Інтэрв’ю пад назвай «Служыць дзецям — вялікае шчасце...» было надрукавана ў нумары за 5 студзеня 1973 года. Знаёмства працягвалася і праз новыя кнігі Васіля Віткі, асобныя з якіх я рэцэнзаваў. А адну — «Мы будуем метро» — ён нават падпісаў майму пляменніку Алёшу. Сястра Тамара неяк з ім зайшла ў «ЛіМ». Сядзім, размаўляем. Раптам дзверы адчыняюцца, а на парозе Цімох Васільевіч. Пагаварыць было пра што. Вёска Селішча — малая радзіма майго бацькі, знаходзіцца непадалёку ад яго Еўліч. Толькі па другі бок шашы. Колішняга кацярынінскага шляху ці як яшчэ называюць яе — Варшаўкі. А ў маім стале якраз ляжала новая кніга для дзяцей Васіля Віткі.
І вось чарговая сустрэча з ім. Завочная, што адбылася дзякуючы «Чытанцы-маляванцы». У аснову яе пакладзена аналагічнае выданне з падзагалоўкам: «Ладачкі-ладкі, лічылкі, загадкі, байкі, самагудкі, жарты, перакруткі, казкі, пацешкі, вясёлыя ўсмешкі», якое выходзіла ў выдавецтве «Юнацтва» ў 1998 годзе. Ад першапачатковай «Чытанкі-маляванкі» яна адрозніваецца тым, што дапоўнена творамі са зборніка «Ладачкі-ладкі», у які ўвайшлі апрацаваныя Васілём Віткам народныя калыханкі, пацешкі, лічылкі, каламбуры. Было прадоўжана тое, што ўспрыняў для сябе важнай задачай на пачатку: «Мне больш за ўсё хацелася паказаць дзіцяці багацце і музыку народнага слова. У калыханках, у гульнях-пацешках, лічылках, загадках, у каламбуры скорагаворак я шукаў той наіўнай веры ў цудадзейнасць слова, якая ўласціва маленству. Як ніхто, дзіця ўпэўнена, што, ведаючы таямніцы слова, можна стаць усемагутным уладаром».
Ужо дастаткова названых жанраў, каб упэўніцца, наколькі пісьменнік, з’яўляючыся паэтам у душы, па прызванні, не задавальняўся тым, што ўжо ёсць, а прыдумваў усё новыя жанры. Іначай не мог, бо, як дакладна сказаў пра яго Міхась Лынькоў, «з’яўляўся шукальнікам роднага слова». Гэтае «запаветнае слова» і з’явілася пры напісанні «Чытанкі-маляванкі». Яго цяпер адчуюць тыя, хто некалі знаёміўся з першым выданнем, сёння ўжо бабулі і дзядулі. «Сваімі» іх успрыме і шмат хто з тых, хто мае дзяцей. Вядома, што Васіль Вітка не толькі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне літаратуры.
У 1978 годзе ён быў удастоены Ганаровага дыплома Міжнароднай прэміі імя Ганса Крысціяна Андэрсена з занясеннем прозвішча ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.
Асноўнымі чытачамі цяперашняй «Чытанкі-маляванкі» будуць сённяшнія школьнікі. Ва ўсякім разе павінны быць. І гэта ў многім залежыць ад дарослых: настаўнікаў, выхавацеляў, бацькоў. Яны павінны прывіць дзецям любоў да беларускага слова, паэзіі.
А гэта не так і складана, калі перад табой такая высокамастацкая літаратура — казкі дзеда Васіля. Вершам «Казкі дзеда Васіля», у якім адчувальныя фальклорныя матывы, кніга і адкрываецца. Апавядальнік паўстае тым добрым чараўніком, ад якога можна чакаць шмат чаго нязведанага:
Жыў на свеце дзед Васіль,
За плячыма мех насіў.
Дазналіся мышкі,
Што ў мяшэчку кніжкі.
Разгарнулі завязкі,
Бачаць ажно ж — казкі.
Убачылі, што ў мяху тым, узрадаваліся: «Сталі клікаць дзяцей: // — Гэй, сюды ўсе хутчэй!» Запрасілі: «Прыходзьце, малышы, // Кожнаму пацешка ёсць! // Дзед Васіль, а ты пішы // І яшчэ нам прынось». Змешчаны дзясяткі гэтых рознажанравых «пацешак».
І якую ні возьмеш, напісана так, што дзецям цікавая з-за таго, што паэт добра ведае родную мову. Ён знаходзіць такія словы, якія дазваляюць і дзецям ўспрыняць адметнасць яе. Яшчэ важны элемент у творах Васіля Віткі — здатнасць ствараць сітуацыі, пры якіх хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца нібы саўдзельнікамі таго, што адбываецца. У некаторых творах ёсць і тое, што не можа не заінтрыгаваць. Як у казцы «ППШ». Загадкавы ўжо загаловак твора. А паэт жа ўсяго-наўсяго выкарыстаў абрэвіятуру, якая расшыфроўваецца як «Птушыная пачатковая школа». Навучанне ў ёй вядзецца, як у любой школе, хоць методыка тут свая, птушыная. А наконт вучняў... Дык яны таксама ж дзеці. І старанныя ёсць, і гультаі сустракаюцца.
У кнізе няма самай вядомай казкі Цімоха Васільевіча «Вавёрчына гора» — першай з гэтага жанру, у якім ён так паспяхова працаваў. Затое змешчана «Азбука Васі Вясёлкіна». Магчыма, не ўсе ведаюць, хто гэты герой. А з’явіўся ён на старонках часопіса «Вясёлка», які пачаў выходзіць у 1957 годзе, і стаў любімым персанажам беларускіх дзяцей. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы галоўнаму рэдактару. Дарэчы, да гэтага Цімох Васільевіч такую пасаду займаў у «ЛіМе». Як матэрыялы «Вясёлкі» таго часу, так і ўсё, што напісана ім для дзяцей, прасякнута чуласцю і дабрынёй. Пажадана, каб сучасныя аўтары, якія пішуць для хлопчыкаў і дзяўчынак, бачылі ў асобе Васіля Віткі таго творчага настаўніка, у якога не лішне павучыцца. Пераемнасць традыцый у літаратуры, як у любой справе, таксама значная і важная. Асабліва, калі ёсць з каго браць прыклад.
Алесь МАРЦІНОВІЧ