Top.Mail.Ru

У серыі «Пераходны ўзрост» выйшла кніга Людмілы Маркоўскай «Знайсці Алісу»

10.02.2026 | 13:51
«Літаратурныя вітаміны» для падлеткаў

Серыя кніг ад Выдавецкага дома «Звязда», заснаваная ў 2007 годзе, уяўляе сабой зборнікі твораў розных аўтараў, аб’яднаныя агульнай тэмай: складанасцей сталення падлетка — пошуку сябе, адносін са светам і бацькамі. У серыі на сённяшні дзень можна знайсці творы на любы густ: некаторыя з іх закранаюць сур’ёзныя праблемы, спрабуюць вырашаць глабальныя пытанні, у той час як іншыя выконваюць хутчэй больш забаўляльную функцыю.

У гэтым узросце фарміруецца светапогляд. Кнігі дапамагаюць знайсці адказы на пытанні пра сэнс жыцця, самапазнанне і маральныя каштоўнасці, сяброўства, каханне, а іх героі — усвядоміць уласныя мэты, разабрацца ў сваіх эмоцыях. Такія творы — гэта і своеасаблівая псіхалагічная падтрымка, «літаратурныя вітаміны», бо іх чытанне зніжае ўзровень стрэсу і трывожнасці. Для многіх гэта спосаб «эскапізму» — магчымасць абстрагавацца ад паўсядзённых праблем і знайсці суцяшэнне ў гісторыях персанажаў з падобнымі цяжкасцямі. 

Дэтэктыўная аповесць члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Маркоўскай «Знайсці Алісу» — дваццатая кніга ў серыі. Гэта дынамічны прыгодніцкі квэст, у цэнтры сюжэта якога кемлівыя падлеткі, якія аказваюцца больш уважлівымі за дарослых. 

Галоўныя героі — поўныя супрацьлегласці, якія ідэальна дапаўняюць адзін аднаго. Цімафей — невысокі, худы, светлавалосы хлопчык у акулярах — «чалавек-алгарытм», які бачыць свет праз камп’ютарны код, умее ўзломліваць серверы і знаходзіць любую інфармацыю ў сеціве за секунды. Бацька-айцішнік з малых гадоў навучаў яго ўсяму, што ведаў сам, і распавёў пра вялікія магчымасці і небяспеку камп’ютарнага свету: 

«…Тое, што раней хавалася ў куфрах пад велічэзнымі замкамі, цяпер можна сцягнуць не выходзячы з дома». Сябар Цімы Платон — высокі, спартыўнага целаскладу хлопец з цёмнымі валасамі — аматар хіміі. У адрозненне ад свайго сябра, які любіць вырашаць усе задачы імгненна, Платон паважны, нетаропкі, разважлівы. Гэта выдатная гісторыя пра тое, як розныя таленты могуць працаваць разам.

Сябры — фанаты Артура Конан Дойла, яго героя Шэрлака Холмса. Выкарыстоўваючы логіку і метаддэдукцыі, хлопцы нібыта «бачаць тое, што і ўсе, але заўважаюць

больш». Кніга прымушае не проста сачыць за сюжэтам, а думаць разам з персанажамі. Такі інтэлектуальны азарт падабаецца падлеткам, стварае прыемнае адчуванне «гульні для знаўцаў», але пры гэтым сюжэт застаецца зразумелым і тым, хто не чытаў ніводнага радка Дойла. Вучоба і ўважлівасць ператвараюцца ў супермоц. У дадатак старыя метады Холмса адаптуюцца пад сучасныя гаджэты. Юныя «дэтэктывы» выкарыстоўваюць метададзеныя фота і гісторыю геалакацый гэтак жа віртуозна, як арыгінал выкарыстоўваў лупу.

Сюжэт закручваецца, калі на вуліцы сябры выпадкова становяцца сведкамі выкрадання незнаёмай дзяўчыны. Усё, што яны ведаюць, гэта магчымае яе імя — Аліса (такі надпіс быў на нотнай папцы ў руках дзяўчынкі) і марку аўтамабіля, на якім злачынцы звезлі яе ў невядомым напрамку. Героі вырашаюць разабрацца і самастойна знайсці дзяўчыну і пачынаюць сваё расследаванне… Тэхнічныя прыстасаванні, аналіз відэазапісаў, таемная сачэнне праз камеры — усё гэта робіць класічны дэтэктыўны сюжэт актуальным для сучаснага пакалення. Прысутнічае драйв, бо стаўкі высокія: выкраданне чалавека — гэта не проста крадзёж тэлефона. Пачуццё небяспекі рэальнае, бо сябрам прыходзіцца рызыкаваць, прабіраючыся ў логава злачынцаў. 

Сюжэт, усё ж, падаецца крыху нерэалістычным і хутчэй нагадваеэпізод лёгкага прыгодніцкага серыяла, у якім, аднак, ёсць усё: знаёмая абстаноўка (дом героя, школа, кафэ), тыповыя канфлікты з аднакласнікамі, цікавыя знаёмствы, новае сяброўства, экскурс у сапраўдныя гістарычныя падзеі, своечасовая дапамога дарослых і абавязковая перамога справядлівасці ў фінале. Канцоўка, дарэчы, намякае на тое, што магчыма з’яўленне наступнага эпізоду пра «дэтэктыўнае пошукавае агенцтва», якое ўтварылася падчас прыгод сяброў. 

Ідэальнае чытанне для тых, каму ў школе сумна, а розум здаецца «непрыкаянным». Як толькі раскрыта адна загадка, хочацца адразу прачытаць наступны твор, каб зноў сустрэцца з героямі. Гэта лепшы спосаб прывучыць да рэгулярнага чытання нават тых, хто не любіць кнігі.

Кацярына МАЛЕЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю