Top.Mail.Ru

У межах трэцяга тэатральнага фестывалю «Перамога» паказалі 15 спектакляў на патрыятычную тэматыку

Аўтар: Ларыса Цімошык
06.06.2025 | 07:00

Фестываль «Перамога» доўжыўся больш за два тыдні і прыцягнуў тэатры з розных куткоў Беларусі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе — сёлета ён праводзіўся ўпершыню. Найлепшых выбіралі з 11 беларускіх спектакляў. Конкурсны падыход, як правіла, надае інтрыгу і вызначае пэўныя якасныя арыенціры. Бо адна справа — рабіць пастаноўкі на тэму вайны, а крыху іншае — ствараць такія спектаклі, якія б напраўду чаплялі сучаснага гледача. 


Знаёмыя імёны

Ёсць спектаклі пра вайну, якія ставіліся і ставяцца шмат дзе, паходжанне якіх інтэрнацыянальнае. Напрыклад, на адкрыццё фестывалю выбралі пастаноўку паводле расійскага (савецкага) аўтара Аляксандра Гуркіна «Саня, Ваня, з імі Рымас», якую на беларускай мове паказаў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, што ў Віцебску. Адметна, што ў праграме было адразу дзве пастаноўкі паводле Барыса Васільева «А зоры тут ціхія». І адзін падыход, калі яе паказваюць на галоўнай драматычнай нацыянальнай сцэне краіны артысты тэатра Янкі Купалы. Зусім іншы — калі тую ж гісторыю распавядаюць на сваёй мове госці — кітайскія аспіранты, якія вучацца ў Беларусі. 

Вайна — якую бачыла і перажыла краіна — у кантэксце нашага светаўспрымання больш выразна выявілася ў творах айчынных аўтараў. І фестываль «Перамога» засведчыў найперш тое, што больш удалыя пастаноўкі пра вайну ў нашых тэатрах — паводле беларускіх аўтараў, прычым тых, якія сталі класікамі. Да класікаў у гэтай тэме цяпер ужо можна аднесці і Андрэя Макаёнка з Аляксеем Дударавым — іх п’есы на ваенную тэму ў свой час з трыумфам ішлі ў тэатрах усяго Савецкага Саюза. Але цяперашняя моладзь можа іх не ведаць. Журы пастанавіла: перамога за імі ў катэгорыі драматычнага тэатра. «Трыбунал» напрыканцы мінулага сезона паставіў Аляксандр Казак у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы — і гэта «найлепшы спектакль» фестывалю. Гісторыя пра нялёгкі выбар Цярэшкі Калабка, якую распавёў драматург Андрэй Макаёнак ў 1970-х гадах (тады яе ўпершыню паставілі ў тэатры імя Янкі Купалы), адлюстроўвае менавіта беларускі менталітэт, які выявіўся падчас акупацыі. Аўтар паказаў драму нашых людзей, але з гумарам, які ёсць сведчаннем жыццёвай сілы. Гуманістычны пасыл — вечны, таму заўсёды актуальны — закладзены Аляксеем Дударавым у драме «Радавыя». Яе ўвасобіў Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Пастаноўка народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава адзначана за «найлепшую рэжысуру». Асобныя маналогі-разважанні гучаць вельмі балюча, у такіх спектаклях артыстам ёсць што іграць — гэта засведчыла яшчэ першая пастаноўка на сцэне Купалаўскага. Але цяпер у яго сценах іншыя спектаклі на ваенную тэму, і адзнакі іншыя: мастак-пастаноўшчык Аляксандр Камянец атрымаў узнагароду за «найлепшую сцэнаграфію» (спектакль «А зоры тут ціхія»). 

Сучаснасць па-нашаму

Выканаўцаў найлепшых мужчынскай і жаночай роляў таксама знайшлі ў пастаноўках паводле беларускіх аўтараў. Дзяніс Фешчанка быў адзначаны за работу ў спектаклі «Сем трафеяў радавога Шапкіна» Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г. Маладзечна) паводле Васіля Ткачова, а Вераніка Буслаева — за створаны вобраз у спектаклі «Хатыня» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паводле аповесці Алены Кобец-Філімонавай. Гэта больш блізкія да нас сучасныя аўтары. 

Што значыць «сучасны погляд» у тэатры? Адказ на гэтае пытанне не такі відавочны. Таму што ён можа быць дадзены праз драматургію. Напрыклад, пастаноўка «Па-за часам» пра падарожжа з пасляваеннага ў 1942 год, створаная паводле Кіра Булычова Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатрам. А Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» прадставіў музычна-патрыятычную кампазіцыю «Памятаючы герояў Перамогі» — гэта ўжо іншая жанравая форма. Як і тая, што прапанаваў Маладзёжны тэатр эстрады, які падрыхтаваў гістарычную меладраму Уладзіславы Арцюкоўскай «Без тэрміна даўнасці» — і атрымаў спецыяльны прыз журы «За найлепшае аўтарскае прачытанне тэмы Вялікай Айчыннай вайны». Сюжэт заснаваны на дакументальнай гісторыі, у цэнтры якой — контрразведчык, які здолеў перажыць вайну і шукае сям’ю, якую лічаць загінулай. Эмацыянальнасці дадаюць розныя сродкі выразнасці: харэаграфія і візуальны рад, падобны на кіно. Нейкі «драйв», што з’яўляецца рысай нашага часу, напэўна, робіць сваю справу ў размове з моладдзю. Ну і дакументальнасць. Дарэчы... 

Госці з Санкт-Пецярбурга — Нацыянальны драматычны тэатр Расіі, вядомы як Александрынскі (іх удзел, а таксама пастаноўка навучэнцаў з Кітая далі падставы павысіць узровень фестывалю да міжнароднага), прадставілі монаспектакль «Блакадны дзённік Александрынкі», у якога дакументальная аснова. Падчас блакады Ленінграда «Александрынка» ўратавала жыцці больш за 200 чалавек, якія знайшлі прытулак у яе сценах, а кіраваў тады тэатрам артыст Мікалай Лявіцкі. Яго нататкі і ўспаміны некаторых асоб даюць уяўленне пра той час, калі цяжка было выжыць і застацца чалавекам. Вось гэтае «застацца чалавекам», можа, і найбольш каштоўнае для нас цяпер. Бо часы бываюць рознымі — іх не выбіраюць. Але кожны робіць выбар уласных учынкаў, якія могуць служыць дабру ці не служыць...

Адметны спектакль на фестывалі сёлета прадставіў адзін з найбольш цікавых рэжысёраў краіны Алег Жугжда, які перанёс на сцэну Гродзенскага абласнога тэатра лялек паэму Якуба Коласа «Сымон-музыка». Сучасны па форме спектакль паводле класікі не крыклівы, а стрымана-вытанчаны, без лішніх дэталяў, колераў. І гэта «найлепшы спектакль» у праграме тэатра лялек. Сімвалічна: чалавецтва, якое ў сваёй гісторыі шмат ваявала, здолела захавацца дзякуючы вялікай стваральнай сіле, што жыве ў людзях. А ў паэме Коласа адлюстраваны менавіта сіла і жыццяздольнасць беларускага духу. Ці не дзеля гэтага фестываль? 

Ларыса ЦІМОШЫК 

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю