Top.Mail.Ru

«У той грозны час...»

11.07.2025 | 11:27

Усё далей у гісторыю адыходзіць 3 ліпеня 1944 года. Гартаючы архіўныя падшыўкі часопіса «Алеся», бачыш, як мінаюць дзесяцігоддзі, радзеюць шэрагі тых, хто каваў Перамогу. Нашым папярэднікам — журналістам «Работніцы і сялянкі», а пазней «Алесі» — выпала ўнікальная магчымасць: сустракацца, размаўляць з легендарнымі жанчынамі-патрыёткамі, чые імёны ведала ўся краіна. Разам з імі адзначаць юбілеі вызвалення Беларусі ад фашызму. Карпатліва збіраць факты пра тых, хто не вярнуўся з вайны. 


Узгадваем, аб чым пісаў часопіс у гады юбілеяў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

1949 год 

Усяго 4 гады прайшло пасля пераможнага мая 1945-га, а творчыя людзі краіны ўжо прапануюць мастацкае асэнсаванне тых грандыёзных падзей. 

 У № 5, 6 і 7 «Работніцы і сялянкі» публікуецца аповесць Ларысы Усціменка «Мы будзем жыць!». Твор напісаны ў форме дзённіка маладой доктаркі Зоі, якая ў 1941 годзе прыехала на працу ў адну з вясковых бальніц Брэсцкай вобласці. Калі немцы занялі вёску, яна з рызыкай для жыцця ратавала параненых чырвонаармейцаў. 

1954 год 

У № 7 рэдактар часопіса Аляксандра Ус у артыкуле «Квітней, Беларусь!» расказвае кранальны эпізод: на вуліцы Мінска яна разгаварылася з жанчынай. Тая, гледзячы з гордасцю на сына-школьніка, падзялілася, як ў чэрвені 1941 года нарадзіла яго на ўзбочыне Магілёўскай шашы. «У той грозны час не марыла, што выгадуе малога». 
Аўтар апісвае Мінск, які будуецца, расце і прыгажэе з кожным годам. Мінула дзесяць год з дня вызвалення Беларусі, а на месцы пустыроў, што засталіся пасля вайны, выраслі новыя дамы, высаджаны сотні дрэў. У часопісе размешчана фота руін вуліцы Савецкай — і фота адбудаванага Мінска. 

1964 год 

Screenshot_376.jpg


Да 20-годдзя вызвалення Беларусі «Работніца і сялянка» (№ 5) публікуе ўспаміны Героя Савецкага Саюза Надзеі Паповай, былога камандзіра эскадрыллі знакамітага 46-га гвардзейскага Таманскага начнога бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. Яна расказвае пра сябровак-лётчыц, з кім давялося ваяваць «крыло аб крыло», пра начныя баявыя вылеты (у канцы вайны кожная з дзяўчат мела іх па 800-900). Пра перамогі і страты. «Адбамбіўшыся, з прабоінамі на крыллях самалётаў мы вярнуліся на сваю базу... Але дарэмна мы чакалі Любу Альхоўскую і Веру Тарасаву... З аэрадрома мы бачылі, як трапіў іх самалёт у шчупальцы варожых пражэктараў, як біўся ён, быццам падстрэленая птушка... як ахоплены полымем рухнуў на зямлю...» Пры вызваленні Беларусі «здорава дасталася ад нас фрыцам, акружаным у мінскім катле», піша Надзея Папова. Пасля Беларусі была Варшава, затым Германія. «Перамогу мы святкавалі ў Берліне». 

 У № 6 часопіса — здымак 1943 года «Бой у палескіх балотах», зроблены ў Лунінецкім раёне. На фота партызанка перавязвае параненага байца. «Сярод герояў вайны тысячы, дзясяткі тысяч жанчын Беларусі», — адзначаецца ў перадавым артыкуле. Гаворыцца пра тое, як пасля выгнання ворага суайчынніцы саджалі хлеб, самі ўпрагаліся ў плугі і бароны.

Screenshot_379.jpg

З 20-годдзем вызвалення Беларусі чытачак віншуюць легендарныя Зінаіда Тусналобава-Марчанка, Марыя Осіпава, Надзея Траян, Алена Мазанік і іншыя гераіні Вялікай Айчыннай. «Для нашых дзяцей і ўнукаў гэтыя дні сталі ўжо далёкай гісторыяй, — адзначае вядомая падпольшчыца Аляксандра Федасюк. — Але мы, усе, хто прайшоў праз вайну, ніколі не забудзем і пастараемся перадаць будучым пакаленням усю веліч і гераізм народа, што паўстаў на барацьбу з ворагам». 

1969 год

Screenshot_377.jpg


У матэрыяле «Святыя рэліквіі» (№ 6) часопіс расказвае пра стварэнне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пачаткам яго з’явілася выстаўка, арганізаваная ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве яшчэ ў 1943-м. У стварэнні экспазіцыі прынялі ўдзел воіны Савецкай Арміі і партызаны. А 16 ліпеня 1944 года ў вызваленым Мінску адбыўся парад партызан, пасля чаго шмат рэліквій з атрадаў папоўнілі музейны збор. Восенню 1944-га ў адным з уцалелых будынкаў сталіцы на плошчы Свабоды былі адкрыты дзве выстаўкі, прысвечаныя ўзбраенню беларускіх партызан і падпольнаму друку ў гады вайны. Ад гэтай даты і вядзе адлік гісторыя музея. «Работніца і сялянка» запрашае чытачоў яго наведаць. 

5 ліпеня 1969 года, да 25-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў, быў урачыста адкрыты мемарыял «Курган Славы», фота якога — на вокладцы жнівеньскага нумара. У той жа дзень быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь». Пра ўрачыстыя падзеі часопіс расказвае так: «Больш чатырох мільёнаў чалавек пабывала ў Брэсцкай крэпасці-героі. Даніну павагі героям абароны аддалі прадстаўнікі 96 краін свету... Адбылася закладка ў урны мемарыяльнага комплекса „Хатынь“ зямлі з 136 беларускіх вёсак, поўнасцю знішчаных фашысцкімі акупантамі і не адроджаных пасля вайны». 

Сімвалічна, што ў гэтым жа нумары размешчаны «Зварот да жанчын свету» з заклікам да міру, прыняты на Сусветным кангрэсе жанчын у Хельсінкі. 

1974 год

Screenshot_378.jpg


У дні 30-годдзя вызвалення Беларусі былая партызанка, сястра Героя Савецкага Саюза Марата Казея Арыядна Казей успамінае суайчынніц, якія змагаліся з нацыстамі. Адна з іх — Ганна Казей, якая хавала і лячыла параненых партызан, распаўсюджвала лістоўкі, за што была павешана акупантамі ў Мінску. А яе дзеці Арыядна і Марат сышлі ў партызанскі атрад. На 15-м годзе жыцця Марат загінуў смерцю героя. Яго сястра падчас варожай аблавы адмарозіла ногі, іх ампутавалі ў палявых умовах. Пазней самалётам дзяўчыну пераправілі ў шпіталь. Стаўшы інвалідам, Арыядна Казей заставалася актыўнай, пасля вайны жыла ў Мінску, працавала настаўніцай. У № 6 «Работніцы і сялянкі» яна ўспамінае: «І дарослыя, і „маленькія“ жанчыны ў адным магутным страі савецкага народа кавалі святую і светлую Перамогу». 

1974 год

Фота Т.Барамзіна_1974 (1).jpg


 У № 6 «Работніцы і сялянкі» чытаем пра Таццяну Барамзіну — дзяўчыну з Урала, якая загінула пры вызваленні Беларусі («Подзвіг на світанні»). Яна была выдатным снайперам, затым тэлефаністкай. У ліпені 1944-га каля вёскі Пекалін батальён Барамзіной сустрэўся з дзвюма стралковымі дывізіямі праціўніка і прыняў бой. Таня перавязвала і перацягвала ў бліндаж параненых. Калі паступіла каманда адыходзіць у лес, не паслухалася загаду і засталася з параненымі. Сустрэла гітлераўцаў кулямётным агнём. Перш чым бліндаж закідалі гранатамі, яна знішчыла 20 ворагаў. Фашысты катавалі параненую дзяўчыну, а потым забілі.

Пісьменнік Пятро Рунец сабраў матэрыял пра беларускую піянерку-партызанку Рыму Кунько. Дзяўчынка (калі пачалася вайна, ёй ішоў 15-ты год) смела хадзіла ў разведку, узарвала 8 варожых эшалонаў. «Дзе крыніца той мужнасці і бясстрашнасці, якая падняла яе на бой з адступаючым ворагам? Ужо наперадзе свяцілася Перамога, Асіповічы былі свабодныя, і партызаны вялі свой апошні бой. Апошнім ён стаў і для Рымы...» — апісвае Пятро Рунец подзвіг юнай патрыёткі, якая загінула падчас атакі. 

1979 год

Галоўны рэдактар часопіса Марыя Карпенка выступае ў № 7 з артыкулам «Трыццаць пяць». Столькі год мінула з таго дня, як прыйшло на нашу зямлю вызваленне ад гітлераўцаў. Аўтар успамінае подзвігі партызан і падпольшчыкаў, сярод якіх былі дзясяткі тысяч жанчын. Так, маці і дачка Карпінскія з Магілёва з першых дзён вайны збіралі медыкаменты і зброю для партызан, друкавалі і распаўсюджвалі лістоўкі. Былі схоплены і загінулі ў фашысцкіх засценках. «Ёсць глыбокі сэнс у тым, што мы выхоўваем сваіх дзяцей на выдатных традыцыях старэйшых пакаленняў, што ветэраны вайны вучаць унукаў памяццю, сваімі турботамі пра мір, справядлівасць...» — разважанні Марыі Карпенка актуальны і сёння. 

 У гэтым жа нумары публікуецца ўрывак з рамана Івана Кудраўцава «Разгневаная зямля» пра Мінскае падполле. У цэнтры твора — савецкія патрыёты, у тым ліку мінчанка Аляксандра Пятроўна, на кватэры якой жыла і працавала радыстка Раіса Абакумоўская. 

1984 год
Фота да круглага стала 2_з нумара 1984 (1).jpg

У ліпеньскім нумары часопіс расказвае пра антываенную маніфестацыю 100 тысяч мінчанак. Яны прайшлі па вуліцах сталіцы Беларусі, а затым адбыўся мітынг, які адкрыла галоўны рэдактар «Работніцы і сялянкі», член прэзідыума Камітэта савецкіх жанчын Марыя Карпенка. Сваё слова ў абарону міру сказалі ўдзельніцы акцыі — былая сувязная партызанскай брыгады, міністр, рабочая, паэтэса... 

Да 40-годдзя вызвалення Беларусі рэдакцыя правяла круглы стол, у якім прынялі ўдзел Герой Савецкага Саюза Алена Мазанік, былая партызанская разведчыца Таццяна Плавінская, лётчык-інструктар 105-га гвардзейскага асобнага авіяпалка Марыя Клусон і іншыя гераіні тых вогненных гадоў. Франтавы хірург Валянціна Бабінцава ўспамінала: «Санітары прывялі параненага, у левым плячы якога засела міна і... не разарвалася. У аперацыйнай я адна засталася з параненым... Праз некаторы час перадала міну — яна, на шчасце, не разарвалася — падаспеўшым сапёрам». 

1994 год

«Мінула пяцьдзясят гадоў з таго памятнага дня 3 ліпеня 1944 года, калі быў вызвалены Мінск, і гэтая дата стала гістарычнай на нашым беларускім шляху, — адзначае рэдакцыя ў артыкуле „Векапомныя дні“ (№ 7 часопіса). — Выраслі і нават пачалі старыцца цэлыя пакаленні людзей, якія не бачылі вайны. Але нават і іхняе жыццё аказалася падзеленым на „да вайны“ і „пасля вайны“». У нумары публікуецца падборка фотаздымкаў ваеннага часу, зробленых на тэрыторыі нашай рэспублікі. Дзеці за калючым дротам, шыбеніцы ў Мінску — гэта фашысцкі «новы парадак». Фота 1944 года: партызаны выходзяць з лесу насустрач вызваліцелям — часцям Чырвонай арміі. 

1999 год

У № 7 часопіс (з 1995 года ён носіць назву «Алеся») бярэ інтэрв’ю ў Івана Новікава — пісьменніка-дакументаліста, аўтара шматлікіх кніг, у тым ліку «Вера Харужая», «Руіны страляюць ва ўпор», «Да світання блізка». Іван Новікаў шмат зрабіў для таго, каб уся краіна даведалася пра подзвігі герояў Мінскага падполля. У інтэрв’ю пісьменнік агучвае факты, з якіх вынікае: у СССР на афіцыйным узроўні прызнанне героікі Мінскага падполля адбылося не адразу. Аднак усе перашкоды былі пераадолены дзякуючы тым, хто стаяў за гістарычную праўду. 

2004 год

Да 60-годдзя вызвалення Беларусі «Алеся» распавядае пра суайчынніц, якія з малымі дзецьмі на руках мужна перанеслі вайну і пасляваенныя цяжкасці («Мамы ваеннага часу»). Адна з іх — Ганна Пашкоўская. Муж пайшоў на фронт, яна засталася з двума малечамі. Прайшоўшы праз усе выпрабаванні, сустрэла ў Мінску Дзень Вызвалення. «Колькі лілося радасных слёз, колькі народу высыпала на вуліцы, каб раздзяліць з іншымі гэту шчаслівую навіну!» Атрымаўшы пахавальную на мужа, Ганна не хацела верыць гэтаму. «Яна, як тады рабілі многія, часта хадзіла да свайго былога жытла і вешала ў арцы пісулю: „Грыша, мы жывыя, шукай нас па адрасу...“

2014 год

У № 6 „Алесі“ публікуецца артыкул доктара гістарычных навук, прафесара Эмануіла Іофе „Яма“ — мемарыял ахвярам Мінскага гета». Па сведчанні навукоўца, на тэрыторыі Беларусі было створана больш за 250 гета — месцаў для ізаляцыі яўрэяў, фактычна — лагераў смерці. Мінскае гета — адно з самых буйных ва Усходняй Еўропе. Пасля прыбыцця яўрэяў замежжа тут знаходзілася больш за 100 тысяч вязняў. Рэальнасць іх існавання — жорсткі тэрор, катаванні, пагромы і расстрэлы. Эмануіл Іофе распавядае пра жахлівую трагедыю — масавае забойства яўрэяў у гета 2 сакавіка 1942 года. Каты не пашкадавалі нават дзяцей. З нагоды прыезду ў Мінск фашысцкага вылюдка — кіраўніка-рэферэнта аддзела IV В-4 гестапа па яўрэйскіх пытаннях РСХА оберштурмбанфюрэра СС Адольфа Эйхмана мясцовыя акупацыйныя ўлады арганізавалі для яго «паказальную акцыю». У прысутнасці Эйхмана і генеральнага камісара генеральнай акругі «Беларусь» Вільгельма Кубэ жорстка знішчылі дзяцей, а таксама работнікаў дзіцячага дома гета. 
Мы помнім! Старэйшыя пакаленні сыходзяць. І цяпер наш святы абавязак — перадаць гэтую памяць тым, хто ідзе следам. 

Алена Брава
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю