Top.Mail.Ru

Вера і добрыя справы — паводле Сяргея Клімковіча

Аўтар: Міхаіл Данілковіч
24.09.2025 | 10:53
У пошуках навагодняга настрою

У тыя дні, калі мароз закалыхвае бліскучым неонавым святлом горад, мільёны хлапчукоў і дзяўчынак захоплена чытаюць навагоднія казкі, у якіх схавана ўся мудрасць гэтага добрага і (на здзіўленне) цёплага свята. Шчаслівыя, яны і не ведаюць, што напярэдадні Новага года некаторыя прайдзісветы і нягоднікі так і прагнуць скрасці атмасферу цуду... Але што ж рабіць, калі да светлай даты рукой падаць, а святочны настрой — у палоне ў злых чараўнікоў, якія толькі і думаюць пра тое, як сапсаваць радасную падзею?

І ўсё ж, калі даверыцца Залацінцы-Васілісе з казкі Сяргея Клімковіча, галоўнае — не баяцца і верыць у лепшае. А вера без спраў, як мы памятаем, мёртвая. Вось і Залацінка, звычайная гарадская юная летуценніца, увязалася ў дзіўную авантуру — у самую сапраўдную бітву за Новы год. Скрадзены злоснай феяй Золлю, ён «пакутуе ў лапах грозных чараўнікоў», якія распыляюць па сталічных вуліцах волкасць. Ну і які тут навагодні настрой? Якая, скажыце, тут можа быць атмасфера свята, калі Галоўная Кніга Навагодніх Казак больш не належыць людзям і добрым істотам, якія служаць чалавецтву? Хіба казка не ёсць нешта, з чаго мы ў самыя складаныя, у самыя суровыя часы чэрпаем адданасць дабру і веру ў лепшае? Хіба не гэтаму нас вучаць вялікія казачнікі браты Грым і нават крыху змрочны Эрнст Гофман? Так і тут: гераіня «Залацінкі і феі Золь» Васіліса шчыра верыць, што гуманнасць, уласцівая роду чалавечаму, схавана ў свеце казкі; нават не прачытаўшы да канца гэтую магічную кнігу, яна гатова адправіцца на яе пошукі, каб абараніць дабро і выратаваць атмасферу навагодняга цуду.

Няма сумненняў, што аповесць-казка Сяргея Клімковіча «Залацінка і фея Золь» — гэта перш за ўсё гісторыя пра чалавечнасць, нават дабрачыннасць, якая павінна быць вышэй за ўсе амбіцыі і жаданніасобы, адным словам, гэта аргумент на карысць агульнага дабра. Залацінка ў самым пачатку апавядання ўсё ж адмаўляецца ад свайго фаліянта на карысць жыхароў фей-горада — гэтую кнігу яна, магчыма, і не прачытала бу звыклай абстаноўцы, у якой казачнае — толькі вынік работы ўяўлення (зрэшты, хіба ўяўленне не з’яўляецца галоўным рухавіком увасаблення міфа ў рэальнасць?). 

У яе высакародным выбары — пакуты нас, дарослых, якія часам не жадаюць адмаўляцца ад свайго, нават ад свайго непатрэбнага, лішняга, выключна з уласнай шкоднасці, ганарыстасці, што мучыць нас забароненымі спакусамі. А гэтае непатрэбнае, лішняе патрабуецца камусьці іншаму — нашаму бліжняму!

Але лёс летуценніка ўсё ж даў магчымасць Залацінцы перажыць казку ўжывую. На яе шляху — і казачныя персанажы, якія здзіўляюць не толькі сваёй знешнасцю, але і злавеснымі абставінамі вакол іх, і сучасныя гарадскія статуі, жахлівыя сваёй бяздушнасцю. Узнікае адчуванне, што падобная булгакаўскай «Д’ябаліядзе» частка кнігі (няхай даруе чытач мне гэтае дзёрзкае параўнанне) з’яўляецца чымсьці накшталт погляду фантастычнай істоты на нашы рэаліі прагрэсу, што пажырае тыя зародкі фантазіі, якія, на шчасце, усё яшчэ ўласцівыя сучаснаму чалавеку. 

Але казка ва ўсе часы з’яўлялася, з’яўляецца і будзе з’яўляцца добрым спадарожнікам чалавека. Таму, якімі б жахлівымі ні былі перашкоды, Залацінцы заўсёды ўдасца выбрацца з небяспечнай сітуацыі жывой і цэлай. Бо казка — у нас! Знаходзячыся ў пошуках Галоўнай Кнігі Навагодніх Казак, Васіліса ні на імгненне не сумнявалася, што свет вакол яе не такі ўжо і просты і далёка не заўсёды тлумачыцца наборам рацыянальных довадаў. 

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю