Top.Mail.Ru

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры аднавілі спектакль «Вішнёвы сад»

Аўтар: Ларыса Цімошык
21.07.2025 | 07:00

Антон Чэхаў вызначыў жанр сваёй п’есы як камедыю. Напэўна, яна з шэрагу тых, калі «смешна, каб не было так сумна». Яшчэ са школьных гадоў мы ведаем яе змест: і сапраўды, некаторыя вобразы выклікалі ўсмешку (ну, дзівакі ж!), матывы асобных герояў наогул маглі падавацца незразумелымі (усё ж твор напісаны ў самым пачатку ХХ стагоддзя, і ў ім можа быць закладзена прадчуванне пэўных падзей). А вобразы Ранеўскай і Лапахіна — супрацьлеглыя, і было цалкам зразумела, хто натура, якая сыходзіць, а хто бярэ верх (і чаму). Але галоўны балетмайстар тэатра Сяргей Мікель у ХХІ стагоддзі «прачытаў» гэты твор па-свойму: галоўным героем у яго балеце стаў сам вішнёвы сад — менавіта дрэвы, якія маюць душу, — праз іх мы ўспрымаем усё, што адбываецца на сцэне. І праз іх вызначаем жанр ужо новага — харэаграфічнага — твора: якая можа быць камедыя, калі гіне прыгажосць?


Чараўніцтва душы

Спачатку ўсё адбываецца дакладна па Чэхаву, нездарма ў нейкія моманты ў галаве нібыта гучаць фразы з п’есы, іх пра сябе прамаўляеш у той час, калі танцуюць артысты. Не трэба асабліва напружвацца, каб пазнаць галоўных герояў: старэнькі Фірс чакае гаспадароў, якія займаліся асабістым жыццём і даўно не былі ў маёнтку. Але яны вяртаюцца — і тут зноў пачынае віраваць жыццё. Яны радуюцца і захапляюцца новай сустрэчай з радзімай: тут па-ранейшаму ўтульна і душэўна, а за вокнамі дома праглядаюць квітнеючыя дрэвы. Узнёсласць сустрэчы ўзмацняецца захапленнем цвіценнем, якое нібыта чакала гаспадароў. Ад вытанчанай прыгажуні Ранеўскай залежыць, ці будуць з гэтай квецені плады. А тая прыязджае — і вяртаецца колішні лад жыцця, дзе ўсё лёгка, бесклапотна, можна радавацца сустрэчам і гуляць па садзе. Ён адгукаецца, і зразумела: жывы! Тут і пачынаецца самае цікавае ў балеце.

Сяргей Мікель не пакідае вобраз саду выключна ў мастацкім выяўленні — у вялікіх вокнах праступаюць абрысы квітнеючых дрэў. Ён робіць сад жывым — гэта нейкае чараўніцтва! Кожнае дрэва мае сваю душу, якая разумее, адчувае і перажывае — не толькі за сябе, але наогул за ўсю «супольнасць» дрэў, лёс якой вырашаюць людзі. Калектыўны вобраз саду, увасоблены на сцэне, заварожвае і захапляе. У нейкі момант менавіта лінія вішнёвага саду становіцца ці не галоўнай, але дакладна больш значнай, чым лёс асобных герояў, якія то забаўляюцца, то думаюць пра каханне альбо бізнес, то высвятляюць адносіны. Сад ва ўсёй сваёй моцы і прыгажосці, якую пераканаўча ўвасабляюць артысткі балета (сінхронныя рухі падкрэсліваюць агульны лёс усіх дрэў), проста чакае, калі ўвага дойдзе і да яго. І гаворка не пра ўвагу на ўзроўні рамантычнай замілаванасці, а пра абарону ад продажу за даўгі чалавеку, пазбаўленаму розных сантыментаў.

Чараўніцтва вобразаў

Лапахін — чалавек прагматычны і дзелавіты, у адрозненні ад Ранеўскай. Яна гатовая бязмежна захапляцца прыгажосцю, але не здольна яе абараніць. А яго не цікавіць прыгажосць, і абараняць яе ён не збіраецца зусім, а шукае толькі канкрэтную выгаду для сябе, незалежна ад таго, што добра ведае жыхароў сядзібы (як кажуць, «нічога асабістага», толькі справа). Гэта мы разумеем паводле сцэны аўкцыёну, калі сад ідзе «з малатка»: выстаўляюцца лоты ў прыгожых рамках, дзе заключаны душы дрэў, а Лапахін забірае непасрэдна рамку (яму патрэбна толькі зямля). Трапная ілюстрацыя сітуацыі і характарыстыка героя, наогул вельмі ўдалая сцэна, якая рыхтуе нас да падзей, што здарацца крыху пазней. 

13_26 (1).jpg

А тым часам у сядзібе Ранеўскай весялосць і танцы. Героі «на сваёй хвалі», яшчэ думаюць пра самавыяўленне (нават гувернантка Шарлота Іванаўна сябе паказала) і не ведаюць, што будучыня маёнтка ўжо вызначана. А гэта значыць, і іх будучыня таксама: яна дакладна не ў гэтых сценах і не ў гэтым садзе. Яго не проста высякаюць, а быццам увогуле выкараняюць. Безабаронныя дрэвы паміраюць ціха. Разам з імі нібыта памірае і сама Ранеўская. Яе маўклівы стогн, альбо танец-крык, становіцца ўвасабленнем не толькі асабістай драмы, а болю ўсіх жывых істот, з якімі яна была звязаная, нездарма на авансцэне з’яўляецца жудасны сімвал — сякера, убітая ў пень. І жанчына ў чорным — нібы здань сябе самой — развітваецца з жыццём, якое больш не вернецца. Характар летуценнай Ранеўскай выдатна перадала Амелі Ван дэ Кластхорст, галандская балерына, якая служыць у нашым тэатры, у яе атрымалася выразна засведчыць: гэта трагедыя, калі чалавек адрываецца ад сваёй спадчыны, якую не цаніў. На гэтую партыю таксама прызначаны Кацярына Мізула і Людміла Раманава. Лапахіна ў розных складах увасобяць Ягор Шаўчук і Іван Шаткоўскі. Але ў інтэрпрэтацыі Сяргея Мікеля новы гаспадар саду (ці яго тэрыторыі) — даволі жорсткі чалавек, якога не спыняюць ні добрыя адносіны з кімсьці, ні ўдзячнасць за былую падтрымку, ні планы на асабістае жыццё. І ў Вары няма надзеі на яго: дзяўчына кідае ключы на падлогу і з усімі пакідае сядзібу. 

Сцэна развітання быццам не такая трагічная, як знішчэнне дрэў, але вельмі кранальная. Людзі апынуліся ў пустаце. З валізкамі раз’язджаюцца хто куды. Можа быць, у Ганны з Пецем атрымаецца пабудаваць новае жыццё, хутчэй за ўсё работнікі знойдуць новую працу. А сядзіба цяпер ужо Лапахіна пазбаўлена любых прыкмет жыцця. Тут застаецца толькі старэнькі Фірс — каб памерці ў самоце. Ціха, амаль непрыкметна.

Чараўніцтва думкі

Балет не толькі перадае сэнс літаратурнага твора, у ім ёсць аўтарскія акцэнты, бо ўсё ж ён створаны ўжо ў ХХІ стагоддзі і шмат змянілася ў разуменні таго часу, калі сутыкаліся інтарэсы ранеўскіх з лапахінымі. Гэта ўсё ж сучасны балет, хоць і на аснове класічнай харэаграфіі. А Сяргей Мікель, вучань Валянціна Елізар’ева, прапанаваў уласную інтэрпрэтацыю і па-свойму расставіў акцэнты, якія робяць пастаноўку больш зразумелай сучаснаму гледачу. Яна вельмі метафарычная, візуальна эфектная і адначасова не перагружана сцэнаграфічным аздабленнем, пра гэта паклапацілася мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава. А каб агучыць тэму «Вішнёвага саду» больш выразна, для пастаноўкі зроблены цудоўны падбор музыкі — Георгія Свірыдава, Пятра Чайкоўскага, беларускага кампазітара Алега Хадоскі. Дзякуючы выкананню аркестра пад кіраўніцтвам Марыны Траццяковай усе музычныя эпізоды ўспрымаюцца як адзіны балет, бо галоўнай тут з’яўляецца харэаграфія. Зноў...

13_26 (2).jpg

Аматары харэаграфіі могуць успомніць, што «Вішнёвы сад» ужо быў у афішы музычнага тэатра і стаў «найлепшым спектаклем балета» па выніках конкурсу «Нацыянальная тэатральная прэмія» ў 2018-м годзе. Ішоў, праўда, нядоўга. Але варты таго, каб быць адноўленым. Балетмайстар-пастаноўшчык нездарма вырашыў да яго звярнуцца, каб зноў прапанаваць паразважаць на тэму: што робіць людзей шчаслівымі, чым трэба даражыць у жыцці. Задумацца пра тое, ці сапраўды мае рацыю Лапахін, ці варта смяяцца з Ранеўскай і яе кампаніі. І чаму тут галоўныя героі не людзі, а дрэвы, менавіта сад як вельмі прыгожы і гаворачы сімвал. Такім чынам, балет набыў новыя фарбы і мае шанцы на паспяховае жыццё.

Ларыса ЦІМОШЫК 

Фота тэатра

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю