Неўміручаму подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны прысвечана шмат мастацкіх твораў. Па гарачых слядах вайны пісалі К. Чорны і М. Лынькоў, І. Мележ і І. Шамякін. У дні суровага змагання з фашызмам былі створаны паэтычныя шэдэўры «Васіль Цёркін» А. Твардоўскага і «Сцяг брыгады» А. Куляшова. У 50-я гады ХХ стагоддзя загучалі галасы ўчарашніх лейтэнантаў Ю. Бондарава, Р. Бакланава, В. Быкава, якія ведалі «акопную праўду». Трэцяя хваля літаратуры пра Вялікую Айчынную — гэта творы дзяцей франтавікоў і партызан, чыё дзяцінства было абпалена полымем вайны.
Яны зведалі жахі акупацыі і смак сірочага хлеба. Убачанае і перажытае засталося ў іх памяці і сэрцах і прымусіла ўзяцца за пяро. Да такога пакалення належыць і народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева Іван Чыгрынаў.
Лёс чалавека кароткі, жыццё — вечнае. Гэтыя словы найлепш адносяцца да Івана Гаўрылавіча. Знакаміты сын магілёўскай зямлі, на жаль, пражыў мала, але ў гісторыі беларускай літаратуры яму і яго творам, несумненна, наканавана неўміручасць. Ім жыць роўна столькі, колькі жыць беларусам на зямлі.
Касцюковіцкі раён — малая радзіма шматлікіх таленавітых празаікаў і паэтаў. У гэтых мясцінах нарадзіліся Аркадзь Куляшоў, Аляксей Русецкі, Алесь Пісьмянкоў, Леанід Левановіч... На гэтай зямлі ўпершыню зірнуў на свет і Іван Чыгрынаў — адзіны на Магілёўшчыне пісьменнік, удастоены ганаровага звання «народны». Цікавы факт: ён вучыўся ў той жа школе, якую крыху раней скончыў і народны паэт Аркадзь Куляшоў. Саматэвіцкая сярэдняя школа, мусіць, адна на Беларусі, якая выхавала адразу двух народных, што само па сабе ўжо ўнікальная з’ява.
У беларускую літаратуру Iван Чыгрынаў уваходзіў класічнай дарогай — ад апавядання да рамана з адначасовым выхадам у драматургію, кіно, тэатр і публіцыстыку. У творчасці дасягнуў рэдкага ведання розных бакоў народнага жыцця ў пераломныя моманты нацыянальнай гісторыі. Сапраўднай творчай вяршыняй пісьменніка сталі раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем» — глыбокі аналіз каранёў, вытокаў усенароднай барацьбы народа з фашызмам. Аўтар знакамітай пенталогіі здолеў адшукаць абагульнены мастацкі вобраз часу — а гэта пад сілу толькі сапраўднаму Майстру.
«Пісаць для яго азначала жыць», — так казаў пра свайго земляка Алесь Пісьмянкоў. Сам Іван Чыгрынаў ужо на схіле зямных дзён, падсумоўваючы вынікі зробленага, казаў: «Літаратура стала маім жыццём, маім лёсам, маёй справай, вялікай справай». I ў яго шчырых словах не было перабольшання: пісьменнік самааддана, з душэўнай апантанасцю, уласцівай выдатным мастакам, працаваў у літаратуры трыццаць пяць гадоў. Taлeнaвiтаму, caмaaддaнаму, нeapдынapнаму мacтaку cлoвa ўдалося ствapыць вялікі нapoдны эпac, якi дaклaднa выяўляe нaцыянaльнyю дyшy бeлapycaў, ix мeнтaлiтэт. Аўтap шмaтлiкix aпaвядaнняў, paмaнaў, п’ec, кiнacцэнapыяў, кpытычныx i пyблiцыcтычныx apтыкyлaў гpyнтoўнa і панарамна выпicaў Бeлapycь i бeлapycaў y вipы poзныx пaдзeй: y чacы ciвoй дaўнiны, y гaды вaeннaгa лixaлeцця, пacлявaeннaй гaлeчы i ў апошнія дзесяцігоддзі XX cтaгoддзя. Пры адлюстраванні падзей Іван Чыгрынаў арганічна спалучаў уласны жыццёвы досвед і глыбокія навуковыя веды. Менавіта таму яго творы не толькі дасканалыя ў мастацкіх адносінах, але і надзвычай праўдзівыя і гістарычна дакладныя.
Пісьменнік-патрыёт ніколі не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі, якая зводзілася да аднаго: добра ўсё, што добра для Беларусі. Дзеля гэтага ён жыў і працаваў, гэта было яго запаветам. Для захавання памяці аб нацыянальным класіку Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна стварыла віртуальны музей Івана Чыгрынава «Вернасць праўдзе», прысвечаны жыццю народнага пісьменніка Беларусі, яго грамадскай дзейнасці і вялікай творчай спадчыне.
Асветна-адукацыйны інтэрнэт-праект складаецца з сямі раздзелаў, матэрыялы кожнага ахопліваюць розныя бакі шматграннай грамадскай і творчай дзейнасці Івана Чыгрынава, узнаўляюць малавядомыя факты і істотна дапаўняюць выкладзеную ў даведніках біяграфію творцы. Шматлікія звесткі падмацаваны ўспамінамі родных, сяброў і калег па пяры, інтэрв’ю, дзённікавымі запісамі, лістамі, архіўнымі дакументамі і матэрыяламі, фотаздымкамі.
Грунтоўна разглядаюцца літаратурныя здабыткі пісьменніка, яго перакладчыцкая дзейнасць, даецца поўны храналагічны спіс кніг аўтара, прыводзяцца тэксты асобных твораў, у тым ліку вершаў і п’ес, публіцыстычных артыкулаў, копіі рукапісаў і машынапісаў з аўтарскай праўкай, аўдыязапісы. Нельга не адзначыць, што творчасць І. Чыгрынава, найперш яго раманы, — выдатныя старонкі сучаснай беларускай літаратуры, якая, дзякуючы творам менавіта падобнага кшталту, адчувае сябе ўпэўнена, роўнай сярод роўных поруч з самымі рознымі літаратурамі свету. Той факт, што асобныя творы І. Чыгрынава перакладзены на амаль два дзясяткі моў свету, а на рускую і ўвогуле ўсе без выключэння — выпадак даволі рэдкі!
Манера чыгрынаўскага пісьма — няспешнасць, разважлівасць, псіхалагізм, філасафічнасць. Пяць раманаў, звязаных аднымі героямі, месцам дзеяння, — з’ява ўнікальная і, мабыць, не толькі для беларускай літаратуры. А яго выдатныя апавяданні, больш як дзясятак п’ес,
у якіх уся гісторыя Беларусі!
Бясспрэчна, Іван Чыгрынаў зрабіў шмат. Пакінутая ім духоўная спадчына з’яўляецца невычэрпнай крыніцай для яе асэнсавання, спасціжэння творчага майстэрства пісьменніка, для больш глыбокага ўсведамлення найважнейшых гісторыка-літаратурных падзей ХХ стагоддзя, што падмацавана вялікай колькасцю навуковых прац, літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, змешчаных у раздзеле «Творчасць».
Але не толькі на літаратурнай ніве Іван Гаўрылавіч быў максімалістам. Гэтая якасць была яму ўласцівая і ў грамадскай дзейнасці. Усё, за што ні браўся, рабіў з поўнай аддачай і вялікай зацікаўленасцю лёсам чалавека і краіны, роднай Беларусі, шчырым клопатам пра наша духоўнае багацце. З’яўляючыся сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, працуючы старшынёй пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах, Іван Гаўрылавіч шмат зрабіў па вяртанні і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны краіны, па вырашэнні пытанняў абароны гонару і незалежнасці нашай Радзімы і яе народа. Менавіта ён ініцыятар стварэння помніка на знакамітым Буйніцкім полі, дзе летам 1941 года 172-я дывізія генерала Раманава абараняла Магілёў ад фашысцкіх захопнікаў. Мемарыяльны комплекс быў адкрыты ў 1995 годзе да 50-годдзя Вялікай Перамогі.
Пісьменнік цесна супрацоўнічаў з панарамна-эпічным тэлевізійным беларускім кіно і айчынным драматычным тэатрам. Карціны і спектаклі з удзелам Чыгрынава-сцэнарыста з’яўляюцца неаспрэчным унёскам у нацыянальную культуру, аб чым яскрава сведчыць раздзел «Асоба ў мастацтве».
Карысныя матэрыялы ў дапамогу вывучэнню мастацкай спадчыны І. Чыгрынава ў навучальных установах, метадычныя распрацоўкі ўрокаў, сцэнарыі для арганізацыі святочных мерапрыемстваў з нагоды юбілеяў пісьменніка змешчаны ў раздзеле «Чыгрынаў у школе».
У сваёй аўтабіяграфіі Іван Гаўрылавіч дакарае сябе за тое, што практычна ўсю творчасць прысвяціў тэме вайны і з-за гэтага, верагодна, выпусціў нешта важнае. Пры гэтым ён згадвае, што кожны раз даваў сабе слова: новы твор аб вайне будзе апошнім. Але ў выніку ўсё роўна вяртаўся да гэтай тэмы. Iвану Чыгрынаву ішоў усяго сёмы год, калi пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая зрабіла яго пісьменнікам, але ж яна яго і забрала... Хворы ён быў яшчэ з ваеннага часу, калі хлопчыкам перанёс вельмі цяжкі брушны тыф. Ён выжыў, але змены, якія адбыліся ў арганізме, засталіся назаўсёды.
Ганаровае званне «Народны пісьменнік Беларусі» было прысвоена Івану Гаўрылавічу Чыгрынаву ў жніўні 1994 г. за вялікі ўклад у развіццё беларускай мастацкай літаратуры, плённую грамадскую дзейнасць. У гісторыі Беларусі як суверэннай дзяржавы гэта быў першы Указ аб прысваенні дадзенага ганаровага звання. Увогуле, за гады незалежнасці ў нашай краіне звання «Народны пісьменнік» былі ўдастоены тры мастакі слова: Іван Чыгрынаў, Іван Навуменка (1995) і Мікалай Чаргінец (2022). Як захоўваецца памяць пра выдатнага мастака слова ў нашай краіне, асабліва на малой радзіме, сведчыць раздзел «Памяць».
Звычайна гавораць, што пісьменнік усё жыццё піша адну кнігу. Пры гэтым маецца на ўвазе галоўная думка, якая аб’ядноўвае ўсё напісанае. Была свая асноўная думка і ў Івана Чыгрынава.
Яна скразной лініяй праходзіць праз яго раманы, драмы, апавяданні, публіцыстыку. Гэта ідэя нацыянальнага яднання. Вельмі слушная думка. Асабліва сёння, калі настаў час вярнуць народу яго гісторыю — не добрую або дрэнную, — а сапраўдную, якой яна была.
Віртуальны музей Івана Чыгрынава «Вернасць праўдзе» — гэта праект пра вялікую Гісторыю, пра вялікую Памяць, пра вялікага Чалавека з Вялікага Бору…
Юлія КАСЦЮК, вучоны сакратар установы культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна»