Top.Mail.Ru

У мінскім кінатэатры «Перамога» прайшоў дзень «маладога» кіно

Аўтар: Ірына Прымак
16.07.2026 | 16:46
Заявіць аб сабе на вялікім экране

Сёлетнія выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганна Глухотка, Дана Ляончанка, Мікіта Лахматаў, Элан Лыскоў, Дзяніс Шостак, Марыя Шульман і Анастасія Яцкевіч змаглі прадставіць свае дыпломныя работы ў кінатэатры «Перамога». 

Першы крок у прафесійнае жыццё 

Такое мерапрыемства ў практыцы работы факультэта кіно, тэатра і тэлебачання БДАМ адбылося ўпершыню пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Яно, хутчэй за ўсё, стане добрай традыцыяй. 

— Мы абмяркоўвалі ідэю дэманстраваць дыпломныя работы на вялікім экране адразу пасля выпуску маладых рэжысёраў і раней, бо гэта і выхаваўчы, і адукацыйны працэсы, — распавёў генеральны дырэктар мінскага «Кінавідэапракату»

Уладзімір Карачэўскі. — Такім чынам, калі мерапрыемства стане сістэмным, у гледача паступова пачне фарміравацца ўяўленне пра маладое беларускае кіно. Спадзяемся дзякуючы такім фільмам прыцягнуць у кінатэатры яшчэ больш маладых гледачоў, якія захочуць пабачыць стужкі равеснікаў, бо паказ жыцця вачыма аднагодкаў заўсёды ўспрымаецца лепш. Мы думаем аднымі катэгорымі, а яны — новае пакаленне, і мне самому, шчыра кажучы, цікава даведацца, пра што маладыя мараць, як успрымаюць навакольны свет... 

Перад паказам аўтараў, якія, зразумела, вельмі хваляваліся, падтрымала рэктар БДАМ Анастасія Каласоўская: «Я веру, што гэтыя юнакі і дзяўчаты — кваліфікаваныя рэжысёры і ўжо ўвайшлі ў сваю цудоўную будучыню, зрабіўшы першы крок у прафесійнае жыццё. Хочацца пажадаць, каб сённяшняе мерапрыемства стала пачаткам вялікага творчага шляху!»

Дэкан факультэта кіно, тэатра і тэлебачання БДАМ, вядомы беларускі рэжысёр Іван Паўлаў лічыць, што паказ на вялікім экране дыпломных работ адразу акунае маладых рэжысёраў у рэальны свет. 

— Тое, што сёння адбываецца, сапраўды важна для рэжысёраў, бо можна колькі заўгодна лічыць сябе геніямі, але вельмі важна бачыць рэальную рэакцыю гледачоў на работы. Пачуць не нас, спецыялістаў, педагогаў, а тых, для каго і ствараецца кіно. Курсавыя мы можам разглядаць, нешта падказваць аўтарам, а дыпломныя работы — візітная картка маладых рэжысёраў. І менавіта рэакцыя гледача падкажа, дзе памылка, а дзе ўсё добра. 

А яшчэ гэтым мерапрыемствам мы хацелі паказаць, што маладыя беларускія рэжысёры ў нашай краіне ёсць. І ім вельмі важна адчуць, што яны запатрабаваны, — падкрэсліў Іван Паўлаў.

Ад танца да мастацтва плёначнай фатаграфіі

Што ж хвалюе маладых рэжысё-раў сёння? Тэмы стужак самыя розныя (аб пошуку сябе ў жыцці, творчай рэалізацыі ў прафесіі, прыгажосці горада Ліда і яе жыхарах, цэнтры даўгалецця для братоў нашых меншых і г. д.). 

Аднак асабліва хочацца вылучыць тры дыпломныя работы. 

Ганна Глухотка прысвяціла сваё «Дыханне пакаленняў» сучаснаму танцу, але гэты неігравы фільм аказаўся куды больш глыбокім, бо закрануў стасункі людзей і ўзняў філасофскія пытанні. Танец — не проста рух, гэта магчымасць выказацца і... палёт душы. Адна з гераінь, распавядаючы пра 

ўдзел у спаборніцтвах, падзялілася думкай, што галоўнае — не першае месца, а адчуванне сябе на сваім месцы ў жыцці, разуменне таго, што ты рухаешся ў правільным кірунку з тымі людзьмі, якія для цябе сапраўды важныя. Кіно атрымалася вельмі эмацыянальным, бо падчас інтэрв’ю танцоры былі шчырымі: смяяліся, плакалі, прызнаваліся ў душэўных ваганнях, казалі і пра няўдачы. Рэжысёр пакінула ў кадры не толькі прыгожую карцінку, яна паказала рэальныя жыццёвыя гісторыі самых розных людзей, якіх аб’яднаў танец. 

«Сваёй работай, хранеметраж якой усяго трынаццаць хвілін, я хацела сказаць гледачу шмат важнага: як маладыя людзі знаходзяць сэнс жыцця ў танцы. Гэта ж не проста захапленне, а тое, чым яны жывуць, тое, у што ўкладзена шмат працы», — прызналася Ганна Глухотка.

Адным з самых запамінальных фільмаў стаў «Вернасць вытокам» Мікіты Лахматава. У ім паказана мастацтва плёначнай фатаграфіі. У цэнтры ўвагі — розныя героі са сваімі гісторыямі. Цікава даведацца, чаму ў наш лічбавы век хлопцы захапляюцца менавіта такой справай і нават бачаць канкрэтныя перавагі плёнкі над лічбай. Кіно атрымалася не тэхнічным, як магло стацца, а душэўным. Асабліва зачапіла гісторыя, у якой адзін з фатографаў распавядаў, чаму здымае на плёнку свайго бацьку. 

«Культура плёначнай фатаграфіі ў Беларусі цікавая. І яна не знікае. Знаходзяцца ўсё новыя людзі, каго захапляе гэты працэс. Мне ён нагадвае жывапіс. На адзін здымак затрачваецца шмат часу — гэта сапраўды вялікае мастацтва», — лічыць Мікіта Лахматаў.

І ўсё ж самай адметнай стала мастацкая стужка «Элегія» Элана Лыскова, якая дэманстравалася ў канцы мерапрыемства, і гледачы маглі параўнаць яе з папярэднімі. Гэтая своеасаб-

лівая рэжысёрская рэфлексія прымусіла задумацца над тэмай кахання, сэнсам існавання чалавека на сцэне і сутнасцю жыцця наогул. У рабоце сапраўды адчуваецца аўтарскі стыль, яна напоўнена разнастайнымі метафарамі і падтэкстамі. На працягу ўсіх 35 хвілін не можаш адарвацца ад экрана, чакаючы, што будзе далей. А пасля прагляду хочацца аналізаваць убачанае. Быццам пачынаеш дыялог з галоўнай гераіняй, спрабуеш знайсці адказы на многія пытанні ў паэзіі Пушкіна і кампазіцыі Клода Дэбюсі «Луннае святло», якія ўпрыгожваюць фільм. 

«„Элегія“ — паэтычнае кіно, у якім мы размаўляем з гледачом на мове прыгажосці. Гэтая гісторыя пра тое, якое важнае пытанне можна задаць сабе ў крызісны момант, каб пачаць выбудоўваць сваё жыццё на вельмі трывалым падмурку. На прыкладзе галоўнай гераіні, студэнткі-актрысы, паказана ўсё тое, што сёння можа хваляваць чалавека. Мы спецыяльна выбралі паэтычны жанр і назву „Элегія“, каб гэты фільм крануў сэрца кожнага гледача. Але не дзеля смутку, а дзеля выхаду да святла», — расказаў Элан Лыскоў.

Варта адзначыць, што гледачы ўспрымалі работы маладых рэжысёраў вельмі цёпла. Хочацца спадзявацца, што ў будучыні мы яшчэ пачуем іх імёны. Ва ўсякім разе, патэнцыял некаторых відавочны. Аднак галоўнае, што менавіта паказ фільмаў на вялікім экране дапамагае маладым паверыць у свае сілы.

Ірына ПРЫМАК

Фота аўтара і з тэлеграм-канала Міністэрства культуры

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю