму карысны і цікавы праект. «Мы выбралі свежую прыгожую стылістыку і зрабілі ўсё, каб данесці кожнаму гледачу такі важны пасыл, як бяспека дзяцей і правілы паводзін у грамадстве. Але пры гэтым мы выкарыстоўвалі і жарты, бо гумар дазваляе лепш засвойваць інфармацыю. Лічу наш праект вельмі важным для дзяцей: у яго сацыяльны падтэкст».

Аўтарам сцэнарыя «Правільных правіл» стала Алена Турава, музыку стварыў кампазітар Леанід Шырын. «Трэба крыху адчуць сябе дзіцем, каб прыдумаць тое, што яму спадабаецца, — прызнаецца кампазітар. — Інструментальная музыка да „Правільных правіл“ атрымалася разнастайнай — ад простых рэчаў да алюзій на тэму Моцарта. Праца расцягнулася — пісаў тры месяцы, бо хацелася пад кожны сюжэт прыдумаць нешта арыгінальнае. Асабліва цікава было пісаць музыку пад ката, мне чамусьці захацелася выбраць для гэтага персанажа кларнет».

Ірына ПРЫМАК

Фота даслана Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю