«Эпідэмія грыпу»
Тэматыка апавядання знаходзіцца ў плоскасці псіхалогіі сямейных узаемаадносін. Галава сям’і Сяргей у сямейным жыцці практычна не ўдзельнічае, стаў чужым чалавекам для сваіх блізкіх — сына Мікіты і жонкі Аксаны. Галоўная гераіня апавядання Аксана — псіхатэрапеўт, усё жыццё аказвае псіхалагічную дапамогу людзям, лечыць душэўныя хваробы. Сама ж нагадвае шаўца без ботаў. Яе праблема простая і зразумелая. Адносіны з мужам знаходзяцца ў тупіку, пачуцці вычарпаліся, і ажывіць іх не атрымліваецца ніякімі спосабамі. Сын глыбока перажывае гэтую драму, фактычна адрокся ад бацькі. Паняцце «эпідэмія грыпу» ў апавяданні працуе на сімвалічны паралелізм, падкрэсліваючы маштабнасць гэтай сацыяльнай праблемы — страты пачуцця, калі блізкі чалавек становіцца чужым.
У пошуку шчасця яшчэ маладая, эфектная жанчына Аксана гатовая на стратэгічны манеўр, на новае выпадковае знаёмства. Але і яно не прыносіць жаданага выніку. Застаецца толькі надзея. Надзея на сябе, надзея, што, як вядома, памірае апошняй. Перспектывы ў гераіні да канца не зразумелыя, — фінал у апавядання адкрыты.
Варта адзначыць задзейнічаныя пісьменніцай маркеры нашага горада (элементы так званага рэгіянальнага фактару): назвы — вуліц Элізы Ажэшкі, Дзяржынскага, Шчорса, Дамброўскага, парк Жылібера, лялечны тэатр, пятнаццаты аўтобус... На арганічнасць гучання тэксту працуюць такія слоўцы літаральна з народнага жыцця, як «поўны аблом», «ніякі», «малюпасенькія», «афігенна». Дадзенае апавяданне я адношу выключна да жаночай літаратуры, нягледзячы на тое, што яе існаванне многімі аспрэчваецца, маўляў, сапраўднае мастацтва гендарных дыферэнцыяцый пазбаўлена. Галоўная думка — у складаных жыццёвых абставінах у сям’і сучасная жанчына можа разлічваць толькі на сябе. Сітуацыя знаёмая многім. І выходзіць з крызісу атрымліваецца далёка не ва ўсіх.
Пісьменніца выступае, як змагар за права жанчын на шчасце. На тыповасць, распаўсюджанасць і вастрыню праблемы пісьменніца намякае словам «эпідэмія». У гэтым намёку — сур’ёзны, шматзначны сігнал усяму сучаснаму грамадству і ў прыватнасці мужчынам.
«Дзень першага снегу»
На месцы аўтара я б не называў кнігу «Неба ў дыяментах» (дастаткова распаўсюджаны выраз, напрыклад, дакладна такую ж назву меў спектакль Тэатра беларускай драматургіі па матывах твораў А. Чэхава). Я б выкарыстаў для назвы ўсёй кнігі загаловак апавядання — «Дзень першага снегу». Гэты вобраз выключна аўтарская прыдумка. Свята? Так! Дзіўнае, новае, прыдуманае самім жыццём для календара аднаго асобна ўзятага лёсу. Прыгожая рамантычная гісторыя сталення дзвюх дзяўчат-сябровак. Хутчэй за ўсё аўтабіяграфічная. Белізна снегу — сакральны пачатак, чысціня думак і душэўных парываў, белізна чыстага ліста, якую жыццё ў сваёй разнастайнасці напаўняе для кожнага асобным зместам. Вобраз першага снегу сімвалізуе ў апавяданні пачатак чагосьці вялікага, свежасць, маладосць, абавязковыя перамены, зрухі. «Першы снег» у Людмілы Кебіч — амаль тое ж самае, што ў вядомым апавяданні Аляксандра Пушкіна вобраз мяцеліцы — непазбежная воля лёсу («чаму быць, таго не абмінуць», «усё ідзе сваім чарадом»). Няўмольны фатум — традыцыйны матыў для прозы Людмілы Кебіч, яе фірменны знак.
Тэкст мае шмат маркераў ужо іншага рэгіёна — горада Маладзечна. Знаўцы біяграфіі Людмілы Антонаўны без цяжкасці адзначаць у сюжэце апавядання і элементы аўтабіяграфічнасці.
Тэхнічнае пытанне. «Жартачкі»...
Я б утварыў словаформу інакш і напісаў: «жарцікі». Цікавыя прынцыпы словаўтварэння ў беларускай мове! Слова «жарт» мужчынскага роду. А аказіяналізм «жартачкі» ўтвараецца ад яго чамусьці па прынцыпе жаночага роду. Кнігі Людмілы Кебіч — гэта і падручнікі жыцця, і майстар-класы па мастацтве, і інструкцыі па карыстанні роднай мовай.
Свет, што ствараецца фантазіяй пісьменніцы, нагадвае чароўны паноптыкум. У ім усё проста і зразумела, існуе ўпэўненасць у заўтрашнім дні, не «трызвоняць» рынгтоны мабільнікаў, не сігналяць мэсэнджары, сацыяльныя сеткі... Усё як на іншай планеце. Гэтае ідэальнае мінулае не выпінаецца, не расхвальваецца. Яно падаецца такім, як ёсць.
«Манька»
Апавяданне «Манька», на мой погляд, — цэнтральны, «праграмны» твор пісьменніцы на дадзеным этапе. Яго можна назваць і энцыклапедыяй народнай мудрасці, і гімнам сапраўднаму жаночаму шчасцю, і хрэстаматыйным прыкладам жаночай прозы. Апавяданне, якое цалкам магло б вырасці ў аповесць, — столькі пераплецена ў ім сюжэтных ліній, траекторый людскіх лёсаў, поўных выпрабаванняў, пакут і пераадолення. Пра што ж гэты твор? Пра дабро і зло (яно, дарэчы, мае тут зусім не зласлівы, а клінічны характар), пра дэфіцыт матэрыяльнага камфорту і духоўную веліч чалавека, іх парадаксальную ўзаемасувязь.
Партрэты жанчын-сябровак, якія сустрэліся праз сорак гадоў у бальнічнай палаце анкалагічнага аддзялення і ўспамінаюць свае дзяцінства і юнацтва, выпісаны выразна. Здаецца, прататып гераіні апавядання Марысі можна сустрэць у кожным невялікім населеным пункце, прамысловым цэнтры (якім, дарэчы, і з’яўляецца апісаны гарадскі пасёлак Краснасельскі, што на Ваўкавышчыне, — малая радзіма Людмілы Антонаўны). Аўтар па частках з кранальных успамінаў, як па крупінках з карцін мінулага, як па чорна-белых здымках з сямейнага фотаальбома, выбудоўвае панараму жыцця цэлага пасляваеннага пакалення беларусаў. Шматдзетная сям’я. Жыццё без прыкрас. Беднасць, нястача, недаяданне... А менавіта ў такіх аскетычных, калі не сказаць нечалавечых, умовах сфарміравалася асоба Манькі, галоўнай гераіні твора. І, нягледзячы ні на што, з яе атрымаўся добры чалавек, чулае сэрца якога гатовае біцца ва ўнісон з сэрцамі тых, каму патрабуецца дапамога, душэўная цеплыня. Вельмі паказальны парадокс. Насуперак недахопу бацькоўскага цяпла, пастаянным голаду і бытавой неўладкаванасці асоба Манькі атрымалася гарманічнай — з наборам найлепшых якасцей — дабрынёй, шчырасцю, спагадлівасцю. Кім толькі ні клятая савецкая эпоха паказала жыццястойкую, суцэльную і гарманічную мадэль (пароду) чалавека. «Гвозди бы делать из этих людей...» — нездарма сказана паэтам Мікалаем Ціханавым. Цвікі не цвікі, а ўсяго праз 16 гадоў пасля жудаснай крывавай вайны менавіта гэтае пакаленне здолела падняць краіну з руін і запусціць чалавека ў космас.
Космас чалавечых узаемаадносін у сюжэце апавядання таксама не пазбаўлены парадоксаў. Чужыя людзі аказваюцца часцяком значна бліжэйшымі і даражэйшымі за родных. А хіба ж у жыцці так не бывае? Чалавечыя ўзаемаадносіны ў асяроддзі суседзяў па доме ў эпоху шасцідзясятых чымсьці нагадалі непаўторную атмасферу, намаляваную ў фільме «Пакроўскія вароты». Зваротная кампазіцыя вяртае нас у дзень сённяшні. І ён у Людмілы Кебіч калі і прайграе мінуламу па сваіх каштоўнасцях, усё роўна не выглядае жахлівым. Хоць і атрымлівае порцыю крытыкі ад жаночага калектыву бальнічнай палаты, дух цяперашняга часу таксама арганічна ўпісваецца ў сюжэтную канву. Форма дзеясловаў цяперашняга часу, якую аўтар выкарыстоўвае па максімуме, забяспечвае апавяданню высокую дынаміку.
Дзякуючы паэтызаванай прозе зборніка Людмілы Кебіч «Неба ў дыяментах» адкрываецца бездань магчымасцяў: адбываюцца набліжэнне да велічы культуры мастацкага слова, судакрананне з яе магутнай існасцю, такой высакароднай, мудрай, выратавальнай, натхняльнай.
«Другі дубль»
Сюжэт аповесці Людмілы Кебіч «Другі дубль» (з кнігі «Жыццёвыя путы») грунтуецца на падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў акупаванай Беларусі. Аўтар вельмі выразна малюе адмоўнага героя, ваеннага злачынца. На жаль, ён мясцовы, з беларусаў — паліцай Цімафей Бамбера. На службе ў фашысцкіх нелюдзяў у 1943 годзе гэты персанаж здзяйсняе забойства маленькай дзяўчынкі, фактычна жыўцом разарваўшы яе цела напалову, а потым удзельнічае ў спаленні вёскі і яе жыхароў. Рухавіком сюжэта выступае час. Цімафею ўдаецца выжыць на вайне. Але і сведка яго злачынства таксама ёсць, выжыла. Змяніўшы месца жыхарства, злачынец аказваецца на Гродзеншчыне, імкнецца ўладкавацца ў вобразе звычайнага грамадзяніна: працуе, абзаводзіцца сябрамі, стварае сям’ю. На працягу ўсяго жыцця Цімафею неабходна старанна хаваць сваё мінулае. Ён абыходзіць тэму вайны ў размовах, пазбягае адказаў на пытанні: кім быў на вайне? на якім фронце ваяваў? Спадзяецца на беспакаранасць. Арыгінальнасцю твора з’яўляецца яшчэ адна, галоўная дзеючая сіла — лёс. Абставіны складваюцца так, што злачынца караюць не закон, не людзі, а жыццёвыя абставіны.
Псіхалагізм аповесці ўнікальны па сваім эмацыянальным напружанні. Перажыванні, пакуты, невыносны душэўны боль, кашмарныя сны, бессань — усё гэта ўмовы існавання Цімафея.
Аднойчы на месца яго працы прыязджае здымачная група з мэтай стварэння фільма пра вайну. І зноў абставіны складваюцца містычным чынам — рэжысёр прапануе Цімафею выканаць невялікую ролю паліцая (вымушаная мера): на погляд прафесіянала ў абліччы мужчыны прысутнічаюць рысы карніка, забойцы. Гэта перапаўняе чару пакут Цімафея...
Кантэкстуальна прааналізаваць твор няпроста: яго аўтар выступае наватарам. Сярод унікальных асаблівасцяў — так званы рэгіянальны фактар (ужытыя маркеры мясцовага матэрыялу — вельмі падобныя да рэальных назвы населеных пунктаў, іншыя ўласцівыя Гродзенскай вобласці прыкметы, яе візітоўкі), а таксама сімвалічны паралелізм. Паралельнымі з’яўляюцца вобразы цэркваў: адна разам з людзьмі была спалена фашыстамі ў пачатку гісторыі, а ў другой у канцы жыцця маліўся злачынец, а ў фінале аповесці яго адпяваюць. Мяркую, што гэты хрысціянскі матыў невыпадковы: праз яго аўтар нагадвае чытачу, што ўсё ў руках Бога, у тым ліку і пакаранне. Невыпадкова сімвалічнай выглядае і кальцавая кампазіцыя сюжэта. Яна нібыта падкрэслівае, што ў жыцці чалавечым у рэшце рэшт усё вяртаецца на свае колы, рана ці позна ўсё набывае гармонію. Паралельным вобразу Бамберы і ў той жа час яго антаганістам выступіў Гапей Каленік, які загінуў у агні, але здолеў выратаваць маленькую сведку злачынства. Людміле Антонаўне ўдалося вельмі праўдападобна адлюстраваць дух часу, асаблівасці жыцця людзей у розныя гістарычныя эпохі. Ідэйная прастора сюжэта поўніцца багаццем ключавых матываў — кахання, патрыятызму, гуманізму, высакароднасці, а таксама подласці, нялюдскасці, жалю да сябе. З таго, што выклікала шок, — мноства апісаных смерцяў, такіх нечаканых, немагчымых, нелагічных (але толькі на першы погляд). І гэта адзінае, што аддаляе эстэтыку твора ад рэалістычнай традыцыі і набліжае аповесць да літаратуры класу «фэнтэзі». Рэкамендаваў бы выдаўцам гэтай аповесці ўзроставую маркіроўку 16+ (неакрэплай псіхіцы такая гіпермартальнасць можа нашкодзіць). Яшчэ адно адкрыццё, зробленае мною падчас чытання аповесці: на падставе гэтага эпічнага сюжэта магла б атрымацца цікавая кінастужка.
У чым жа ўніверсальнасць прозы пісьменніцы з Гродна, больш вядомай сваёй паэзіяй? Мне падаецца, у даволі ўдалай дэталізацыі рэчаіснасці. Уплыву ўзнёсла-туманнай, вытанчанай «лірыкі ў белых пальчатках» тут амаль не адчуваецца. Проза ад паэтэсы не перастае, гучаць як проза, успрымацца як проза. Больш за тое: дзякуючы сваёй сацыяльнай завостранасці, ідэйна-тэматычнай шматмернасці, свежаму, нетрывіяльнаму стылю яна рашуча рухаецца наперад, упэўнена паспявае за імклівым часам і нярэдка апярэджвае яго.
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК
Прэв’ю: pexels.com