Аляксея Дударава не стала ў 2023 годзе. Родныя, сябры і калегі, тэатральныя і грамадскія дзеячы, прыхільнікі яго таленту, якія прыйшлі на спектакль і выказаліся наконт асобы творцы, падзяліліся ўспамінамі, здаецца, чарговы раз здзівіліся хуткаплыннасці часу і ўсвядомілі: страты непазбежныя, аднак творца працягвае жыць — у сваёй спадчыне.
Гэтым вечарам дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук, генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў нагадаў прысутным, як ствараўся Драматычны тэатр Беларускай арміі. Гаворка ідзе пра перыяд, калі Леанід Сямёнавіч з’яўляўся міністрам абароны Беларусі і шукаў чалавека, які б узяўся за справу стварэння тэатра.
— Аляксея Ануфрыевіча я ведаў, безумоўна, як аўтара «Белых рос» і «Радавых», аднак асабіста з ім знаёмы не быў, — расказаў Леанід Мальцаў. — Але падумаў: хто зробіць гэта лепей за яго? Трэба аддаць належнае — ён быў сапраўдным патрыётам Беларусі. І калі я прапанаваў яму арганізаваць тэатр, ён пагадзіўся, хоць і сказаў, што гэта практычна немагчыма.
Я адказаў: «Тым больш цікава, калі немагчыма!» І з самага пачатку мы дамовіліся, што гэта будзе тэатр моцных патрыятычных пачуццяў. Так, праца была паралельная. Першыя спектаклі ішлі на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў, потым з’явілася свая зала. З хваляваннем Леанід Сямёнавіч успамінае і першыя спектаклі тэатра паводле твораў Аляксея Дударава «Не пакідай мяне...» і «Ты памятаеш, Алёша...».
«Кветкі нашай жалобы завянуць, абсохнуць ахвярынкі слёз, // Але з каменем гэтым, крыжом, ужо перасёкся наш лёс. // Ён стаіць амбасадарам вечнасці, вечны вартуючы сон. // Аляксеем завецца ён» — гэтыя радкі мастака і паэта Рыгора Сітніцы з верша-прысвячэння драматургу «Крыж».
— Многае магу расказаць пра чалавека, з якім мне выпала шчасце пасябраваць, — адзначыў Рыгор Сямёнавіч. — Блізка сышліся мы тады, калі я быў у кіраўніцтве Беларускага саюза мастакоў, а ён узначальваў Беларускі саюз тэатральных дзеячаў. Мы часта сустракаліся ў розных журы, камісіях, саветах — і заўсёды былі аднадумцамі. Калі выйшла дэбютная мая паэтычная кніга, першым патэлефанаваў Аляксей Дудараў. Яго ацэнка для мяне надзвычай каштоўная. Гэта фенаменальная асоба ў нашай нацыянальнай культуры, ды не толькі ў ёй. Быў час, калі спектакль «Радавыя» ішоў ледзь не ў кожным другім савецкім тэатры. Так паказаць тое, пра што там расказваецца, маглі толькі Аляксей Дудараў і Васіль Быкаў. А пасля з’явіліся «Парог», «Вечар», «Чорная панна Нясвіжа» ды іншыя, што вызначаюцца асаблівай псіхалагічнай глыбінёй і пранікненнем у чалавечую сутнасць, у драму і трагедыю.
Перад спектаклем выступіла і ўдава драматурга Валянціна Дударава, якая расказала пра выпадкова знойдзены ў пісьмовым стале пасля сыходу Аляксея Ануфрыевіча тэкст да 40-годдзя Вялікай Перамогі. «Змянілася пакаленне, а вайна ўсё яшчэ працягвае страляць у спіну, — пісаў творца. — Яна страляе ў франтавікоў, наўздагон яна бушуе ў памяці іх дзяцей, якія прыйшлі ў адваяваны свет пасля перамогі. Яна страляе ў іх унукаў». Драматург разважае аб гордасці грамадства за подзвіг савецкага народа, які ўзяў на сябе асноўны цяжар Другой сусветнай, і заўважае, што вельмі мала гаворыцца пра тую высокую цану, якую той заплаціў: «Мы ў даўгу яшчэ перад будаўніком перамогі — салдатам. Колькі б мы ні гаварылі, колькі б ні стваралі яго мужны вобраз, нам ніколі не выплаціць гэты доўг — занадта ўжо многа аддаў гэты салдат у агні мінулай вайны».
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота з архіва БелТА