Top.Mail.Ru

У Магілёве пабачыла свет надзвычай цёплая і шчырая кніга «Віктар Іванавіч Арцем’еў: "Жыць на свеце варта!"»

Аўтар: Алесь Карлюкевіч
27.07.2026 | 15:48
Згадваючы Віктара Арцем’ева

Прысвечаны зборнік памяці пісьменніка, бібліятэкара, краязнаўца. Складальнік — вядучы бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Галіна Дзятлава. Аўтарамі выступілі пісьменнікі, журналісты, бібліятэкары, сябры, знаёмыя — людзі, якія ведалі Віктара Іванавіча і ганарыліся дружбай з ветэранам літаратурнага цэха, дружбай з чалавекам, які ў самых розных жыццёвых сітуацыях шчыра служыў кнізе, роднаму беларускаму слову. 

Адкрываецца зборнік словамі самога Віктара Арцем’ева — «Словам да маладых»: «У наш прагматычны, няпросты час, вельмі важна захаваць любоў і прыхільнасць да сваёй Бацькаўшчыны, роднай зямлі, мовы, традыцый, ушаноўваць памяць пра сваіх продкаў, берагчы сваю спадчыну. А яшчэ добра ведаць гісторыю сваёй малой радзімы, яе паданні, паходжанні назваў, розныя здарэнні з удзелам сваіх землякоў, лёсы гэтых людзей. Без такога ведання няма чалавека. Віктар Арцем’еў. 14.03.2024 г.»

Неад’емнай часткай жыцця Віктара Іванавіча была яго праца па ўшанаванні памяці вядомага беларускага паэта Аляксея Пысіна, з якім Арцем’ева звязвалі многія гады сяброўства. Зінаіда Пянькова пісала: «Усё сваё жыццё Віктар Іванавіч прысвяціў літаратуры, стаў галоўным біёграфам, даследчыкам і прапагандыстам літаратурнай спадчыны вядомага паэта Аляксея Пысіна, з якім пазнаёміўся ў 1955 годзе». А Валянціна Габрусева ўспамінала: «...Памятаю, ён прыйшоў да мяне з дыктафонам (гэта быў пачатак васьмідзясятых) і папрасіў зачытаць яму некалькі вершаў. Пазней ён паказаў іх Аляксею Пысіну, які тады вёў літаратурную старонку „Магілёўскай праўды“. Вось так, дзякуючы Віктару Іванавічу адбылося маё знаёмства з мэтрам беларускай паэзіі Аляксеем Пысіным...». Мікола Леўчанка запэўніваў: «Арцем’еў любіў Пысіна, шанаваў яго і напісаў пра яго столькі, чым не зможа пахваліцца ніводзін беларускі пісьменнік, ніводзін вучоны-даследчык. Таму і казаў упэўнена, калі ўзнікала неабходнасць, што паэт-франтавік Аляксей Пысін у ваенна-патрыятычнай паэзіі знаходзіцца на такой жа літаратурнай вышыні, як празаік-франтавік Васіль Быкаў у ваенна-патрыятычнай прозе. 

І хоць у адрозненне ад Быкава ён не меў ганаровага звання „Народны“, таксама быў заўсёды з народам, любімы народам, пастаянна пісаў пра яго, абавязкова стаў бы народным на дзяржаўным узроўні, калі б не надта рана нас пакінуў».

Нельга без хвалявання чытаць радкі ўспамінаў Мікалая Барысенкі, Святланы Барысенка, Вольгі Гарон, Леаніда Іскрава, Алены Максімавай, ды і ўсіх астатніх аўтараў зборніка. На кожнай старонцы — шчымлівая, пранізлівая памяць, шчырае спавядальнае развітанне з пісьменнікам і сябрам. Азіраючыся назад, знаходзішся пад уражаннем, колькі сіл, энэргіі аддаваў Віктар Іванавіч справе выхавання моладзі. Ён быў частым госцем, удзельнікам розных мерапрыемстваў у цэлым шэрагу навучальных устаноў Магілёва. Найперш — у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, дзе працуе бібліятэчнае аддзяленне, і архітэктурна-будаўнічым каледжы ў складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. І Вольга Станкевіч, і Валянціна Шакурава, і Ірына Лесюкова расказваюць пра гэта ўзнёсла, на прыкладах паказваюць стаўленне пісьменніка-ветэрана да навучэнцаў, да арганізацыі мерапрыемстваў. 

Свае ўспаміны пра Віктара Іванавіча Галіна Дзятлава назвала словамі, якія служаць сапраўднай характарыстыкай героя кнігі: 

«Усё жыццё варочаў ён каменне...» А завяршаецца нарыс такімі словамі: «...Некалі ў час адной са сваіх шматлікіх паездак Віктар Іванавіч зрабіў цікавы фотаздымак: дрэва расце на абрывістым беразе мора і рызыкуе быць змытым штормам у марскую бездань. Але яно моцнымі каранямі ўчапілася ў камяністую глебу і трымаецца за жыццё. Гэтае дрэва — сімвал самога Віктара Іванавіча, які, нягледзячы на абставіны, моцна трымаўся за жыццё...

Усё жыццё Віктар Іванавіч стараўся не выстаўляць сябе напаказ, не імкнуўся, каб яго хвалілі. Можа, па гэтай прычыне зробленае ім у вывучэнні і папулярызацыі культурнай і літаратурнай спадчыны Магілёўшчыны да гэтай пары застаецца без аб’ектыўнай ацэнкі і прызнання. Спадзяюся, што справядлівасць пераможа, імя Арцем’ева і яго ўнёсак у культурную спадчыну краіны і рэгіёна не будуць забыты...»

Ва ўспамінах Галіны Дзятлавай, Змітрака Марозава, Міколы Леўчанкі, іншых аўтараў адчуваецца завострана публіцыстычнае гучанне, напамін пра многія надзённыя клопаты асветніцкага, літаратурнага жыцця. І ў спалучэнні з «арцем’еўскай» тэмай гэта асабліва важна — як напамін пра грамадзянскую пазіцыю героя кнігі, пра яго няўрымслівы характар. 

У выхадных даных кнігі ёсць словы падзякі ад імя аўтарскага калектыву за дапамогу ў фінансаванні выдання — Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і асабіста яе старшыні Анатолю Глазу, Магілёўскаму абласному аддзяленню Беларускага фонду міра і старшыні праўлення Андрэю Нікіціну.

Выдадзеная невялікім накладам кніга ўспамінаў пра Віктара Іванавіча павінна ўсё ж зрушыць з месца і справу ўшанавання памяці пра Арцем’ева. Чаму б не назваць яго імем вуліцу ў Магілёве альбо ў Шклове (нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Радзішына Шклоўскага раёна)? Чаму б не надаць імя Арцем’ева адной з бібліятэк Магілёва ці Магілёўскай вобласці (у свой час

Віктар Іванавіч працаваў загадчыкам аддзела культуры Чэрыкаўскага райвыканкама)? І добра было б прымеркаваць гэтую падзею да 100-годдзя з дня нараджэння Віктара Іванавіча Арцем’ева, якое, у гэтым можна не сумнявацца, дастойна адзначаць у Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна ў сакавіку 2027 года. 

Алесь Карлюкевіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю