Top.Mail.Ru

«У кожнага з людзей ёсць месца на зямлі…»

08.04.2026 | 14:15

Паэтэсу і жывапісца Галіну Загурскую добра ведаюць на Віцебшчыне, у Полацку, якому яна аддала многія гады свайго жыцця. Яна з’яўлялася кіраўніком літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне». 

І цяпер прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах бібліятэк, часта сустракаецца з чытачамі. Не толькі піша арыгінальныя паэтычныя творы, але і перакладае вершы паэтаў розных народаў Расіі і краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 

— У Вас ёсць такія радкі: «У кожнага з людзей ёсць месца на зямлі — // Куточак самы любы, самы мілы, // Дзе дні шчаслівыя дзяцінства адгулі, // І дзе мацнелі для палёту крылы...» Вам крылы дае малая радзіма, ваш Лявонпаль? 

— Так, крылы мне дала малая радзіма, маё роднае мястэчка Лявонпаль, што прытулілася да левага берага Дзвіны на самым ускрайку Мёршчыны і калісьці насіла назву Чурылавічы. З трох бакоў мястэчка акружае бор, на поўдзень за ім — бяскрайнія палі, а цяпер ёсць і вадасховішча, утворанае на рэчцы Каменка. Мясціна гэтая настолькі прыгожая, што ёю нельга не зачаравацца. У далёкія ад нас часы яе аблюбаваў Мікалай Лапацінскі, высокаадукаваны чалавек і значная асоба ў Вялікім княстве Літоўскім. Ён набыў тут землі і пабудаваў сваю рэзідэнцыю. У гонар бацькі перайменаваў вёску ў Лявонпаль. Лапацінскія гаспадарылі на гэтай зямлі амаль 200 гадоў...

Да нас дайшлі помнікі архітэктуры Лявонпаля: палаца-паркавы комплекс, старажытная ўніяцкая царква, Мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, старая школа. І царкву, і Мемарыяльную калону Лапацінскія пабудавалі за свае сродкі.

Драўляная царква Святой Троіцы ніколі не зачынялася. Там вянчаліся мае бацькі, у ёй хрысцілі мяне з сястрой, а мы ўжо сваіх дзяцей і ўнукаў. Побач з вёскай на ледніковым кражы захаваліся парослыя імхом акопы яшчэ ад Першай сусветнай, у якіх мы дзецьмі гулялі ў вайну. Зімой жа каталіся на санках і лыжах з гэтага кражу, які ў некаторых месцах утварае крутыя горкі. А лес баравіковы і ягадны! Люблю яго з дзяцінства і да гэтай пары лічу бор сваім лепшым сябрам.

Што наша мясціна незвычайная, адчуваюць усе, хто тут пабываў. Археолаг Вадзім Шадыра, займаючыся раскопкамі ў Прыддзвінні, наведваў і наша мястэчка, а пасля напісаў, што ў яго ўзнікла «таямнічае пачуццё даўніны і прыгажосці», што «ўсё тут сведчыла пра нейкую гарманічную сувязь жыцця людзей і навакольнага асяроддзя».

— Як увага да роднай старонкі ўплывае на фарміраванне творчага дыяпазону?

— Многія мае вершы прысвечаны менавіта роднай старонцы, яе людзям і, у прыватнасці, маім бацькам. Маці ведала многа паданняў і захапляла імі нас, сваіх дзяцей, а часам распавядала пра розныя здарэнні, што адбыліся з ёй самой ці з іншымі людзьмі. Яна заўсёды ўмела прадказаць надвор’е, замовамі і зёлкамі лячыла людзей і хатнюю жывёлу. Бацька вельмі любіў прыроду і перадаў сваю любоў да яе сваім дочкам. Зімой ён заўсёды вывешваў кармушку для сінічак, а побач з ёй яшчэ і ладны шмат сала. А вясной разам з татам зачаравана слухалі спевы каля шпакоўняў, што ён змайстраваў і прымацаваў да высокай рабіны. Маці казала, што ён увогуле «кожнай птушкі ведаў песню».

— Мёрскі край... Адметная, багатая на гісторыю старонка. З ёю звязаны самыя знакавыя падзеі ў лёсе нашай Айчыны. Ці не спрабавалі вы стварыць гісторыка-паэтычны партрэт Мёрскай старонкі? 

— Займацца якімі-небудзь гістарычнымі пошукамі не было ніякай магчымасці, таму мая цікаўнасць да гісторыі роднай старонкі задавальнялася тым, што сабралі і апісалі іншыя. На Мёршчыне і краязнаўцаў нямала: Сяргей Панізнік, Вітольд Ермалёнак, Франц Сіўко, Леанід Матэленак... 

А гісторыка-паэтычны партрэт Мёрскай старонкі я, магчыма, яшчэ напішу.

— Вы пабывалі ў розных мясцінах, жылі і вучыліся ў Комі АССР... Наколькі адлегласць уплывае на развіццё, умацаванне прыязнасці да роднага краю?

— Беларусы ў нейкім сэнсе незвычайны народ. Цяпер рэдка ў горадзе пачуеш беларускую гаворку. Разумею, што гэта вынік гістарычных абставін. Але ж... з даўніх часоў беларусы, апынуўшыся за межамі сваёй радзімы, пачынаюць шанаваць усё роднае: ствараюць свае згуртаванні, гавораць паміж сабой па-беларуску, не забываюць свае песні і танцы. А вось, знаходзячыся на роднай зямлі, не надта сваё шануюць... Як сказаў Алесь Ставер: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць...» 

Не абавязкова ў розных — дастаткова на нейкі час апынуцца ўдалечыні ад роднай старонкі. Гэта ўсё я адчула, калі пасля некалькіх гадоў пражывання з бацькамі ў Комі АССР вярталася ў родныя мясціны. На той час я цалкам перайшла на рускую мову. І вось еду ў цягніку, перад Мінскам у вагон зайшлі жанчыны і загаварылі па-беларуску. Як жа заспявала мая душа, калі я пачула родную гаворку! Вось тады і прыйшло разуменне, што я беларуска, а цяпер проста вяртаюся да сябе самой, сапраўднай. Дарэчы, і першы верш напісала толькі тады, калі вярнулася на радзіму. І напісала яго па-беларуску.

— На працягу дзесяцігоддзяў родным для вас з’яўляецца Полацк. Вы многа сіл уклалі ва ўмацаванне літаратурнага аб’яднання «Наддзвiнне». 

У чым, адметнасць Полацка і Полаччыны? Чаму менавіта тут з’яўляецца столькі літаратурных, мастацкіх талентаў? 

— Думаю, што ўсё гэта ідзе ад самой зямлі, якая памятае, як сюды прыйшлі славяне, асімілявалі балтаў, якія тут раней жылі, і заклалі падмурак нашай сучаснай дзяржавы. Многа слаўных падзей адбылося на гэтай зямлі, а яна іх памятае, беражэ і дзеліцца з тымі, хто здольны ўспрыняць яе таямніцы. А ў больш блізкі час Полацкая зямля дала нямала вядомых літаратараў. Нічым інакшым, як памяццю самой зямлі, гэта не растлумачыць.

— Чытаючы творы Рыгора Барадуліна, Алеся Савіцкага, Навума Гальпяровіча, вы задумваецеся над тым, з якімі віцебскімі адрасамі звязаны тыя ці іншыя іх творы? 

— Канешне. Адрасоў такіх многа: у Навума Гальпяровіча — родны яму Полацк і ваколіцы, у Рыгора Барадуліна — Ушацкая зямля, а ў Алеся Савіцкага ― Полацк, Наваполацк, Обаль, тыя мясціны, дзе ён партызаніў...

Гутарыў Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю