Top.Mail.Ru

У Мінску з 12 па 16 сакавіка праходзіла міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Аўтар: Ірына Прымак
14.03.2025 | 07:00

На гэтым тыдні ў беларускай сталіцы праходзіць XXXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Гэта сапраўднае свята для аматараў чытання, усіх, хто стварае кнігі і працуе для развіцця літаратуры як у Беларусі, так і за яе межамі. Маштаб сёлетняй выстаўкі пацвярджае вялікая колькасць экспанентаў — звыш 500 больш як з 20 краін свету (упершыню ў Мінску на высокім узроўні прадстаўлена літаратура ААЭ). Пачэснае месца на кніжным форуме адведзена дзяржавам — удзельніцам ЕАЭС. І гэта вельмі сімвалічна: Беларусь сёлета старшынствуе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, таму цэнтральны стэнд — менавіта інтэрактыўная калектыўная экспазіцыя краін — удзельніц ЕАЭС. Ёсць яшчэ адна сімвалічная дэталь, якая аб’ядноўвае літаратуру розных краін: чырвонай ніткай у тэматыцы сёлетняй кніжнай выстаўкі праходзіць такая значная падзея, як 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 




Добрая традыцыя выстаўкі — міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». У гэтым годзе галоўная тэма дыскусіі — «Культура і інфармацыя як кірункі развіцця гуманітарнай прасторы». Яна абрана невыпадкова, бо, як падкрэсліў падчас адкрыцця кніжнага форуму міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў, свет сапраўдных кніг заўсёды звязаны з барацьбой за захаванне гуманістычных асноў, гістарычнай праўды, згоды і справядлівасці на планеце. На яго думку, менавіта згода і справядлівасць — тыя дзве вялікія каштоўнасці Беларусі, дзякуючы якім і ствараецца мірная будучыня краіны.

Падчас урачыстага адкрыцця ХХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў падзяліўся сваім меркаваннем наконт ролі кнігі сёння, калі існуе такая праблема, як перапісванне гісторыі: «Кніга сёння — надзейны канал камунікацыі паміж пакаленнямі і эпохамі. Яна нясе веды, культуру, вобразы мінулых пакаленняў і эпох. У адрозненне ад новых каналаў атрымання інфармацыі, кнігу немагчыма запэцкаць альбо выправіць. Яна не пераходзіць у кэш, архівы і таму не знікае бясследна. Кніга ўжо надрукавана, яе можна патрымаць у руках і знайсці на бібліятэчных паліцах. Калі нам патрэбна дакладная якасная інфармацыя, мы звяртаемся да кнігі, ідзём у бібліятэку, каб паглядзець, як гэта было насамрэч». Уладзімір Пярцоў падкрэсліў той факт, што ў Беларусі будуць працягваць падтрымліваць кнігавыданне, якому асабіста ўдзяляе ўвагу Прэзідэнт. У першую чаргу гэта тыя кнігі, якія належаць да сацыяльна значнай літаратуры, трапляюць у навучальныя ўстановы і бібліятэкі. «Размова не пра камерцыйную літаратуру, а тую, якая складае скарбніцу беларускай і савецкай культуры, на чым можна сфарміраваць чалавека як сапраўдную асобу. Мы гэтаму ўдзяляем такую вялікую ўвагу, бо разумеем, што гэта таксама вельмі важны фактар пры фарміраванні светапогляду і светаадчування», — заўважыў Уладзімір Пярцоў. Ён таксама прызнаўся, наколькі яму прыемна назіраць за тым, як наведвальнікі выстаўкі штогод цягнуцца да кнігі, асабліва маладыя людзі. Уладзімір Пярцоў выказаў думку, што моладзь хутчэй за ўсё ўжо перанасыцілася забаўляльнымі кнігамі, лёгкім кантэнтам са сваіх сацыяльных сетак, таму назіраецца менавіта такая тэндэнцыя: не толькі ў рамках адукацыйнай праграмы маладыя людзі цягнуцца да ведаў з кніг.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў назваў Мінскую міжнародную выстаўку-кірмаш адной з самых яркіх падзей у духоўным жыцці жыхароў нашай краіны, бо яна аб’ядноўвае літаратараў, кнігавыдаўцоў і аматараў прыгожага пісьменства з самых розных краін свету. Ён перакананы, што беларускі кніжны форум, як і раней, будзе садзейнічаць папулярызацыі чытання якаснай кнігі, умацаванню супрацоўніцтва паміж пісьменнікамі і выдаўцамі дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у ім, а таксама спрыяць узаемаразуменню паміж нашымі народамі. 


«Міжнародная выстаўка стала сапраўды вядомай у сусветнай кніжнай супольнасці. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца ўдзел у ёй гасцей з больш як двух дзясяткаў краін. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі на выстаўцы шырока прадстаўлены кнігі, што раскрываюць подзвіг народа, які адстаяў сваю свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кніжныя праекты беларускіх выдаўцоў дакладна паказваюць міралюбнасць Беларусі і наша імкненне да добрасуседства і супрацоўніцтва з усімі краінамі свету», — падкрэсліў Марат Маркаў. 

Пра ролю кнігі разважаў падчас адкрыцця выстаўкі і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. Паводле яго слоў, кніга, граматная, аздобленая прыгожым афармленнем, цікавая сучаснаму чытачу, працягвае заставацца крыніцай ведаў, гарманічнага і прыгожага жыцця. Ён пажадаў усім наведвальнікам выстаўкі новых адкрыццяў, усяго таго важнага і патрэбнага, што і дае якасная кніга: «Дзякуючы такой падзеі, як Мінская міжнародная кніжная выстаўка-ярмарка, у нас ёсць выдатная магчымасць пазнаёміцца з кнігамі больш чым 20 дзяржаў. Спадзяюся, усе аматары прыгожага пісьменства атрымаюць асалоду ад добрага чытання і новых літаратурных знаходак».

Знакава, што ў цырымоніі адкрыцця выстаўкі ўзяў удзел і старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Уладзімір Мядзінскі.



Ён падкрэсліў, што такія мерапрыемствы, як мінская кніжная выстаўка, — заўсёды добрая магчымасць даведацца пра навінкі кнігавыдання, сустрэцца сябрам, сустрэцца чытачам са сваімі любімымі кнігамі, аўтарамі, сустрэцца пісьменнікам з калегамі з іншых краін, сустрэцца выдаўцам. «Дзякуючы Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы ў будучыні з’явяцца новыя цікавыя ідэі, новыя кнігі, нейкія важныя праекты. Але самае галоўнае — з’яднаць нашы кніжныя рынкі, бо немагчыма замкнуць нашу літаратуру толькі ў рамках адной краіны, напрыклад, Расіі, — перакананы Уладзімір Мядзінскі. — Мы павінны шукаць нашых чытачоў ва ўсім свеце, таму з ахвотай буду размаўляць са сваімі беларускімі, і не толькі, калегамі». 

І такая магчымасць была. У дзень адкрыцця выстаўкі адбылася сустрэча са старшынёй Саюза пісьменнікаў Расіі, дзе кожны мог задаць пытанні, падзяліцца думкамі, выказаць прапановы.

Кніжны форум працягнецца да 16 сакавіка, таму кожны прыхільнік літаратуры яшчэ можа наведаць яго. Нагадаем, што актыўны ўдзел у Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы прымае і Выдавецкі дом «Звязда», на стэндзе якога адбываецца шмат цікавых прэзентацый і сустрэч з аўтарамі, сярод якіх Людміла Гладкая, Алеся Кузняцова, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Ірына Карнаухава, Людміла Кебіч, Таццяна Сучкова і многія іншыя. 

Ірына ПРЫМАК

Фота Кастуся ДРОБАВА і БелТА








arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю